Лаўроў датэрмінова пакіне саміт G20. З ім адмовіліся фатаграфавацца дыпламаты «вялікай сямёркі»


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў датэрмінова з’язджае з саміту кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краінаў «Вялікай дваццаткі», які праходзіць на Балі. Расейскі чыноўнік не прыме ўдзел у афіцыйным абедзе і ў вечаровай сесіі саміту 8 ліпеня, піша ВВС са спасылкай на нямецкую агенцыю dpa.

Сяргей Лаўроў.
Фота: G20.org

Паводле інфармацыі японскай агенцыі Kyodo, кіраўнікі МЗС «вялікай сямёркі» адмовіліся фатаграфавацца разам з Лаўровым. Ініцыятывай «байкоту» стаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. А міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бербок заявіла, што не можа «стаяць побач з тым, хто паралельна бамбіць Украіну, нападае на дзяцей, дарослых, мірных жыхароў. Таму групавога фотаздымку з гэтага саміту не будзе».

Лаўроў на гэта адказаў, што нікога не запрашаў з ім фатаграфавацца, і ўвогуле нікуды не запрашаў. А яго самога запрасіла Інданезія.

«Як Інданезія запрасіла і прэзідэнта Пуціна на саміт, які будзе ў лістападзе», – сказаў Лаўроў.

Акрамя адмовы фатаграфавацца, расейскі міністр замежных справаў застаўся незадаволены пытаннямі пра вайну ад іншых удзельнікаў саміту. Паводле Reuters, падчас сустрэчы Лаўрова з інданезійскім калегам Рэтна Марсудзі былі чутныя нечыя воклічы: «Калі вы спыніце вайну?», «Чаму не спыняеце вайну?». Хто гэта крычаў – не ўдакладняецца.

«Агрэсары», «захопнікі», «акупанты»… Шмат чаго мы сёння пачулі, – прыводзіць расейская навінавая агенцыя ТАСС словы Лаўрова. – Усе заклікалі нас спыніць гэтую аперацыю і дасягнуць мірнага ўрэгулявання. Я папрасіў іх вызначыцца, чаго яны ўсё ж такі хочуць. Калі мірных перамоваў, то гэтыя перамовы спыніла Украіна… Калі Захад хоча перамоваў, то яму трэба мець гэта на ўвазе».

Расейскі міністр замежных справаў выйшаў з залі падчас выступу па відэасувязі кіраўніка ўкраінскага МЗС Дзмітрыя Кулебы. Не прыйшоў ён і на вечаровую сесію, падчас якой выступаў Блінкен, які прысвяціў значную частку сваёй прамовы харчовай бяспецы і запатрабаваў ад Масквы, каб яна дазволіла аднавіць экспарт украінскага зерня, якое назапасілася ў заблакаваных расейскімі вайскоўцамі партах.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў