Кіраўнік МЗС Літвы сустрэўся з Ціханоўскай і заклікаў дэмакратычны свет не забываць пра беларусаў


8 жніўня міністр замежных справаў Габрыелюс Ляндсбергіс сустрэўся з лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў Святланай Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі рэжыму. Пра гэта паведамілі ў МЗС Літвы.

Святлана Ціханоўская і Габрыелюс Ляндсбергіс.
Фота: urm.lt

Паводле міністра, масавыя пратэсты ў Беларусі, распачатыя два гады таму, сталі яскравым маніфестам імкнення беларускага народу да свабоды, прыкладам таго, як трэба годна, мужна і міралюбіва змагацца за свае свабоды і правы.

«Падчас вайны Расеі супраць Украіны мы таксама не павінны забываць Беларусь – як і два гады таму, так і сёння краіна мае патрэбу ў падтрымцы дэмакратычнага свету. Беларусь, якая імкнецца да свабоды, павінна заставацца на парадку дня як літоўскай, так і міжнароднай палітыкі. Веру, што згуртаваныя намаганні дэмакратычных сілаў Беларусі і ўсіх нас дапамогуць рэалізаваць галоўную мэту – найхутчэйшае правядзенне ў краіне дэмакратычных выбараў», – сказаў міністр Ляндсбергіс.

Hавiны
«У Лукашэнкі няма легітымнасці». Бурэль паабяцаў не забываць пра ахвяраў і злачынствы Лукашэнкі
2022.08.08 17:47

З удзельнікамі сустрэчы таксама абмяркоўвалася тэма беларускіх палітвязняў, супрацьстаянне ўдзелу беларускага рэжыму ў агрэсіі Расеі супраць Украіны ды намаганням Крамля па знішчэнні незалежнасці Беларусі.

Апроч таго, абмяркоўваліся больш эфектыўныя метады дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Нагадаем, што 8-9 жніўня ў Вільні праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь». Яе лозунг – «Спыніць спрэчкі і працаваць разам». Канферэнцыю зарганізавалі Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, BYPOL, каманда Віктара Бабарыкі ды іншыя.

Hавiны
«Сістэму можа перамагчы толькі сістэма». Дэмсілы распавялі пра стратэгіі для пераадолення крызісу
2022.08.08 17:59

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў