Як жывуць беларускія школы за мяжою?


Гарвард, Прынстан і Ель – універсітэты мараў для большасці здольных маладых людзей ва ўсім свеце. Статус студэнта прэстыжных установаў фактычна гарантуе ўдалую будучыню і сувязі з будучымі міністрамі, чыноўнікамі, бізнесоўцамі і нават прэзідэнтамі. Але сёння мала хто згадае, што 300 гадоў таму ўніверсітэты былі простымі школамі і каледжамі, якія заснавалі мігранты. Заснавалі для перасяленцаў, якія ўцякалі ад рэлігійнага і палітычнага пераследу ў Новы Свет.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Пасля падзеяў жніўня 2020-га дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць уласныя дамы. Большасць нашых суайчыннікаў асела ў Польшчы, Літве і Грузіі. За мяжою з’явіліся новыя асяродкі, дыяспары, у тым ліку садкі і адукацыйныя праекты для дзяцей. Часам для таго, каб іх знайсці, трэба прайсці цэлы квэст. Адшукаць школу аказалася яшчэ цяжэй. Але мы паспрабавалі разабрацца, ці магчыма беларусам аддаць малых у беларускую школу за мяжой.

Польшча

Напэўна, Польшча пасля 2020 года прыняла найбольшую колькасць беларускіх мігрантаў. Паводле прэзідэнта краіны Анджэя Дуды, гаворка пра некалькі соцень тысяч чалавек. Беларускіх дзяцей вельмі ветліва прымаюць польскія школы, і нават прапаноўваюць дадатковыя заняткі для вывучэння мовы, каб інтэграваць дзяцей у грамадства.

Аднак што рабіць бацькам, якія хочуць, каб іхныя дзеці не згубілі беларускай ідэнтычнасці і былі ў беларускім асяроддзі?

Падляшша і Беласток

Беласток, як і вялікая частка Падляскага ваяводства, надзвычай прывабны ў плане беларускамоўнай адукацыі. З-за асаблівага статусу Падляскага ваяводства ў Беластоку, Бельску-Падляскім, Гайнаўцы і некаторых іншых месцах акругі, беларуская мае статус мовы нацыянальнай меншасці. Тут працуюць ліцэй і шэраг школаў, дзе сярод іншых прадметаў вывучаюць беларускую мову. Дарэчы, беластоцкі ліцэй, дзе ёсць вывучэнне беларускай мовы, застаецца адным з самых прэстыжных у ваяводстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда завітаў у ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляскім, Польшча. 7 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Безумоўна, не ўсё навучанне ў адмысловых школах ідзе па-беларуску, але адукацыйная праграма прадугледжвае вывучэнне беларускай мовы і знаёмства з беларускай літаратурай і культурай.

Вроцлаў

У Вроцлаве, як нам вядома, пакуль няма школы для беларусаў, але існуе адукацыйны клуб, які мае амбіцыі вырасці з часам у паўнавартасную школу.

Адна з тых, хто рупіцца аб стварэнні адукацыйнага асяроддзя для маленькіх беларусаў, – настаўніца Любоў Баркун, якая мае досвед стварэння прыватных школаў і адукацыйных праектаў.

Спадарыня Любоў кажа, што суполка беларусаў у Вроцлаве існуе ўжо некалькі гадоў. Мігранты пачалі сваю дзейнасць са святкавання традыцыйных святаў. Потым з’явіліся заняткі беларускай і расейскай мовы для дзяцей. Бацькі ў той жа час арганізаваліся дзеля вывучэння польскай мовы.

На жаль, ініцыятыва пакуль застаецца дадатковай формай адукацыі. Неўзабаве апроч моваў з’явіцца і курс матэматыкі па-беларуску. Таксама для дзяцей ладзяць кўэсты і беларускамоўныя тэатральныя заняткі.

Заняткі праходзяць два-тры разы на тыдзень. Узрост навучэнцаў з 6 да 12 гадоў. Прыкладна 40 дзяцей маюць магчымасць навучацца ў беларускім асяроддзі.

Любоў Баркун.
Фота: Luba Barkun / Facebook

Таксама Любоў Баркун – аўтарка бестселеру «Гісторыя дзеткам», які выдаваўся і ўжо перавыдаваўся. На аснове гэтай кнігі ідзе навучанне гісторыі і геаграфіі Беларусі.

Улетку ініцыятыва плануе правесці гарадскі тэматычны летнік.

Педагог скардзіцца, што большасць беларусаў не зацікаўленая ў стварэнні беларускай школы і аддаюць дзяцей у польскую школу. Беларускай платнай адукацыі ў эміграцыі цяжка будзе канкураваць з бясплатнай польскай, мяркуе Любоў Баркун.

Яшчэ адна рэч, якая турбуе бацькоў, якія хацелі б аддаць дзяцей у патэнцыйную беларускую школу, – неафіцыйны статус. Жанчына мяркуе, што палітычныя дзеячы маглі б дапамагчы зацікаўленым асобам у высвятленні юрыдычных падрабязнасцяў, каб даць магчымасць рабіць ужо не пазакласныя праекты, але адчыняць афіцыйныя школы, якія б давалі добры ўзровень ведаў і афіцыйны дыплом. Любоў Баркун мяркуе, што без падтрымання беларускія школы не з’явяцца.

Варшава

У польскай сталіцы пытанне з беларускімі школамі няпростае. Як і ў Вроцлаве, афіцыйныя школы тут пакуль не з’явіліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэсце беларусаў у польскай сталіцы да беларускай амбасады. Варшава, Польшча. 8 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Аднак Зміцер і Ася Смаляк цяпер працуюць над стварэннем першай беларускай школы Мантэсоры і садка ў Варшаве. У Беларусі сямейная пара ўжо рабіла вядомую ў Менску школу і садок, а таксама курсы паводле методыкі навучання Мантэсоры, якія будуць працаваць і ў Польшчы.

Імаверна, з пачатку 2022/2023 навучальнага года з’явяцца адпаведныя школа і садок. Навучанне плануецца на беларускай, польскай і англійскай мовах. Прыкладна 40 % будзе на беларускай, яшчэ 40 % – на польскай і 20 % зойме англійская мова.

Ася Смаляк прайшла навучанне ў Берліне ў Інстытуце Мантэсоры і вядзе адмысловы блог і навучальныя курсы для ўсіх ахвотных.

Садок ужо фактычна ўладкаваны, але адносна школы пакуль ёсць шэраг пытанняў. Яна будзе замацаваная за афіцыйнай школай Мантэсоры. Шмат хто з настаўнікаў у школе – гэта рэпрэсаваныя выкладчыкі з Беларусі.

«Праграма Мантэсоры адметная грунтоўным псіхалагічным і навуковым падыходам. Марыя Мантэсоры прайшла складаны педагагічны шлях і атрымала Нобэлеўскую прэмію. Гэта навуковы падыход: як развіваць самастойнага і адукаванага чалавека з павагай да асобы і чалавецтва. Сама Мантэсоры была рэпрэсаваная, і Мусаліні паліў ейныя садкі. У СССР яе ачарнялі, быццам яна была фашысткай. Яна сама бегла ад пераследу і ўцякла ў Індыю, дзе развівала сваю праграму», – кажа Ася Смаляк.

Сямейная пара адзначае, што методыка Мантэсоры – першае гуманнае стаўленне да чалавека ў педагогіцы, якое ўзнікла ў той час, калі панавала аўтарытарная сістэма.

«Мантэсоры бачыла, што чалавеку патрэбнае развіццё асобы. Увесь свет цяпер ідзе ў кірунку гуманнасці, як у Фінляндыі, напрыклад», – дадала Ася Смаляк.

Зміцер Смаляк кажа, што цяпер ідзе фінальны падбор каманды. Прыкладна 10 настаўнікаў і педагогаў будуць працаваць у праекце. Садок зможа прыняць каля 20 чалавек, а школа – 25.

Трапіць у беларускую школу будзе магчыма з ліпеня, калі пачнецца набор. Папярэдне трэба будзе запісацца і прайсці сумоўе. Кошт навучання складзе каля 1500 злотых.

 

 

 

Зміцер і Ася Смалякі з дзецьмі.
Фота: Анастасия Смоляк / Facebook

Арганізаваць школу тут няпроста, аднак гэта справа вартая. Трэба пераканаць беларусаў у важнасці такіх праектаў. Зміцер Смаляк кажа, што ў Беларусі была падобная праблема, бо калі пара ладзіла навучанне ў Беларусі, то сутыкнулася спачатку з неразуменнем, а потым з вялікім попытам.

«Мы верым, што гэта ўсё атрымаецца», – з захапленнем кажуць Зміцер і Ася аб пачатку праекту.

Таксама ў польскай сталіцы можна аддаць дзяцей у шэраг пазашкольных ініцыятываў. Пра некаторыя з іх «Белсат» ужо даволі падрабязна пісаў.

Рэпартаж
«План – вярнуцца». Школа ў Варшаве вучыць беларускіх і ўкраінскіх дзяцей
2022.05.27 18:44

Асаблівую ўвагу можна таксама надаць праектам Беларускага хабу, дзе адбываюцца заняткі «Мова нанова» для дзетак і інтэрактыўныя заняткі з Васілём Драньком-Майсюком у беларускай школе мастацтваў імя Міколы Равенскага.

Вільня

У сталіцы Літвы ўсё таксама няпроста з беларускай адукацыяй. Тут магчыма знайсці некалькі садкоў, дзе выхавальнікі прыязна ставяцца да беларускай мовы і нават будуць размаўляць з дзецьмі па-беларуску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нядзельная школа для беларускіх дзяцей у Вільні, Літва.
Фота: Белсат

Таксама ў горадзе існуе афіцыйная школа з беларускай мовай навучання, куды можна аддаць дзяцей. Гімназія імя Францішка Скарыны дае беларускамоўнае навучанне, і падаць дакументы ва ўстанову можа кожны ахвотны.

Украіна

Ва Украіне працуе беларуская онлайн школа. Яе заснавальніцай стала вядомая музыка Наста Шпакоўская. Установа з’явілася пасля падзеяў жніўня 2020 года, калі шмат беларусаў былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі праз палітычны і эканамічны пераслед. Школа мае на мэце даць мігрантам адукацыю добрага ўзроўню і захаваць іх нацыянальную ідэнтычнасць.

Са школай супрацоўнічалі не толькі прафесійныя педагогі, але і вядомыя культурныя дзеячы, такія як Васіль Дранько-Майсюк і Аляксандр Ждановіч, больш вядомы шмат каму як Маляваныч.

Певица Анастасия Шпаковская на седьмом фестивале белорусского кино «Bulbamovie» В Варшаве
Спявачка Анастасія Шпакоўская. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Навучанне адбываецца на расейскай мове, але сярод іншых прадметаў дзеці вывучалі беларускую мову, культуру, гісторыю і літаратуру.

Пасля пачатку вайны школа сутыкнулася з цяжкасцямі. Шмат хто з вучняў быў вымушаны з’ехаць з Украіны, школа зрабіла ажно трохтыднёвую паўзу. Таксама паўсталі пэўныя праблемы з афіцыйнымі ўладамі, якія разглядаюць Беларусь і яе грамадзянаў як агрэсараў. З 50 дзяцей, якія навучаліся да вайны, у школе засталіся 25 вучняў.

«Трэба цяпер разумець, ці варта працягваць. Трэба падлічыць, ці мэтазгодна. Працуюць 12 рэпрэсаваных настаўнікаў, якім трэба плаціць заробак. Пра будучыню школы пакуль цяжка нешта казаць», – кажа Наста Шпакоўская.

Школа дапрацавала да канца 2021/2022 навучальнага года.

Кіраўніца праекту кажа, што калі праект перастане існаваць у школьным фармаце, з’явяцца класы ў выходныя. Будуць урокі дабрыні з Маляванычам, гісторыя, мова, культура.

«Вялізарная трагедыя і шмат складанасцяў праз акупацыю расейскімі войскамі. Ва Украіне інакш пачалі ставіцца, але ўдалося патлумачыць нашую пазіцыю. Мы нават запісалі відэазвароты. Але калі застанецца мала дзяцей, будзе цяжка знайсці фінансаванне. Калі замест 50 застанецца 20 дзяцей, перад школай паўстане рызыка знікнення», – падсумавала Наста Шпакоўская.

Дырэктакар школы не лічыць магчымым і мэтазгодным пераезд школы за мяжу праз юрыдычныя і арганізацыйныя складанасці.

Грузія

У Грузіі таксама мае адкрыцца адукацыйны праект для беларусаў, але пакуль ён застаецца ў стадыі распрацоўвання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сцісла агледзеўшы стан з беларускай адукацыяй для дзяцей за мяжою, варта адзначыць, што перад беларусамі цяпер стаіць няпростае пытанне: ці гатовыя яны ўкладаць у навучанне, стварэнне асяроддзя для дзяцей і захаванне ідэнтычнасці за межамі краіны?

Хочацца спадзявацца, што новая хваля эміграцыі, згодна з думкамі Насты Шпакоўскай, зможа падрыхтаваць сябе да вяртання ў Беларусь, а гэта калісьці непазбежна адбудзецца.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў