Як у Літве глядзяць на беларускі крызіс? Ёсць адзінства, няма прадказальнасці

Літоўскія палітыкі могуць не пагаджацца ў дэталях таго, што канкрэтна рабіць, але ёсць агульная пазіцыя ў беларускім пытанні, і Літва – гучны голас супраць рэпрэіяў і за дапамогу беларусам.

Між уладамі Беларусі і Літвой працяглы дыпламатычны канфлікт: тэма БелАЭС адышла на другі план, цяпер Літва падазрае беларускія ўлады ў арганізацыі нелегальнай міграцыі, збіраецца ўмацоўваць мяжу. Персанал афіцыйных дыпламатычных прадстаўніцтваў скарочаны да мінімуму, а офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў у Літве дыпламатычны статус.

Што з літоўскага гледзішча адбываецца ў Беларусі? Пра гэта «Белсату» расказаў доктар Лаўрынас Ёнавічус – выкладчык Інстытуту міжнародных адносінаў і паліталогіі пры Віленскім універсітэце, даследчык Беларускай даследчай групы інстытуту і сузаснавальнік падкасту «Менскі экспрэс» на Радыё LRT.

Доктар Лаўрынас Ёнавічус. Фота: tspmi.vu.lt

Сярод літоўскіх палітыкаў ёсць згода адносна Беларусі

Паводле доктара Ёнавічуса, сярод літоўскіх палітыкаў ёсць разуменне праблемаў Беларусі, звязаных з аўтарытарным рэжымам, і рэакцыяй рэжыму на пратэсты пасля выбараў. Даследчык апісвае гэта як спробу здушыць частку свайго насельніцтва, якая рэжымам не задаволеная, а таксама спробу рэжыму ізалявацца ад любога вонкавага ўплыву і нашкодзіць краінам, якія спрабуюць паўплываць на пратэсты ў Беларусі.

Сярод палітыкаў Літвы ёсць кансэнсус: трэба штосьці рабіць з рэжымам, які Літва не прызнае легітымным, і трэба падтрымліваць дэмакратычны рух Беларусі. Літва – адзін з найбольш актыўных «гульцоў» у санкцыях супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, падштурхвае іншыя краіны Еўразвязу ўводзіць самыя жорсткія санкцыі. Таксама Літва – гучны голас у абароне і прасоўванні правоў чалавека і дэмакратыі, кажа Ёнавічус.

Сустрэча прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы і Святланы Ціханоўскай 25 сакавіка 2021. Фота: @tsikhanouskaya / Telegram

Нязгода і розныя меркаванні могуць быць у спецыфічных дэталях, што і як рабіць. Напрыклад, няма адзінай пазіцыі па тым, што менавіта рабіць з будаўніцтвам БелАЭС і як рэагаваць на крызіс з нелегальнай міграцыяй – ці весці нейкія перамовы, ці прасіць большай падтрымкі Еўразвязу, ці будаваць сцяну. Бізнес-супольнасць больш умераная за палітыкаў у пытанні жорсткіх санкцыяў. Таксама ёсць патрэба ў тым, каб заходнія дзяржавы знайшлі кансэнсус у тым, як ладзіць ціск на беларускі рэжым, каб спыніліся рэпрэсіі і былі праведзеныя новыя выбары.

Беларускі рэжым сапраўды лічаць адказным за хвалю нелегальнай міграцыі

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наўпрост назваў беларускі рэжым адказным за сітуацыю з ростам нелегальнай міграцыі.

Ёнавічус кажа, што бачыў версію беларускай прапаганды аб тым, што сітуацыя з мігрантамі звычайная: нібы кожнае лета нелегальная міграцыя расце, а мігранты – гарадзенскія студэнты, якія з’ехалі праз рост цэнаў на адукацыю. Большасць у Літве гэтаму не верыць і лічыць крызіс створаным штучна: бачна, што вырасла колькасць палётаў з Багдаду і Анкары, беларускія памежнікі відавочна падказваюць людзям, куды і калі ісці. Даследчык кажа, што сам не можа ўпэўнена заявіць, што гэта план беларускіх уладаў, але шмат сведчанняў паказваюць на тое, што гэты крызіс ці створаны, ці падтрыманы беларускімі ўладамі, каб стварыць праблемы Літве.

«Можна адсачыць лагічныя крокі: Лукашэнка адкрыта кажа, што зараз у вас будуць праблемы, і праз тыдзень пачынаюцца праблемы, – адзначае Ёнавічус. – Ёсць мноства доказаў таго, што гэта не натуральная справа».

Ці магчымыя яшчэ перамовы з беларускімі ўладамі?

Гледзячы якія, адказвае Ёнавічус. Калі перамовы будуць тычыцца транзіту ўлады ці арганізацыі новых выбараў, Літва цалкам можа падтрымаць такі дыялог. Але пакуль падобна, што беларускі рэжым не хоча пра гэта размаўляць, як і наогул не хоча размаўляць нароўні на любыя тэмы.

Літва праўда збудуе сцяну на мяжы з Беларуссю? Тлумачыць эксперт

Ужо больш за паўгода беларускі рэжым абсалютна непрадказальны: прымусовая пасадка самалёта «Ryanair» і крызіс з нелегальнай міграцыяй паказалі, што рэжым гатовы на ўсё, каб захаваць уладу і ўзмацніць кантроль.

Ці гатовыя літоўскія ўлады не толькі рэагаваць, а і дзейнічаць першымі?

Сітуацыя ў Беларусі такая, што Літве даводзіцца быць гатовай да практычна ўсяго, і невядома, ці ёсць нейкі рэцэпт для вырашэння такой сітуацыі. Літва вядзе рэй у беларускім пытанні ў Еўразвязе і NATO, просіць і заклікае іншых партнёраў прынамсі звяртаць больш увагі на беларускія пытанні. У Еўразвязу і NATO могуць быць і іншыя праблемы, але для Літвы беларуская праблема цяпер найважнейшая, мяркуе Ёнавічус.

Такім чынам, Літва ўжо ў некаторым сэнсе дзейнічае праактыўна ў пытанні санкцыяў, агучванні беларускіх праблемаў і стварэнні падтрымкі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі Беларусі. Але быць цалкам праактыўным, напрыклад, у крызісе з міграцыяй, немагчыма, бо не было вядома, які менавіта крызіс будзе наступным, тлумачыць Ёнавічус. Таму даводзіцца рэагаваць на ўжо зробленае, а таксама назіраць і спрабаваць прадказаць наступны крок.

Што пра гэта ўсё думаюць звычайныя літоўцы

Свежых даследаванняў ці апытанняў адносна Беларусі ў Літве не было, кажа Ёнавічус, але калі паглядзець на сацыяльныя сеткі, бачна: большасць літоўцаў бачыць, што ў самой Беларусі праблемы і што беларускія ўлады ствараюць праблемы іншым. Безумоўна, застаюцца і тыя, хто верыць беларускай прапагандзе, але наўрад ці гэта значная частка.

«Нельга сказаць, што пазіцыя насельніцтва [адносна Беларусі] цалкам адзіная і што ўсе на адной хвалі, – лічыць даследчык. – Ёсць розныя меркаванні, але яны не перарастаюць у вялікія спрэчкі і сутычкі. Людзі не кажуць, каб [літоўскія ўлады] перасталі рабіць адно і пачалі рабіць нешта іншае. Людзі абмяркоўваюць гэта, але не процістаяць таму, што робяць [літоўскія] улады».

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны