Мігранты з Усходу спрабуюць па драбінах пералезці праз плот на мяжы Беларусі і Польшчы


Штурм беларуска-польскай мяжы мігрантамі з усходу ўжо даўно перастаў быць масавым, аднак пакрысе працягваецца. Цягам содняў, з 6 на 7 ліпеня незаконна трапіць з Беларусі ў Польшчу паспрабаваў 21 чалавек, паведамляе прэс-служба Польскай памежнай аховы.

Сярод мігрантаў – грамадзяне Егіпту, Кубы, Сірыі і Іраку. Не спыняе іх і плот, пабудаваны польскім бокам.

«У раёне Чарэмхі група з шасці нелегальных мігрантаў з Егіпту, каб перайсці мяжу, выкарыстала драўляныя драбіны», – распавялі польскія памежнікі.

Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы/Twitter

Мігранты з Усходу без адпаведных дакументаў летась масава спрабавалі прайсці праз польска-беларускую мяжу. Мігранцкі крызіс дасягнуў свайго піка ў лістападзе 2021 году, калі тысячы грамадзянаў усходніх краінаў накіраваліся ў бок Польшчы і спрабавалі прарвацца праз мяжу. Польскія памежнікі аднак не пусцілі гэты натоўп. Мігранты засталіся ў Беларусі ў транспартна-лагістычным цэнтры ў Брузгах, адкуль паступова вярнуліся на радзіму адмысловымі эвакуацыйнымі рэйсамі.

Цяпер час ад часу Польская памежная ахова паведамляе пра спробы невялікіх груп незаконна перайсці мяжу.

30 чэрвеня Польшча паведаміла, што скончыла будаўніцтва на мяжы з Беларуссю сталёвага плоту даўжынёй 186,25 кіламетраў. Кошт праекту ацэньваецца ў 353 мільёны еўра. Да верасня 2022 году плануецца абсталяваць плот электроннымі датчыкамі руху, відэакамерамі і цеплавізарамі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў