Забытыя мільёны. Колькі грошай Беларусь атрымала ад Еўразвязу на ўмацаванне мяжы?


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі дзесяцігоддзямі браў у ЕЗ грошы на перабсталяванне беларускіх памежных органаў і развіццё інфраструктуры, а цяпер шантажуе Еўропу нелегальнаю міграцыяй. Belsat.eu высвятляў, колькі сродкаў і на якія праекты Еўразвяз даваў Беларусі.

Пытанне палітычнага выбару

У 2021 годзе Літва фіксуе выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі. Толькі за апошнія 13 дзён, з 25 чэрвеня да 8 ліпеня, у Літву нелегальна спрабавалі трапіць больш за тысячу асобаў (агулам з пачатку года – 1509). Для параўнання: у 2017 годзе літоўцы злавілі на мяжы 72 нелегальных мігрантаў, у 2018-м – 104, у 2019-м – 46, у 2020-м – 81.

Улады Літвы вінавацяць рэжым Лукашэнкі ў тым, што ён спрыяе нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз і мэтанакіравана перакідвае мігрантаў да мяжы. Кіраўніцтва Літвы называе дзеянні афіцыйнага Менску гібрыднаю вайною.

Hавiны
«Вы што там, ачумелі?» Што трэба ведаць пра выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі
2021.06.30 19:40

У Прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі падкрэсліваюць, што да апошняга часу супраца Еўразвязу з Дзяржаўным памежным камітэтам па пытаннях інтэграванага ўладкавання межаў было эфектыўным. Супраца МУС па пытаннях міграцыйнай палітыкі і працоўнай міграцыі таксама атрымала пазітыўную ацэнку ў Еўропе.

«Падвышэнне колькасці нерэгуляваных пераездаў з Беларусі ў Літву на працягу апошніх тыдняў не вынікае з тэхнічных магчымасцяў альбо прафесійнай гатовасці адміністрацыі Беларусі – дзяржаўных служачых ці памежнікаў – да выканання сваіх функцый і абавязкаў. Калі меркаваць па нядаўніх заявах рэжыму Лукашэнкі, гэта пытанне толькі палітычнага выбару. ЕЗ асуджае інструменталізацыю мігрантаў у палітычных мэтах», – распавялі belsat.eu у прадстаўніцтве ЕЗ.

Сапраўды на найвышэйшым узроўні рэжым Лукашэнкі дэ-факта прызнае, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі. Уладзімір Макей заявіў 26 траўня, што Беларусь плануе скасаваць супрацу з ЕЗ у пытаннях нелегальнай міграцыі, «калі на Захадзе на адумаюцца».

У канцы чэрвеня афіцыйны Менск абвесціў пра прыпыненне дзеяння дамовы аб рэадмісіі. Макей патлумачыў, што ўлады не збіраюцца «стрымліваць нейкіх збеглых мігрантаў, якія хочуць трапіць на той жа Захад».

«Мы ніколі не будзем нікога трымаць, яны ж не да нас ідуць», – пракаментаваў гэтае рашэнне Лукашэнка 6 ліпеня.

Літоўскія памежнікі зноў затрымалі нелегальных мігрантаў з Беларусі.
Фота: pasienis.lt

«Нам шкада, што рэжым Лукашэнкі прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне прыпыніць дзеянне Пагаднення аб рэадмісіі, якое ўступіла ў сілу толькі ў мінулым годзе. Да нядаўняга часу большасць дзяржаваў ЕЗ добра ацэньвала супрацу Беларусі ў пытанні рэадмісіі.

Аднак цяперашняя сітуацыя, якая назіраецца на літоўскай мяжы, істотна адыходзіць ад прынцыпу надзейнай супрацы ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй, які прапісаны ў пагадненні. Мы будзем працягваць заклікаць беларускія ўлады прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязкаў і абавязацельстваў, у тым ліку Жэнеўскай канвенцыі аб уцекачах (1951)», – заявілі ў Прадстаўніцтве ЕЗ.

Як падкрэсліваюць у Прадстаўніцтве ЕЗ, цяпер Еўрапейская камісія дае аператыўную падтрымку Літве праз структуры Еўразвязу і, калі будзе такая неабходнасць, то гэтая падтрымка будзе павялічана.

Hавiны
Літва праўда збудуе сцяну на мяжы з Беларуссю? Тлумачыць эксперт
2021.07.08 03:05

Колькі грошай афіцыйны Менск атрымаў ад Еўразвязу?

Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі штучна спрабуюць прывязаць скандальныя рашэнні ў сферы нелегальнай міграцыі да пытання фінансавых выдаткаў. Напрыклад, Макей 6 ліпеня заявіў, што Беларусь ва ўмовах санкцыяў вымушаная перанакіраваць грошы, якія выдзяляліся на памежныя праекты, «на канкрэтных людзей, на народ».

Беларуска-літоўская мяжа. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Выступаючы 22 чэрвеня ў Берасці, Лукашэнка наагул паскардзіўся, што беларускі бок нібыта марнаваў сотні мільёнаў долараў на абарону Еўропы ад кантрабанды і нелегальнай міграцыі, але цяпер рабіць гэтага не збіраецца:

«Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наагул? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, бурыце, спрабуеце забіць нашую эканоміку і чакаеце, што мы будзем марнаваць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі вар’яты могуць так думаць і разлічваць на нашую падтрымку».

Аднак Лукашэнка ў сваёй прамове праігнараваў той факт, што Захад таксама ўкладаўся ў ахову беларускай мяжы і развіццё інфраструктуры. Еўразвяз дзесяцігоддзямі дапамагаў Беларусь умацоўваць памежную бяспеку, выдаткаваўшы на гэта дзясяткі мільёнаў еўраў.

Яшчэ ў верасні 2009 годзе, выступаючы на ​​Міжнароднай памежнай канферэнцыі, Лукашэнка распавёў, што ў перыяд з 1996 да 2009 года на беларускай мяжы ў межах праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі было асвоена амаль 30 мільёнаў долараў. Лукашэнка тады падкрэсліваў, што будзе вітаць падобную падтрымку і ў далейшым:

«Хачу, каб вы ведалі, што кожны цэнт, долар або еўра, якія вылучаюцца Беларусі, каб мы ўтрымлівалі ў нармальным стане ўсходнюю мяжу ЕЗ, – усё гэта ідзе ў справу, і ні адзін цэнт мы не трацім не паводле мэтавага прызначэння».

Інфаграфіка: Мікіта Семяненка / Белсат

Як паведамілі belsat.eu у Прадстаўніцтве ЕЗ у Менску, толькі ў перыяд з 2001 па 2012 год падтрымка Еўразвязам Беларусі ў галіне інтэграванага кіравання межамі склала прыкладна 47,5 млн. еўра ў выглядзе двухбаковай дапамогі. Акрамя таго, Беларусь атрымала фінансаванне рэгіянальных праектаў у памеры 21 млн еўра, што дало магчымасць абнавіць інфраструктуру і абсталяванне на мяжы, палепшыць навучанне і аператыўную супрацу.

«Пачынаючы з 2012 г., падтрымка ЕЗ у галіне кіравання межамі ў Беларусі (без уліку падтрымкі, якая аказваецца мытнаму сектару) склала каля 15 млн. еўра, а дадатковыя 0,4 млн. пайшлі на супрацу ў міграцыйнай палітыцы.

Сюды ўваходзіць прыпынены ў цяперашні час праект Міністэрства ўнутраных справаў у памеры 7 млн. еўра, мэта якога – дапамога Беларусі ў вырашэнні праблемы нелегальнай міграцыі. Акрамя таго, ЕЗ прызначыў сродкі на партнёрскі праект з Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі (1,3 млн. еўра), які, як чакалася, мусіў быць рэалізаваны памежнымі службамі Латвіі ў супрацы з Літвой, Польшчай і Эстоніяй, але ён быў замарожаны яшчэ да яго планаванага пачатку ў верасні 2020 г. «Беларуская» частка некаторых з праектаў складала да 20% іх агульнага кошту», – адзначылі ў Прадстаўніцтве ЕЗ.

БОМБЕЛ: ад службовых сабакаў да найноўшых сродкаў камунікацыі

Як адзначалася ў даследчым выданні Цэнтру еўрапейскіх даследаванняў і Фонду Конрада Адэнаўэра, з пачатку 2000-х дзякуючы дапамозе Еўракамісіі памежныя органы Беларусі былі істотна пераабсталяваныя. Рэалізоўваліся буйныя праекты для дэмаркацыі, узмацнення памежнага кантролю і стварэння памежнай інфраструктуры (напрыклад, рэканструкцыя памежнага пункту «Каменны Лог»). Аналітычны праект «Belarus Security Blog» у сваім дакладзе за 2016 год ацэньваў дапамогу Еўразвязу як «істотную і дзейсную».

Інфаграфіка: Мікіта Семяненка / Белсат

Адзін з найбольш вядомых памежных праектаў, зрэалізаваных ЕЗ, – гэта чатыры праграмы для арганізацыі сістэмы іміграцыйнага кантролю на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, больш вядомыя пад назваю БОМБЕЛ (BOMBEL). БОМБЕЛ-1,2,3 і 4 прадугледжвалі дапамогу Дзяржаўнаму памежнаму камітэту ў барацьбе з трансмежнаю злачыннасцю, стварэнні і выкарыстанні сучасных сістэмаў кіравання межамі, ажыццяўлення памежнага кантролю і г. д.

Бюджэт БОМБЕЛ-1 склаў 4,4 мільёна еўраў, праект быў зрэалізаваны ў 2005–2006 гадах. Адным з ключавых элементаў гэтай праграмы стала мадэрнізацыя кіналагічнага цэнтру ў Смаргоні, які рыхтуе службовых сабакаў для памежнікаў. Урачыста адкрылі мадэрнізаваны цэнтр у кастрычніку 2007 года, а ў студзені 2010-га яго наведаў тагачасны кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Жузэ Мануэл Пінту Тэйшэйра.

У кіналагічным цэнтры ў Смаргоні.
Фота: gpk.gov.by

Кіналагічны цэнтр мае рэпутацыю аднаго з найлепшых ва Усходняй Еўропе паводле ўзроўню тэхнічнага абсталявання. Замежная дапамога дазволіла павялічыць колькасць службовых сабакаў у памежнай службе Беларусі, палепшыць умовы ўтрымання, а таксама павысіць якасць іхнага рыхтавання.

Бюджэт БОМБЕЛ-2 склаў 9 мільёнаў еўраў. Праграма прадугледжвала ўзмацненне тэхнічнага патэнцыялу памежных войскаў, пераабсталяванне і аўтаматызацыю пунктаў пропуску, а таксама будаўніцтва комплексу будынкаў для часовага ўтрымання нерэгулярных мігрантаў і ўцекачоў. Беларускіх памежнікаў вучылі працаваць з інфармацыйнымі сістэмамі ЕЗ для барацьбы з нелегальнаю міграцыяй, накіроўвалі ў адукацыйныя туры ў Францыю.

Нерэгулярныя мігранты на літоўскай мяжы.
Фота: pasienis.lt

БОМБЕЛ-3 рэалізоўваўся ў 2009–2010 гадах, бюджэт праграмы склаў 6 мільёнаў еўраў. Як пазней адзначалі ў Дзяржаўным памежным камітэце, рэалізацыя гэтага праекту дазволіла беларускаму боку стварыць сучасную сістэму сувязі перадачы звестак на беларуска-польскай мяжы. Агульная працягласць пабудаваных валаконна-аптычных лініяў сувязі склала 460,46 кіламетра, а колькасць станцыйных аб’ектаў – 48.

БОМБЕЛ-4 быў лагічным працягам БОМБЕЛ-3, але цяпер вялося пра мяжу з Літвою. Праграма з бюджэтам 3,7 мільёна еўраў прадугледжвае стварэнне тэлекамунікацыйнай сеткі на ўзроўні найноўшых тэхналогіяў, што мусіць істотна павысіць эфектыўнасць сістэмы кіравання. Праект рэалізоўваецца супольна са Службай аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ў межах трансмежнай праграмы «Латвія – Літва – Беларусь».

Намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Печань прэзентуе БОМБЕЛ-4 разам з прадстаўнікам ЕЗ і Літвы, 2019 год.
Фота: gpk.gov.by

У верасні 2019 года, прэзентуючы БОМБЕЛ-4, намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту генерал-маёр Ігар Печань падзякаваў Еўразвязу за дапамогу, назваў гэтую праграму ўнікальнай і надзвычай важнаю для беларускага памежнага ведамства. Ён падкрэсліў, што БОМБЕЛ-4 – гэта найбуйнейшы праект для стварэння абʼектаў тэлекамунікацыйнай інфраструктуры ў Беларусі не толькі паводле яе тэхналагічнасці, тэрмінаў будаўніцтва, кошту, але і паводле яго маштабнасці.

Аб’ектыў
Паміж Беларуссю і Літвой можа паўстаць сцяна
2021.06.17 22:45

Мігранты, кантрабанда і зброя

Еўразвяз таксама даваў Беларусі грошы ў межах праграмы фінансавай і тэхнічнай дапамогі ў сферы міграцыі (ЭНЭЙ-1,2,3).

Праграма ЭНЭЙ (AENEAS) была партнёрскім праектам, аднак асноўнае фінансаванне ішло з боку ЕЗ. Напрыклад, бюджэт ЭНЭЙ-2 склаў 625 тысяч еўраў, з якіх толькі 125 тысячаў даў беларускі ў межах нацыянальнага фінансавання. Цікава, што ЭНЭЙ у тым ліку быў накіраваны на павышэнне ўзроўню рыхтавання асабістага складу, таму фінансаванне закранула нават абсталяванне канферэнц-залаў і камп’ютарных класаў для памежнікаў і адмыслоўцаў МУС.

Бюджэт ЭНЭЙ-3 склаў амаль 900 тысяч еўраў, праграма прадугледжвала абсталяванне органаў памежнай службы тэхнічнымі сродкамі дактыласкапавання, стварэнне сістэмы інфармацыі пра краіны паходжання мігрантаў.

Беларускія памежнікі, ілюстрацыйнае фота. Крыніца – gpk.gov.by

Памежныя праекты пры гэтым не абмяжоўваюцца тэмаю міграцыі. Беларусь таксама брала ўдзел у міжнародных праграмах для барацьбы з наркатрафікам, кантрабандаю зброі, спыненню гандлю людзьмі і г. д. Напрыклад, Нямеччына цяпер фінансуе праграму для ўмацавання патэнцыялу Дзяржаўнага памежнага камітэту ў барацьбе з незаконным абаротам зброі (AWABEL). Бюджэт праекту – амаль 1,5 мільёна долараў.

Трансмежная супраца і 400 тысяч еўраў Камітэту судовых экспертызаў

Літоўскія памежнікі зноў затрымалі нерэгулярных мігрантаў з Беларусі.
Фота: pasienis.lt

Беларусь таксама бярэ ўдзел і ў вялікіх праграмах трансмежнай супрацы ЕЗ «Польшча – Беларусь – Украіна» і «Латвія – Літва – Беларусь». Асаблівасць гэтых праграмаў заключаецца ў тым, што яны маюць шырокі тэматычны профіль і не абмяжоўваюцца пытаннямі працы памежных службаў. Грошы вылучаліся на праекты будаўніцтва дарог, паляпшэнне інфраструктуры пунктаў пропуску, захавання культурнай і гістарычнай спадчыны, развіццё турызму і сацыяльнай сферы і г. д. Паводле МЗС, толькі ў 2007–2013 гадах па лініі гэтых праграмаў у Беларусі зрэалізаваныя праекты з агульным бюджэтам каля 50 мільёнаў еўраў. На 2014–2020 гады Беларусі былі даступныя на конкурснай аснове каля 280 мільёнаў еўраў.

Мяжа з Літвой.
Фота: grodnonews.by

У сакратарыяце праграмы «Польшча – Беларусь – Украіна» 2014–2020 гадоў belsat.eu паведамілі, што ўсяго да фінансавання з боку ЕЗ быў ухвалены 71 праект з удзелам беларускіх арганізацыяў. «На рэалізацыю гэтых праектаў Еўразвяз запланаваў вылучэнне сродкаў памерам каля 38,5 мільёна еўраў. Некаторыя з праектаў ужо завершаныя, некаторыя – у стадыі рэалізацыі, а частка (мікрапраекты з агульным бюджэтам ад 20 да 60 тысяч еўраў) плануе пачаць сваю рэалізацыю ў бліжэйшай будучыні», – адзначаюць у сакратарыяце.

Частка з гэтых праектаў беспасярэдне закранае функцыянаванне памежных органаў. Напрыклад, 4,5 мільёна еўраў былі вылучаныя на будаўніцтва рэнтгенаўскай сканавальнай сістэмы кантролю транспарту ў пункце пропуску «Бераставіца». Больш за 4,6 мільёна еўраў Еўразвяз даў на будаўніцтва аб’язной дарогі Цюхінічы – Высокае – мяжа Рэспублікі Польшча (Пяшчатка), гэта частка дарогі Р-16.

Урачыстае адкрыццё мадэрнізаванага ўчастку Р-16 з удзелам віцэ-консула Польшчы ў Берасці Ежы Грыманоўскага (крайні злева), 11 лістапада 2020 года.
Фота: neg.by

У межах праграмаў памежнай супрацы грошы атрымлівалі нават тыя арганізацыі, якія фармальна да аховы мяжы не маюць дачынення. Напрыклад, у праграме «Латвія – Літва – Беларусь» Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў узяў удзел у праекце, прысвечаным развіццю новых крыміналістычных тэхналогіяў і ўмацаванню грамадскай бяспекі (тэрмін рэалізацыі – 2020–2021 гады). Фінансаванне Еўразвязам гэтага праекту для беларускага боку склала амаль 400 тысяч еўраў. Колькі з гэтых сродкаў паспелі асвоіць, невядома. Аднак у канцы кастрычніка 2020 года было заяўлена, што фінансаванне праграмы «Латвія – Літва – Беларусь» прыпыняецца праз палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Пры гэтым на рэалізацыю праектаў у межах праграмы «Польшча – Беларусь – Украіна» палітычны крызіс пакуль не паўплываў: на гэты момант фінансаванне ажыццяўляецца, згодна з раней падпісанымі грантавымі кантрактамі, паведамілі belsat.eu у сакратарыяце.

Адкуль узяліся «сотні мільёнаў»?

Намётавае мястэчка каля літоўска-беларускай мяжы.
Фота: Белсат

Ігнаруючы факт еўрапейскай дапамогі, Лукашэнка заяўляў пра сотні мільёнаў долараў, якія нібыта Беларусь марнуе «на абарону геапалітычных інтарэсаў» Захаду. Але пра якія сотні мільёнаў гаворка? Раней, у 2009 годзе, Лукашэнка ўжо казаў, што Беларусь выдаткоўвае на абарону мяжы больш за 100 мільёнаў долараў штогод. Хутчэй за ўсё, цяперашнія «сотні мільёнаў» маюць агульнае паходжанне, то бок маецца на ўвазе агульнае фінансаванне памежных органаў.

Напрыклад, у бюджэце 2021 года на фінансаванне ўсіх памежных войскаў Беларусі заклалі 266 мільёнаў рублёў (прыблізна 104 мільёны долараў паводле цяперашняга курсу). Праўда, у мінулыя гады гэтая сума была меншая: 228 мільёнаў рублёў у 2020-м, 213 – у 2019-м, 197 – у 2018-м, 161 – у 2017-м, 159 – у 2016-м, 135 – у 2015-м.

У кожным выпадку заява Лукашэнкі выглядае абсалютна маніпуляцыйна: утрыманне памежных войскаў і ахову ўласнай дзяржаўнай мяжы абсурдна прыраўноўваць да «абароны геапалітычных інтарэсаў» Захаду.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў