Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 8 ліпеня


Штодня ў Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя суды і затрыманні. «Белсат» прыводзіць агляд хронікі рэпрэсіяў за пятніцу, 8 ліпеня.

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць медыкаў. 8 ліпеня былі затрыманыя два лекары РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі – імунолаг Юлія Жаранкова і загадчык лабараторыі генетычных біятэхналогіяў РНПЦ, кандыдат біялагічных навук Аляксандр Мялешка. Прычыны затрымання абодвух невядомыя, аднак і Юлія, і Аляксандр уваходзяць у Свабодны прафсаюз Беларусі.

У Смаргоні за «экстрэмізм» асудзілі ксяндза, пробашча мясцовай парафіі Св.Яна Паўла ІІ Яўгена Учкуроніса. Святар быў аштрафаваны за рэпосты ў сацыяльных сетках публікацыяў са старонак незалежных беларускіх медыяў, што было прызнана судом захоўваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У Менску затрымалі былога супрацоўніка банку «БелВЭБ» Васіля Ермакова. Мужчыну абвінавацілі ў зліве асабістых дадзеных сілавікоў. Была распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.130 КК РБ («Распальванне варожасці»).

У Менску затрымалі супрацоўніцу IT-кампаніі Кацярыну Сасім за «супрацоўніцтва з польскімі спецслужбамі». Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзеўчына ў 2020 годзе ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту, а таксама «супрацоўнічала з польскімі спецслужбамі» – а менавіта, нібыта зарэгістравалася ў плане «Перамога».

Кацярына Сасім.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Таксама ў Менску 8 ліпеня распачаўся суд над 46-гадовым ураджэнцам Бабруйску Сяргеем Нікіціным. Яму ставяць у віну больш за 50 эпізодаў. Згодна з дадзенымі Следчага камітэту, з лістапада 2020 году да кастрычніка 2021 году Сяргей зневажаў прадстаўнікоў улады, пагражаў ім фізічнай расправай, а таксама «распальваў сацыяльную варожасць у грамадстве». Імаверна, гаворка ідзе пра каментары ў розных сацыяльных сетках. Мужчыну абвінавачваюць паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

У Магілёве паводле арт.19.10 КаАП РБ («Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі») асудзілі мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Садовага. Мужчыну пакаралі 5 соднямі арышту.

У Мазыры затрымалі супрацоўніка НПЗ Вадзіма Баранава. У «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца», што ў 2020 годзе хадзіў на мітынгі, а ў 2022 – фатаграфаваў ваенную тэхніку і дасылаў тэлеграм-каналам.

Вадзім Баранаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Івацэвічах затрымалі незалежнага журналіста Паўла Дайліда.

Стала вядома, што віцебскага музыку і арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага арыштавалі на 30 содняў за несанкцыянаванае пікетаванне.

Актывіста Паўла Вінаградава, якога нядаўна этапавалі ў папраўчую калонію №11 у Ваўкавыску, на 5 содняў змясцілі ў ШІЗА.

Палітзняволенага расейца Ягора Дуднікава, асуджанага на 11 гадоў калоніі за распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, этапавалі ў магілёўскую турму №4.

Таксама 8 ліпеня стала вядома, што ў Магілёўскую папраўчую калонію №15 этапавалі Сяргея Ціханоўскага.

Чарговыя 5 беларусаў былі прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі: Аксана Аўчынская, Алег Храмых, Андрэй Раптуновіч, Аляксандр Загдай, Канстанцін Байсараў. Агулам па стане на 8 ліпеня ў Беларусі 1237 палітзняволеных.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

 

Стужка навінаў