У Менску пратэстоўцу вінавацяць у тым, што ён парушыў рух дзясяткаў маршрутаў транспарту


У судзе Цэнтральнага раёну Менску 8 ліпеня судзяць Данілу Ганчарова – 30-гадовага прадпрымальніка, які быў затрыманы 26 сакавіка.

На суд у справе Данілы Ганчарова прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек. Калі абвінаваўца выказаўся супраць фота і відэа здымак у судовай залі, прысутныя ўспрынялі гэта са смехам.

На судзе над Данілам Ганчаровым.
Фота: Белсат

Абвінаваўца зачытваў абвінавачанне такой скорагаворкай, што прысутныя не маглі стрымліваць смех. З некаторых фраз можна разабраць, што Даніла разам з іншымі «нявыяўленымі асобамі» «перакрываў дарожны рух, перашкаджаў руху грамадскага транспарту», а таксама ігнараваў загады міліцыянтаў разысціся. З выступу зразумела, што Даніла 16 жніўня і 23 жніўня ўдзельнічаў у маршах.

Абвінаваўца пералічыў нумары маршрутаў грамадскага транспарту, графік якіх быў парушаны. Агулам – больш як два дзясяткі.

Тым часам прадстаўнік пракуратуры працягвае пералічваць даты маршаў, якія адбываліся ў сталіцы ў тыя дні. З абвінавачання вынікае, што Даніла Ганчароў удзельнічаў у маршах. Ледзь не кожны новы абзац гучыць аднолькава: «выходзіў на праезную частку, а таксама займаў зялёную зону, чым груба парушаў грамадскі парадак».

Калі ў судзе пачалі глядзець відэа, усім прысутным сказалі пакінуць залу суду, бо крыніцы відэа прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў