Севераданецк – самая гарачая зона бітвы за Данбас. Тлумачым, што там адбываецца


Расейскія войскі ўвайшлі ў Севераданецк яшчэ пры канцы траўня, але дагэтуль не могуць цалкам выбіць украінцаў з гораду, там працягваюцца лютыя вулічныя баі. Belsat.eu тлумачыць, чаму Севераданецк стаў найгарачэйшым пунктам баявых дзеянняў ва Украіне, што там цяпер адбываецца – і якія наступствы могуць мець гэтыя баі.

Вайсковец спецпадраздзялення «Ахмат» стаіць перад шматкватэрным домам, пашкоджаным у выніку абстрэлу ў ахопленым баямі Севераданецку. Луганская вобласць, Украіна. 29 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Reka / TASS / Forum

Што трэба ведаць пра Севераданецк

Севераданецк – гэта часовы адміністрацыйны цэнтр Луганскай вобласці. Ён стаў украінскім абласным цэнтрам праз тое, што Луганск з 2014 года кантралюе групоўка «ЛНР». Але Севераданецк застаўся невялікім горадам – перад вайной там жылі ўсяго каля 110 тысяч чалавек (гэта найменшы абласны цэнтр ва Украіне).

Разам з тым Севераданецк быў заўсёды горадам з развітай эканомікай, аснову якой складала хімічная прамысловасць. Севераданецкі «Азот» лічыцца найбуйнейшым хімічным прадпрыемствам Украіны. Разам з суседнімі населенымі пунктамі, найперш Лісічанскам, ён стварае агламерацыю.

Усяго за 40 км ад Севераданецку была лінія размежавання з «ЛНР». Таму вялікая вайна, якая пачалася 24 лютага, амаль адразу закранула гэты горад – ён фактычна апынуўся на лініі фронту. Першы абстрэл Севераданецку адбыўся 1 сакавіка. З цягам часу бамбаванне рабілася ўсё больш сканцэнтраваным – пад удары траплялі школы, дзіцячыя садкі, лякарні і саборы. Мясцовыя ўлады 14 траўня заяўлялі, што ў горадзе заставаліся каля 10 % мясцовых жыхароў – людзі не выходзілі з бамбасховішчаў.

Салдаты, якія перасоўваюцца на танку і транспартных сродках на ўскраіне Севераданецку, Украіна. 28 траўня 2022 года.
Фота: Rick Mave / Zuma Press / Forum

Паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, яшчэ да пачатку вулічных баёў у выніку няспынных расейскіх абстрэлаў была знішчаная ўся крытычная інфраструктура гораду і больш за ⅔ жылога фонду, 90 % будынкаў мелі пашкоджанні. Не было сувязі, вады, газу і электрычнасці.

«У нас цяпер свой Марыупаль», – казалі журналістам мясцовыя валанцёры.

Кіраўнік гарадской адміністрацыі Аляксандр Струк пры канцы траўня казаў пра 1500 забітых у Севераданецку цывільных. Эвакуацыя мірных жыхароў з гораду ўскладнялася тым, што адзін з мастоў да Лісічанску быў знішчаны, а другі ўвесь час заставаўся пад абстрэламі.

Чаму сітуацыя вакол Севераданецку рэзка пагоршылася

Севераданецк пачалі абстрэльваць ужо ў першы тыдзень вайны, пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у ваколіцах гораду расейцы атакавалі ўвесь сакавік і красавік, але без сур’ёзных поспехаў. Сітуацыя вакол Севераданецку стала пагаршацца пры канцы красавіка – на пачатку траўня на фоне актыўнай фазы бітвы за Данбас. Расейцы спрабавалі перарэзаць дарогі і атачыць горад.

У траўні расейская армія змагла перахапіць ініцыятыву ў бітве за Данбасе. 10 траўня расейцы прарвалі фронт у ваколіцах Папаснай і пачалі развіваць наступ на трох кірунках. Яны перарэзалі дарогу ля Салядару, пасля чаго ўзнікла пагроза атачэння 10-тысячнай групоўкі ўкраінскіх войскаў у раёне Лісічанску і Севераданецку.

Салядар, горад у Данецкай вобласці, у якім да вайны жылі каля 11 000 чалавек, цяпер апусцеў. Нешматлікія мірныя жыхары не выходзяць з бункераў. Горад месціцца прыкладна за 5 км ад усходняй лініі фронту і за апошнія дні зазнаў вялікія страты. Яго абстрэльвае расейская артылерыя, бо ён размешчаны ўздоўж найважнейшай дарогі, якая вядзе з абложанага Севераданецку, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Rick Mave / Zuma Press / Forum

Галоўная артэрыя забеспячэння ўкраінскай групоўкі, траса Бахмут – Лісічанск, зазнае пастаянныя расейскія абстрэлы. Гэты шлях называюць «дарогаю жыцця». Але перарэзаць гэтую артэрыю расейцы не могуць, ЗСУ захоўвае кантроль над трасай.

Севераданецк аказаўся часткова аточаны, але не адрэзаны. 25 траўня пачаўся штурм Севераданецку з трох бакоў, а 30 траўня ў горад увайшлі расейскія падраздзяленні. Пачаліся вулічныя баі. Пры гэтым у Севераданецку заставалася вялікая колькасць мірных жыхароў – каля 12–13 тысяч чалавек.

Што адбываецца ў Севераданецку цяпер

Спачатку здавалася, што Севераданецк будзе цалкам захоплены цягам некалькіх дзён. 31 траўня паведамлялася, што расейцы кантралююць каля 50 % гораду, 1 чэрвеня – да 80 %.

Але ўкраінцы працягвалі ўпарты супраціў, нягледзячы на вялізарную перавагу праціўніка ў артылерыі. 2 чэрвеня ЗСУ пачалі паспяхова контратакаваць. 3 чэрвеня ў горад увайшоў украінскі Замежны легіён. Некаторыя раёны адбілі – агулам да 20 % гораду, паводле Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Брытанская выведка лічыць, што ўкраінскія контратакі ў Севераданецку «прытупілі» аператыўны імпульс расейскага наступу.

Разам з тым сітуацыя ў горадзе працягвае змяняцца ледзь не кожную гадзіну – вуліцы пераходзяць з рук у рукі. Расейская армія вядзе шчыльны артылерыйскі і мінамётны агонь, метадычна руйнуючы Севераданецк.

«Расейскія войскі канцэнтраваным агнём нішчаць дамы, не звяртаючы ўвагі на тое, ці хаваюцца ў дамах мірныя жыхары. Тое, што праціўнік не ў стане захапіць, ён спрабуе проста знішчыць», – распавядаў пра сітуацыю ў горадзе журналіст Юрый Бутусаў.

Украінскія ўлады заяўляюць, што расейцы нясуць вялікія страты падчас гарадскіх баёў, аднак прызнаюць, што цалкам выбіць праціўніка з гораду наўрад ці ўдасца. «Гэта не значыць, што мы адаб’ём Севераданецк. Хутчэй за ўсё, не адабʼём», – канстатаваў дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч. Ён падкрэсліў, што задача ўкраінскіх вайскоўцаў на гэтым адцінку фронту – знясільваць і выбіваць асабовы склад расейскай арміі і яе тэхніку.

Новыя могілкі каля царквы ў Севераданецку, Украіна. 14 красавіка 2022 года.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай 6 чэрвеня заявіў, што сітуацыя зноў пагоршылася. Асноўным асяродкам украінскага супраціву цяпер стала прамысловая зона Севераданецку і прылеглыя кварталы, у горадзе працягваюцца лютыя баі. 7 чэрвеня міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што расейскія вайскоўцы цалкам узялі пад кантроль жылыя кварталы Севераданецку. Але, паводле ISW, сітуацыя «застаецца няяснай».

Якое значэнне мае Севераданецк

Сяргей Гайдай сцвярджае, што расейскі генерал Аляксандр Дворнікаў атрымаў заданне да 10 чэрвеня або захапіць цалкам Севераданецк, або перарэзаць трасу Лісічанск – Бахмут і ўзяць яе пад кантроль. На развязанне гэтых заданняў расейцы кінулі вялізную колькасць сілаў.

Страта Севераданецку не стане для Украіны катастрофаю. Украінцам нашмат больш важна захаваць уласную армію і абяскровіць войска праціўніка, а не ўтрымаць той ці іншы горад. Адступленне кардынальным чынам сітуацыі на фронце не зменіць. Галоўнае – пазбегчы атачэння.

«Часовая страта тэрыторыяў – гэта не трагедыя. Трагедыяй будзе страта краіны», – заявіў у інтэрв’ю «Financial Times» сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны яшчэ ў канцы траўня адзначаў, што расейская армія плаціць за захоп Севераданецку занадта высокі кошт, несувымерны рэальнай аператыўнай і стратэгічнай выгадзе. Горад у любым выпадку разбураны, таму расейцы будуць у выніку кантраляваць адны руіны. Лагістычныя лініі расейскай арміі хоць і палепшацца, але бітва за горад паглыне большую частку наступальнага парыву, што ў выніку дасць магчымасць украінцам ісці ў контрнаступ. Выданне «The Guardian» таксама адзначае, што падзенне Севераданецку наўрад ці стане кульмінацыяй бітвы за Данбас.

Тэрыторыя на галоўнай дарозе паміж Севераданецкам і Краматорскам. 23 траўня 2022 года.
Фота: Rick Mave / Zuma Press / Forum

Фактычна, захоп Севераданецку важны для Крамля найперш з палітычнага і прапагандысцкага гледзішча – гэта дасць магчымасць заявіць пра буйную ваенную перамогу і поўнае «вызваленне» Луганскай вобласці. З улікам прыярытэтнасці палітычнага фактару некаторыя ва Украіне ставяць пад сумнеў неабходнасць вызвалення Севераданецку на дадзеным этапе.

«Выбіць расейцаў з Севераданецку магчыма. Адно што – які будзе наступны крок? Яны сыдуць і з цяжкай артылерыі з авіяцыяй знішчаць усё. У стратэгічным плане Севераданецк не мае вялікага значэння. У гэтым сэнсе мае значэнне Лісічанск, размешчаны вышэй і больш выгадна», – заявіў кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Сапраўды, Лісічанск, імаверна, цяпер зробіцца галоўным апірышчам ЗСУ на гэтым участку фронту. Геаграфічная пазіцыя Лісічанску робіць горад зручным месцам для абароны: ён месціцца на ўзвышшы, і ад Севераданецку яго аддзяляе рака Северскі Данец.

Аналітыка
Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны
2022.06.03 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў