Журналістаў Алеся Любенчука і Канстанціна Залатых прызналі палітвязнямі


Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі журналіста-фрылансэра Алеся Любенчука і дырэктара выдання «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Абодва яны за кратамі.

Канстанцін Залатых і Алесь Любянчук. Калаж: baj.by

Канстанцін Залатых быў затрыманы 18 траўня пасля ператрусаў, якія ўчынілі супрацоўнікі КДБ у рэдакцыі «Беларусы і рынак» і ў кватэры дырэктара выдання. Залатых абвінавацілі ў «распальванні варожасці, спалучаным з гвалтам, або ўчыненым службовай асобай» (ч. 2 арт. 130 КК). Яго трымаюць у жодзінскім СІЗА.

Алеся Любенчука затрымалі 26 траўня, у ягоным доме таксама прайшоў ператрус. Любенчуку таксама выставілі абвінавачанні ў крымінальным злачынстве, але ў чым дакладна яго вінавацяць, пакуль не вядома.

«Лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні Канстанцiна Залатых i Аляксандра (Алеся) Любенчука ёсць працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў дзеля абмежавання распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова», – гаворыцца ў супольнай заяве праваабарончых арганізацыяў.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення журналістаў і спынення ў дачыненні ix усякага крымінальнага пераследу. Заклікаюць таксама ўлады адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркаванняў ці на іншыя правы і свабоды. Патрабуюць неадкладна спыніць рэпрэсіі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 8 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1221 чалавек. Згодна са звесткамі БАЖ, за кратамі знаходзяцца 28 журналістаў і блогераў.

Стужка навінаў