На месца Шэймана прызначылі зоаінжынера, які кіраваў калгасамі і неканкурэнтаздольным Белкаапсаюзам

Аляксандр Лукашэнка прызначыў 8 ліпеня новага кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта. Да нядаўняга часу гэтую пасаду займаў Віктар Шэйман.

Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, новым кіраўніком ведамства прызначаны Валерый Іваноў, які да цяперашняга часу ўзначальваў Белкаапсаюз.

Нарада Лукашэнкі 8 ліпеня 2021 г. Фота: president.gov.by

Валерый Іваноў нарадзіўся 27 ліпеня 1955 года ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці зоаінжынер, Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання БДУ па спецыяльнасці палітолаг і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «Кіраванне прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу».

Валерый Іваноў працаваў галоўным заатэхнікам Круглянскага раёну. Больш за 20 гадоў узначальваў розныя калгасы Кіраўскага раёну. Затым з 1987 па 1997 годзе быў першым намеснікам старшыні Круглянскага райвыканкаму.

З 2002-га па 2004 год – старшыня Кіраўскага райвыканкаму, з 2004-га па 2008-ы – Шклоўскага. Двойчы абіраўся чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу і адзін раз дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У 2008-2010 гадах – намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

У 2010 годзе – першы намеснік Старшыні Менскага аблвыканкаму, затым два гады – віцэ-прэм’ер. Пасля кароткі час узначальваў Беларускую калійную кампанію і быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Са снежня 2013 года з’яўляўся старшынёй праўлення Белкаапсаюзу. Пры ім Лукашэнка неаднаразова выказваў незадаволенасць працай прадпрыемства, заяўляючы пра яго неканкурэнтаздольнасць.

Шэйман сышоў у адстаўку

Нагадаем, што 11 чэрвеня стала вядома пра адстаўку былога кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта Віктара Шэйман, які спачатку 2000-х знаходзіўся пад заходнімі санкцыямі за меркаваную датычнасць да забойства апанентаў Лукашэнкі.

«Ты шмат разоў пісаў рапарт аб сыходзе ў адстаўку. Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што некалі час прыходзіць, табе хапіла ў жыцці. Я сумленна ўдзячны табе за ўсё, што зроблена», – сказаў Лукашэнка на сустрэчы.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны