За што беларускія ўлады не любяць песню «Магутны Божа»


Папулярны, але не «афіцыйны» рэлігійны гімн стаў адным з сімвалаў беларускага пратэсту 2020 года. Лукашэнка пагражаў тым, хто яго выконвае, а міліцыя сапраўды хадзіла ў касцёл.

Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». Магілёў, Беларусь. 2017 год.
Фота: mogomc.by

Што здарылася

14 кастрычніка 2020 года праваслаўны мітрапаліт Веньямін раіў не спяваць у цэрквах «Магутны Божа», бо, на яго думку, гэта гімн свецкага характару і раздзяляе грамадства. 2 ліпеня 2021 года Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што тыя, хто заспяваюць «Магутны Божа», «нарвуцца». У мінулую нядзелю ў менскую катэдру прыйшла міліцыя – з прэтэнзіяй, што парушана нейкая там норма заканадаўства наконт малітвы «Магутны Божа».

Што можа не падабацца ўладам у песні, якую ў 1993 годзе прапаноўвалі сярод варыянтаў дзяржаўнага гімну і якая не заклікае да гвалту, а толькі просіць Бога зрабіць народ свабодным і шчаслівым? «Белсату» гэта растлумачылі ксёндз Вячаслаў Барок, які з’ехаў з Беларусі праз палітычны пераслед, і Віталь Алексяёнак – дырыжор аркестра Мюнхенскага Універсітэту, арт-дырэктар фестывалю «Kharkiv Music Fest». Ён нядаўна расказваў пра гэты гімн і ў сваім англамоўным відэаблогу.

Паслядоўнага тлумачэння ўладаў няма

Веньямін выступаў супраць таго, што свецкая песня «раздзяляе грамадства», а Лукашэнка згадваў яе ў кантэксце «сцягоў фашысцкіх наймітаў, паліцаяў». Наўпрост жа прычыны нелюбові да «Магутны Божа» не тлумачылі.

Алексяёнак папярэджвае, што не можа разважаць так жа, як разважаюць беларускія ўлады, але можа толькі здагадвацца, да чаго маглі «прычапіцца». Праблема, кажа ён, наўрад ці ў тым, што цэрквы ўзялі «мірскі твор», бо на працягу дзесяцігоддзяў пры той жа самай уладзе гэта не было важным аргументам, пакуль гімн не атрымаў новы ўзровень папулярнасці ў 2020.

Барок заяўляе: выказванні і Веньяміна, і Лукашэнкі хлуслівыя. Святар задаецца пытаннем: ці падманваюцца яны самі, не ведаюць праўды, ці мэтанакіравана падманваюць іншых? Ён нагадвае словы з Бібліі: бацькам падману ёсць Сатана, д’ябал паслугоўваецца вуснамі тых, хто спрабуе падмануць. Спроба падману, на яго думку, адбываецца таму, што «Магутны Божа» – малітва за беларускі народ, якая мае глыбокія карані, укаранілася ў ментальнасць беларусаў розных канфесіяў, і д’ябал гэтага баіцца. Малітва раздражняе тых, хто становіцца на бок зла, наўмысна ці не, рэзюмуе ён.

Прэцэдэнтаў, калі б свецкая ўлада Беларусі так умешвалася не толькі ў «спеўнае пытанне», а і агулам у справы царквы, Барок не прыгадае. Пагрозы за выкананне той ці іншай малітвы – унікальныя і абсурдныя, кажа ён.

Уладам можа не падабацца аўтарка тэксту. Але яна не «паліцай»

Наталля Арсеньева напісала верш «Малітва» ў 1942 годзе, выдала ў 1943-м – падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Арсеньева тады працавала ў «Менскай газеце», калабаранцкім выданні, і за гэта пэўныя колы людзей называюць яе саму калабаранткай.

Аднак Алексяёнку не вядомыя нейкія больш канкрэтныя злачынствы ў той працы Арсеньевай: падобна, яна не наўпрост супрацоўнічала з нацыстамі, а працавала ў беларускамоўнай газеце, якая была дазволена акупантамі. Апроч таго, яна моцна пацярпела ад рэпрэсіяў савецкай улады і была змушана знаходзіцца паміж двух агнёў таталітарызму.

З нацыстамі супрацоўнічалі падчас акупацыі яе муж Францішак Кушаль (які ў 1943 годзе стаў упаўнаважаным у справе беларускіх паліцэйскіх фармаванняў і камандуючым Беларускай краёвай абароны) і сын Яраслаў (забіты выбухам міны ў 1943 годзе падчас замаху партызанаў на гаўляйтара Вільгельма Кубэ).

Малітва і «нацысцкая спадчына» – зусім розныя, неспалучальныя рэчы, кажа Барок: Ватыкан асуджаў нацызм і фашызм, былі выдадзеныя афіцыйныя дакументы з асуджэннем ідэалогіі нацызму.

Верш стаў песняй ужо пасля вайны

У 1944 годзе Арсеньева з мужам эвакуявалася ў Нямеччыну, аказалася ў лагеры для «перамешчаных асобаў». У адным з такіх лагераў у Баварыі быў і кампазітар Мікола Равенскі. Сведчанні паказваюць, што яны напэўна працавалі ў адзін і той жа час у беларускамоўнай гімназіі ім. Янкі Купалы ў Баварыі, але ці былі яны з Арсеньевай асабіста знаёмыя, невядома.

Паводле сведчанняў Антона Адамовіча, Равенскі спачатку і не ведаў, на чый верш пісаў музыку песні – яго проста папрасілі напісаць нейкую музыку на спрошчаную версію верша Арсеньевай. Але калі кампазітар даведаўся пра аўтарку тэксту, зрабіў паўнавартасную версію гімну, якую мы цяпер ведаем як «Магутны Божа».

Песня была «эмігранцкай»

Арсеньева з 1949 года жыла ў ЗША, Равінскі – у Бельгіі, дзе і памёр у 1953 годзе. Яны не вярталіся ў Беларусь пасля вайны, а ці трапіў у БССР іх твор, невядома. Гімн быў папулярны сярод беларускіх эмігрантаў, але ў эміграцыі на працягу дзесяцігоддзяў не было цесных кантактаў з беларусамі БССР. Барок тлумачыць: у Савецкай Беларусі не было рэлігійнай свабоды, у прынцыпе спяваць рэлігійныя гімны было крамолай. Да таго ж, беларускамоўны касцёл не мог адраджацца (як то было ў міжваеннай Вільні Заходняй Беларусі), у касцёлах ужывалася латынь і польская мова, а беларускамоўных богаслужэнняў у БССР – «маліўся па-беларуску адзін святар, Чарняўскі».

У канцы 1980-х беларуская мова стала актыўна ўваходзіць у касцёлы Беларусі, у пачатку 1990-х «хваля адраджэння пракацілася па касцёлах Беларусі», згадвае Барок. «Магутны Божа» тады «аўтаматычна» пачалі часта выконваць. А ў 1993 годзе ў Магілёве пачалі ладзіць аднайменны міжнародны фестываль духоўнай музыкі, фэст ладзілі два дзясяткі разоў. Удзельнікі фэсту розных канфесіяў – праваслаўныя, каталікі, пратэстанты – выконвалі гімн «Магутны Божа». Барок кажа, ні ў каго не паўставала пытанняў, ці малітва гэта і ці годны спеў.

Малітва за дабро стала песняй пратэсту

У касцёле ёсць рэгламент адносна спеваў, тлумачыць Барок: калі якія спевы варта выконваць, якія больш важныя і менш важныя, а ёсць і проста добрыя і прыгожыя спевы, якія выконваюць за межамі літургіяў. «Магутны Божа» ў беларускім касцёле больш за чвэрць стагоддзя выконвалі падчас літургіяў і святаў – на заканчэнне малітвы. Афіцыйных дакументаў не было, але традыцыя склалася, гімн набыў «вышэйшы ранг», прызнаны вернікамі, «стаў практычнай нормай».

Алексяёнак як дырыжор не раз выконваў «Магутны Божа» і кажа: гэтая музыка спрыяе пачуццю веры і надзеі, надае моцы і дапамагае ісці далей. Да 2020 года «ніхто не спрабаваў так заўзята прыцягваць калабаранцтва» да гэтай песні, адзначае Алексяёнак, «але цяпер прыцягваюць усё, мы бачым гэта і на прыкладзе БЧБ». Ды са жніўня 2020 года амаль штодзень хор выконваў «Магутны Божа», твор трапіў у рэпертуар «Вольнага хору». А з восені 2020 года некаторыя прапагандысты пачалі выкарыстоўваць Арсеньеву як «сімвал здрады» (за Равенскага «зачапіцца нельга», ён таксама пакутаваў і ад савецкай, і ад нямецкай улады, але ніякіх трыгераў для яго няславы знайсці не атрымліваецца).

«Магутны Божа» і «Пагоня» сталі самымі важнымі харавымі творамі пратэсту: гэта беларускія творы, напісаныя яшчэ да часоў цяперашняга рэжыму, якія даюць падтрымку і даюць адсылку на ранейшыя часы, каб мы не забывалі, што Беларусь – гэта ня толькі апошнія 27 гадоў дыктатуры, а нешта большае і даўнейшае, – кажа Алексяёнак. – Спяваць «Магутны Божа» са жніўня 2020-га азначае быць беларусам, цаніць беларускае, але таксама і быць супраць рэпрэсіяў і гвалту, якія цяпер адбываюцца».

Барок дадае: гімн набраў «палітычную вагу» не ў вачах вернікаў, якія яго выконваюць, а ў тых, хто «змагаецца з дабром».

Такі гімн не можа раз’ядноўваць грамадства

Заяву Веньяміна аб тым, што гімн «раз’ядноўвае грамадства», Барок называе хлуслівай: такі гімн, як «Магутны Божа», у прынцыпе не можа раздзяляць, бо ў ім няма закліку супраць кагосьці ці чагосьці, няма словаў супраць ворагаў – адно заклік да Бога, просьба блаславення.

«Калі казаць пра нейкія падзелы, якія могуць адбывацца, дык прычынай падзелу можа быць толькі зло, – разважае Барок. – Дабро не можа дзяліць грамадства ці царкву, а зло, грэх – могуць. Такая логіка выплывае са словаў Божых, з Бібліі: падзелы сярод людзей адбываліся тады, калі зло прыходзіла. Можна ўзгадаць сюжэт пра Вавілонскую вежу: калі чалавек праявіў гардыню, тады падзел і адбыўся. А малітва наадварот аб’ядноўвае. Сказаць, што гімн «Магутны Божа» можа падзяліць – гэта падман».

На думку Барка, у Беларусі цяпер «адбываецца вайна між савецкім светапоглядам і тым светапоглядам, дзе чалавек мае свае правы і годнасць». Таму і адбываецца барацьба вакол сімвалаў і гімнаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў