Ад Амерыкі да Кітаю: чаму і як дзяржавы будуюць муры на сваіх межах


Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ заявіла пра намер пабудаваць на мяжы з Беларуссю плот, каб стрымаць плынь нелегальнай міграцыі. 779 нелегальных мігрантаў перайшлі мяжу Беларусі і Літвы за 7 дзён ліпеня, у параўнанні з 636 нелегаламі за першую палову года, паведаміла памежная ахова Літвы.

У гісторыі муры на межах розныя дзяржавы будавалі неаднаразова і па самых разнастайных прычынах. Прапануем вам самыя яскравыя прыклады такіх памежных перашкодаў у свеце.

На неспакойных межах імперыяў

Абараняючыся ад нападаў азіяцкіх качэўнікаў старажытныя кітайскія дзяржавы, а потым і адзіны імперскі Кітай, будавалі Вялікі кітайскі мур. Будавалі яго літаральна стагоддзямі – з 7 стагоддзя да Раства Хрыстова аж да 1600-х гадоў.

Эпічная пабудова, дакладней сукупнасць абарончых фартыфікацыяў, расцягнулася на 21.196 кіламетраў – урадлівая глеба, спрыяльны клімат і вялікае насельніцтва дазвалялі ўладыкам Кітаю ажыццяўляць нечуваныя па маштабах для іншых рэгіёнаў праекты.

Вялікі кітайскі мур. Крыніца Severin.stalder

Вялікі кітайскі мур уключаў абарончыя вежы, казармы для жаўнераў, меў сваю сістэму візуальнай сігналізацыі на вялікую адлегласць – праз распальванне агнёў ноччу ці слупы дыму ў дзень. Мур не толькі выконваў абарончую ролю, але і дазваляў працаваць мытням, кантраляваць гандаль, кантраляваць рух насельніцтва.

Аналагічную ролю ў Старажытным Рыме выконвалі такія маштабныя пабудовы як Вал Антаніна, Вал Адрыяна ў Брытаніі і Верхненямецка-рэтыйскі лімес – фартыфікацыйныя памежныя лініі, якія абаранялі тэрыторыі імперыі ад варварскіх нападаў звонку.

Каб не разбеглася ўласнае насельніцтва

Хіба што найбольш вядомы мур на мяжы, які быў пабудаваны не ад пагрозаў звонку, а для таго, каб утрымліваць унутры ўласнае насельніцтва – гэта Берлінскі мур.

У 1961 годзе камуністычная Германская Дэмакратычная Рэспубліка перажывала востры крызіс – прыкладна за 10 год ужо 3,5 мільёна яе жыхароў (кожны пяты ўсходні немец!) перабеглі ў заходнюю Федэратыўную Рэспубліку Германію. Простыя забароны і абмежаванні, нават калючы дрот, дапамагалі слаба – асабліва ў Берліне.

Беглі ад дабротаў камунізму найперш маладыя і добра адукаваныя, што было вельмі нявыгадна для ГДР. У выніку ноччу 13 жніўня 1961 года паліцыя і вайсковыя часткі ГДР зачынілі мяжу і пачалі будаўніцтва мура проста праз увесь горад. Розныя перашкоды і пабудовы працягнуліся на 155 кіламетраў – мур з бетону, калючы дрот, равы, дрот з падключаным электрычным токам, вышкі для вартавых, бункеры.

Сусветную вядомасць атрымала фота, на якім усходненямецкі памежнік Конрад Шуман збягае на Захад, пакуль мур яшчэ не дабудавалі. Крыніца The Central Intelligence Agency

Ужо пасля пабудовы праз мяжу паспрабавалі збегчы ў ФРГ больш за 100.000 немцаў – і ў 5.000 з іх гэта атрымалася. Загінулі пры спробе вызваліцца з камуністычнага «раю» ня менш за 136 чалавек.

Вольны рух праз мур быў адчынены ў 1989 годзе, калі пачалі валіцца ўсе камуністычныя рэжымы ва Ўсходняй Еўропе.

Ад тэрарыстаў

Некалькі абарончых муроў пабудаваў Ізраіль у 2000-я гады на сваіх межах у кантэксце араба-ізраільскага канфлікту. Гэтак былі пабудаваныя муры і розныя іншыя перашкоды на мяжы Ізраілю з палестынскімі тэрыторыямі – Сектарам Газа і Заходнім берагам ракі Іярдан, а таксама на межах з Егіптам і Ліванам.

Выразны антытэрарыстычны эфект мелі бар’еры менавіта на межах з палестынцамі. Перад пабудовай у час абвастрэнняў канфлікту адзін ці некалькі баевікоў палестынскіх тэрарыстычных арганізацый маглі абысці ізраільскія памежныя пасты і дабрацца да любога месца, дзе было хоць некалькі ізраільцянаў, няважна, жаўнераў ці мірных жыхароў. Потым адбываўся напад – з выкарыстаннем стралковай зброі, выбухоўкі ці проста халоднай зброі.

Мур каля гары Сіён, 2009 год. Крыніца Kyle Taylor

Пасля пабудовы колькасць ахвяраў тэрактаў рэзка знізілася, што выклікала змену тактыкі тэрарыстаў. Гэтак, у заблакаваным Сектары Газа арганізацыя Хамас зрабіла стаўку на падрыхтоўку маштабных ракетных і мінамётных абстрэлаў ізраільскай тэрыторыі.

Таксама барацьба перайшла, як падчас сярэднявечнай аблогі, пад зямлю – баевікі пачалі капаць тунэлі пад мурам, часам даўжынёй у сотні метраў. Ізраіль рэгулярна знаходзіць і знішчае гэтыя тунэлі.

Агульная працягласць ізраільскіх памежных умацаванняў – больш за 1.000 км.

Ад нелегальных мігрантаў і кантрабанды

З 2016 года, калі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША перамог Дональд Трамп, найбольш знакамітай у свеце лініяй абароны ад непажаданых мігрантаў і кантрабанды наркотыкаў стаў комплекс перашкодаў на мяжы Мексікі і ЗША. Гэтыя перашкоды амерыканскія ўлады пачалі будаваць задоўга да Трампа, аднак менавіта Трамп зрабіў сваім перадвыбарным абяцаннем цалкам абараніць амерыканскую паўднёвую мяжу.

Памежны плот каля гораду Эль-Паса. Крыніца Office of Representative Phil Gingrey

Лінія перашкодаў зараз працягваецца прыкладна на 1.000 км – да ракі Рыа-Грандэ, якая ўтварае натуральны барʼер паміж краінамі.

Зараз на мяжы штогод затрымліваюць сотні тысячаў жыхароў Паўднёвай Амерыкі, якія спрабуюць нелегальна трапіць у ЗША. Многія з-за памежных перашкодаў намагаюцца перайсці мяжу праз пустыню Санора ці горы Бабоківары – дзікія месцы, дзе няма перашкодаў, але прыходзіцца ісці каля 80 кіламетраў па бездарожжы.

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў