Ужо 1232 палітвязні. Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек


Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ дзесяць асобаў – усе пазбаўленыя волі за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Так улады называюць мірныя пратэсты.

Арсеній Дзядок. 23 студзеня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў 8 чэрвеня аб супольным рашэнні шасці праваабарончых установаў прызнаць палітычнымі зняволенымі 10 чалавек. Палітвязнямі названыя:

  • Дзяніс Гурэцкі,
  • Кірыл Пятрэнка,
  • Арсеній Дзядок,
  • Вольга Галубовіч,
  • Дзяніс Краўчук,
  • Сяргей Гунь,
  • Аляксандр Мішук,
  • Аляксандр Талмачоў,
  • Рыгор Міхалап,
  • Дзмітрый Максімчык.

Ранкам праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух журналістаў: Алеся Любенчука і Канстанціна Залатых.

Артыкулы
Журналістаў Алеся Любенчука і Канстанціна Залатых прызналі палітвязнямі
2022.06.08 11:59

Праваабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога Беларусь далучылася яшчэ ў складзе Савецкага Саюзу.

«Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя, – пішуць праваабаронцы. – Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі».

Праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць гэтых і ўсіх іншых палітычных зняволеных, спыніць іх крымінальны пераслед.

Такім чынам, у Беларусі ўжо 1232 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Але зняволеных з палітычных прычынаў, імаверна, больш. Праваабаронцы правяраюць кожную справу на адпаведнасць азначэнню «палітвязень» і проста не паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў