«Можа, мы ўсё зрабілі не так?..» У Вільні прайшоў першы дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»


Вільня. 11:00, пры будынку, дзе пачынаецца канферэнцыя «Новая Беларусь», – чарга. Каб патрапіць унутр, трэба прайсці ахоўны кантроль і дагляд рэчаў: з сабой не пранясеш ежы, напояў і небяспечных прадметаў. Строга правяраюць прозвішчы, спраўджваюць дакументы.

Людзей унутры, на першы погляд, каля двух сотняў, зала запоўненая цалкам, занятыя не толькі ўсе крэслы, але і месцы, дзе можна стаяць, на балконе таксама аншлаг. Палічыць дакладную колькасць удзельнікаў амаль немагчыма.

Што зробленае за два гады?

«Можа, мы ўсё зрабілі не так, як ад нас чакалі?», – такімі словамі пачынаецца канферэнцыя і прэзентацыя зробленага за два гады пасля выбараў. Мабыць, гэтае пытанне так і стане чырвонай ніткай цэлага дня абмеркавання, а імпрэза час ад часу будзе нагадваць гульню ў пін-понг: у бок Офісу Ціханоўскай многія выступоўцы будуць спрабаваць закінуць мячык абвінавачванняў «зрабілі не так, зрабілі мала, дрэнна і ўвогуле не тое». Ціханоўская і прадстаўнікі Офісу будуць спрабаваць адбівацца і тлумачыць.

Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Стварылі альтэрнатыўны падлік галасоў на выбарах, арганізавалі назіральнікаў, мірныя маршы, сталі нарошчваць міжнародную легітымнасць Святланы Ціханоўскай і пазбаўляць легітымнасці Лукашэнку, стварылі дваровыя супольнасці, сталі аднаўляць закрытыя ў Беларусі медыі, расследавалі мноства злачынстваў рэжыму, Святлана Ціханоўская аб’яднала 55 краінаў, што не прызнаюць перамогу Лукашэнкі», – гэта частка дасягненняў, агучаных у прэзентацыі, якая доўжылася пару хвілінаў.

«Перастаньце сварыцца»

«Мы параўноўваем сябе з тымі, хто мусіў перамагчы за два месяцы, і таму нам здаецца, што мы нічога не змаглі за два гады».

Пачала канферэнцыю Святлана Ціханоўская, яна адразу ж прызналася, што хвалюецца, як пройдуць гэтыя два дні, ці хопіць часу і сілаў, каб абмеркаваць усё важнае. Самым важным цяпер, відаць, сталі спрэчкі ўнутры дэмакратычных сілаў.

«Перастаньце сварыцца і абʼядайцеся вакол агульнага плану», – такія просьбы, кажа Ціханоўская, часцей за ўсё гучалі ад простых людзей, меркаванні якіх збіралі перад канферэнцыяй.

Hавiны
У Вільні пачалася двухдзённая канферэнцыя «Новая Беларусь». Што казала Ціханоўская падчас адкрыцця?
2022.08.08 14:46

Прамова Ціханоўскай доўжылася больш за 10 хвілінаў, яна пачынала казаць на расейскай, пераходзіла на беларускую, зноў вярталася да расейскай, распавядала, што адчувае вялікую адказнасць і разумее, што ў 2020 годзе беларусы выбралі не менавіта яе, а магчымасць прагаласаваць за тых кандыдатаў, якія не дайшлі да выбараў.

«Як і многія з вас, я штодня адчуваю віну за тое, што палітвязні ў турмах», – прызналася Святлана і папрасіла не спадзявацца на цуд, які ўсіх выратуе.

«Досвед апошніх двух гадоў навучыў мяне не спадзявацца на цуд. Калі нешта мусіць быць зробленае – то гэта трэба браць і рабіць. І калі ў цябе пачне атрымлівацца, то да цябе будуць далучацца іншыя людзі».

Выступленню Ціханоўскай пляскалі доўга і, здаецца, усе прысутныя ў зале.

«Нам трэба здацца Расеі»

Святлану Ціханоўскую змянілі былыя палітвязні і родныя палітвязняў. На канферэнцыі новай Беларусі практычна ўсе гаварылі на расейскай мове, прасілі прабачыць за дрэннае веданне беларускай.

Вольга Паўлава, былая палітзняволеная, выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Былая палітзняволеная Вольга Паўлава распавяла, што былыя палітвязні, з якімі яна мае зносіны, не разумеюць, як паводзіцца ў сітуацыі сістэматычных канфліктаў паміж дэмакратычнымі сіламі.

Каб змяніць сітуацыю ў Беларусі, трэба звярнуцца да сілавых метадаў.

– Я яшчэ да выбараў казала, што рэвалюцыя немагчымая ў інтэрнэце, рэвалюцыя – гэта дзеянні народу. Лагічна, што сіла мусіць прысутнічаць.

– Але чаму вы былі за сілавы варыянт у 2020-м, калі яшчэ не было зразумела, што будзе з мірнай рэвалюцыяй? – пытаюся ў Вольгі ўжо пасля ейнага выступу, які некаторыя гледачы палічылі неадназначным.

– У нас супрацьстаянне з 1996 года ідзе. Быў 2006 год, 2010 год. Надзеі на мірнае ўладкаванне ў 2020 годзе не было.

Пра выкарыстанне сілы як адзіны варыянт, што сёння застаўся ў беларусаў, казалі многія ўдзельнікі дыскусіяў.

«Час добрых сцэнарыяў прайшоў, нам засталася толькі вайна», – заявіў са сцэны Вадзім Пракопʼеў.

Удзельнікі канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні. На здымку (злева направа) – Сяргей Падсасонны, Дзмітрый Шчыгельскі, Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Аляксандр Дабравольскі, Вадзім Пракоп’еў. Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Я не гатовы паміраць і ваяваць не гатовы», – не згаджаецца з Пракопʼевым удзельнік канферэнцыі актывіст Андрэй Павук.

«Нам трэба здацца Расеі, яна неўзабаве ўсё роўна разваліцца – і гэта менш бяскроўны варыянт, чым вайна».

«Я як праваабаронца таксама не падтрымліваю сілавога метаду», – дзеліцца Павел Сапелка, юрыст «Вясны».

«Мы і так штодня як на вайне. У тых, хто прагне жыць унутры Беларусі і штодня нешта рабіць, нягледзячы на рызыкі, няма сілаў яшчэ і на вайну з сілавікамі, якія супраць народу», – адказвае ўдзельнік канферэнцыі, які прыехаў з Беларусі і пажадаў застацца ананімным.

З 17 удзельнікаў – толькі 3 жанчыны

Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Офісу сядзелі ў першых шэрагах, Святлана слухала ўсіх выступоўцаў засяроджана, ейная міміка практычна не змянялася, што б ні прамаўлялі на сцэне, перыядычна яна запісвала нешта ў сваім нататніку.

У першы дзень канферэнцыя складалася з чатырох дыскусіяў. Большасць удзельнікаў – мужчыны. З 17 удзельнікаў дыскусіяў былі толькі 3 жанчыны: Ірына Сазановіч, сябра эканамічнай каманды Офісу Святланы Ціханоўскай, спецыялістка ў пенсійнай і бюджэтнай рэформах; Вераніка Цапкала, кіраўніца Беларускага жаночага фонду; Вольга Кавалькова, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады.

Удзельнікі канферэнцыі «Новая Беларусь». На здымку – Іван Краўцоў, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова, Валер Мацкевіч, Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

Самай гарачай дыскусіяй, бадай, стала чацвёртая, у якой удзельнічала Вераніка Цапкала. Ейны выступ быў самы працяглы і складаўся з патоку крытыкі ў адрас Офісу і асабіста Святланы. У некаторых прысутных і гледачоў склалася адчуванне, што Вераніка Цапкала мае асабістую крыўду. Ейны муж, Валерый, быў запрошаны на канферэнцыю, але не прыехаў.

Hавiны
«Засталася на ўзбочыне»: Вераніка Цапкала паспрачалася са Святланай Ціханоўскай
2022.08.08 21:34

«Я тут, здаецца, сустрэла больш беларусаў, чым за год у Беларусі»

У перапынках на кава-паўзы ўдзельнікі абмяркоўвалі выступы, што прагучалі, дзяліліся асабістым, планамі. Тут абмяркоўвалі і якасную арганізацыю псіхалагічнай дапамогі тым, хто выходзіць з беларускіх турмаў, і дзецям палітвязняў і дапамогу ў працаўладкаванні беларускіх настаўнікаў і лекараў, якіх выехала шмат. Смяяліся, жартавалі, абдымаліся і нават плакалі.

«Я тут, здаецца, сустрэла больш беларусаў, чым за год у Беларусі».

«У Вільні апошні год сапраўды так: варта толькі выйсці ў цэнтр гораду – і адразу некалькі знаёмых», – абменьваюцца ўражаннямі дзве дзяўчыны.

«Гэта вельмі пазітыўная з’ява ў беларускім грамадскім жыцці»

Але ці стане гэтая канферэнцыя сапраўды гістарычнай, як пра гэта казалі некаторыя ўдзельнікі, ці будуць тут прынятыя лёсавызначальныя для Беларусі пастановы?

«Гэта вельмі пазітыўная зʼява ў беларускім грамадскім жыцці, гэта магчымасць дамагчыся ўзаемаразумення. Вядома, не ўсе пытанні будуць развязаныя, але важна пачынаць гаварыць», – сказаў Павел Сапелка.

«Нічога не зменіць», – лаканічна адказвае Андрэй Павук.

Такое ж меркаванне агучылі яшчэ некалькі ўдзельнікаў, не ўсе, праўда, пагадзіліся адкрыць свае імёны. Аднак большасць тых, з кім атрымалася паразмаўляць у перапынках, упэўненыя, што сённяшняя канферэнцыя – вельмі важная падзея.

«Ну гэта ўжо класна, што мы сабраліся тут усе разам, гэта крута, што мы можам адно аднаму ў твар сказаць тое, што некаторыя пішуць у каментарах у інтэрнэце. Я наогул хацела сюды прыйсці з папкорнам, але не прапусцілі. Бо для мяне гэта як нейкі серыял. Але мне насамрэч вельмі балюча ад таго, што ў нас цяпер адбываецца. У нас жа насамрэч толькі два ворагі: Лукашэнка і Пуцін», – падзялілася оперная спявачка Маргарыта Ляўчук.

Найбольш складаным пытаннем стала тое, чаго мы уўсе дасягнулі за гэтыя два гады і ці сапраўды зрабілі ўсё, што маглі.

«У мяне сумленне чыстае, я рабіла ўсё, што я магла. Я пайшла з працы, рызыкавала сабой, я і цяпер працягваю рабіць максімум, які магу, і лічу, што каб кожны чалавек зрабіў 20 адсоткаў ад таго, што зрабіла я, мы б ужо перамаглі», – сказала былая палітзняволеная Вольга Паўлава.

Аднак некалькі асобаў на пытанне, што яны зрабілі і ці лічаць, што можна было нешта зрабіць па-іншаму, адказваць адкрыта адмовіліся.

Заўтра канференцыя «Новая Беларусь» працягнецца.

Hавiны
«Сістэму можа перамагчы толькі сістэма». Дэмсілы распавялі пра стратэгіі для пераадолення крызісу
2022.08.08 17:59

belsat.eu

Стужка навінаў