Арт-менеджар Уладзімір Булаўскі пакараны 30 соднямі арышту


Музыку і арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага арыштавалі на 30 содняў, нібыта за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт 24.23 КаАП). Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

За якое канкрэтна парушэнне арыштаваны Уладзімір Булаўскі, не ведаюць нават тыя ягоныя сябры, якія бачылі ягонае затрыманне. Яно адбылося 6 ліпеня ў Сянне, дзе віцебскі музыка і арт-менеджар планаваў выступіць на канцэрце «Купальскае кола». «Да яго мэтанакіравана падышлі двое мужчынаў у цывільным і затрымалі», – распавялі відавочцы.

Мінулы раз Уладзімір Булаўскі быў затрыманы 27 лютага і асуджаны на 15 содняў паводле таго самага артыкулу 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні на плошчы Перамогі ў Віцебску. Напярэдадні ён пакінуў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заклік выходзіць «пагуляць» на знак пратэсту супраць вайны ва Украіне. Пакуль асуджаны заставаўся пад арыштам, у ягоным доме правялі ператрус і забралі мабільны тэлефон.

Агулам гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года мужчыну арыштавалі на 8 содняў і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ). У лістападзе 2021 года – пакаралі 7-содневым арыштам за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП).

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў