Недахоп харчоў ва ўсім свеце? Расейская агрэсія ва Украіне можа прывесці да гэтага


Расейская агрэсія ва Украіне можа прывесці да недахопу ежы. Мільёны людзей ва ўсім свеце могуць адчуць наступствы гэтай вайны. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя (ХСА) ААН канстатуе, што вайна прынесла не толькі чалавечыя пакуты ва Украіну, але таксама істотна парушыла сельскагаспадарчую інфраструктуру і актывы харчовай сістэмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

Грамадзяне Украіны патрабуюць ўвесці захады гуманітарнай і сацыяльнай абароны. Паводле ААН, праз расейскую агрэсію больш за 6,5 млн украінцаў пакінулі сваю радзіму, больш як 7 млн пераехалі ў іншыя раёны. Каля 3 мільёнам грамадзянам Украіны патрэбная дапамога ўжо цяпер. Напад Расеі таксама спрычыніўся да парушэння эканамічных сувязяў. Расея і Украіна ў сусветным маштабе даволі важныя вытворцы збожжавых культураў, алею і ўгнаенняў. Паводле ААН, абедзве краіны ёсць чыстымі экспарцёрамі сельскагаспадарчай прадукцыі, і яны маюць істотныя ролі ў пастаўках на сусветных рынках харчавання. Але расейская агрэсія прывяла да знішчэння лагістыкі і адпаведна да росту коштаў на харчы ва ўсім свеце. А ў бліжэйшай перспектыве вайна можа пацягнуць скарачэнне экспарту ежы, што прывядзе да яшчэ больш негатыўных наступстваў.

Прывід голаду праз вайну

Вайна ўжо значна скарэктавала сельскагаспадарчы сезон Украіны. Фермеры тут сутыкаюцца не толькі з вострым дэфіцытам працоўнай сілы, але і з недахопам паліва, угнаенняў, аграхімікатаў, насенняў, кармоў і лекаў. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН распрацавала план дапамогі гаспадарам Украіны. У перспектыве праз некалькі гадоў харчовая праблема гэтай дзяржавы будзе развязаная. Але праз цяжкасці з вытворчасцю прадукцыі сельскай гаспадаркі і экспартам з Украіны, могуць узнікнуць складанасці ў свеце.

Паводле ХСА ААН, праз вайну ва Украіне пры ўмераным шокавым сцэнары, колькасць людзей у свеце, што недаядаюць праз вайну, павялічыцца на 7,6 млн чалавек. А пры шокавым сцэнары гэтая лічба можа вырасці да 13,1 млн. Ужо сёлета праблемы з доступам да харчоў найбольш могуць адчуць насельнікі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну (колькасць тых, хто галадае, можа вырасці з 4,2 да 6,4 млн), а таксама тыя, хто жыве ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары (з 2,6 да 5,1 млн), на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы (з 0,4 да 0,96 млн). Усё гэта наступствы вайны і блакавання праз Расею магчымасцяў вывазу пшаніцы з Украіны.

Hавiны
Вайна ва Украіне можа прывесці да сусветнага харчовага крызісу
2022.05.19 22:45

«Пшанічная вайна»

Ва Украіне цяпер захоўваецца паводле розных ацэнак ад 20 да 40 млн тонаў пшаніцы. Гэтае збожжа неабходна вывезці з краіны да ліпеня, калі пачнецца збор новага ўраджаю. Але праблема ў тым, што Расея заблакавала марскія парты Украіны і не дае магчымасці даставіць збожжа на сусветныя рынкі. Палітыкі на Захадзе выказваюць перасцярогі з гэтай нагоды. Міністр замежных справаў Італіі Люіджы Ды Маё заявіў, што праз збожжавую блакаду ва Украіне існуе рызыка ўзнікнення канфліктаў у Афрыцы.

«Міжнародная хлебная вайна ўжо пачалася, і мы мусім яе спыніць. Мы рызыкуем палітычнай нестабільнасцю ў Афрыцы, распаўсюдам тэрарыстычных арганізацыяў, пераваротамі: да гэтага можа прывесці збожжавы крызіс», – сказаў Ды Маё.

Палітык заклікаў Пуціна як мага хутчэй дасягнуць мірнай дамовы з Украінай і спыніць вайну.

Аграр носіць бронекамізэльку падчас сяўбы, якая праходзіць у 30 км ад лініі фронту. Запарожская вобласць, Украіна. 8 красавіка 2022 года.
Фота: Dmytro Smoliyenko / Zuma Press / Forum

У сваю чаргу вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі і бяспекі Жузэп Бурэль заявіў, што менавіта Расея нясе адказнасць за недахоп збожжа ў свеце, паколькі менавіта ўзброеныя сілы Крамля блакуюць парты Украіны.

«Расея наўпрост адказная за любы дэфіцыт збожжа ў міжнародным гандлі, і замест таго, каб спыніць агрэсію, яна актыўна імкнецца перакласці адказнасць на міжнародныя санкцыі. Гэта ёсць дэзынфармаваннем», – падкрэсліў высокі прадстаўнік ЕЗ у сваім Twitter.

Таксама вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу звярнуў увагу, што авіяўдар Расеі па Мікалаеве 4 чэрвеня знішчыў другі паводле памераў збожжавы тэрмінал ва Украіне. Гэта, піша ён, робіць унёсак у глабальны харчовы крызіс.

Але ў Крамлі традыцыйна адмаўляюць сваю віну і заяўляюць пра гатовасць стварыць праход для экспарту ўкраінскага збожжа. Праўда, Уладзімір Пуцін агучыў умовы для гэтага. Збожжа, паводле словаў Пуціна, можна вывозіць праз парты Азоўскага мора ў Бярдзянску і Марыупалі, якія кантралюе Расея, або праз Дунай і Румынію, праз Вугоршчыну, або Польшчу.

«Самае простае – гэта вываз праз тэрыторыю Беларусі. Самы лёгкі і самы танны шлях, бо адтуль адразу ў парты Прыбалтыкі, у Балтыйскае мора і далей – у любую кропку планеты. Але дзеля гэтага трэба здымаць санкцыі з Беларусі. Але гэта не нашае пытанне. Ва ўсякім разе Лукашэнка ставіць пытанне менавіта так: калі нехта хоча вырашыць праблему, калі яна наогул існуе, вываз украінскага збожжа, калі ласка, самы просты спосаб – праз Беларусь. Ніхто не замінае», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Hавiны
«The Wall Street Journal»: «ЗША могуць перагледзець беларускія санкцыі ўзамен на транзіт украінскага збожжа»
2022.05.20 08:53

Транзіт украінскага збожжа праз Беларусь краіны Захаду разглядаюць як альтэрнатыву. Гучыць прапанова прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектару, калі Менск пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю. Ідэя палягае ў транспартаванні збожжа з Украіны чыгункай праз Беларусь да порту ў Клайпедзе (Літва).

Але верагоднасць такога сцэнару не асабліва і вялікая, раней для «Белсату» сказала Святлана Ціханоўская.

«Цяжкая справа, і мы шчыльна працуем з ЕЗ, ЗША і краінамі Лацінскай Амерыкі. Перад некаторымі краінамі паўстала фальшывая дылема: голад, правы чалавека і жыцці людзей. Нас запэўніваюць, што крокаў у разблакаванні беларускага калію не будзе, аднак у гэтым пытанні дзейнічае вялікае лобі з боку рэжыму Лукашэнкі», – сказала Святлана Ціханоўская.

Супраць гэтай магчымасці выступіў і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Паводле літоўскага палітыка, рамонт чыгункі на ўкраінска-беларускай мяжы можа прывесці да таго, што ёй скарыстаюцца для нападу і нанясення новых удараў па Украіне войскі агрэсара. У сваю чаргу канцлер Нямеччыны Оляф Шольц дадаў, што экспарт украінскага зерня не можа быць перадумовай для зняцця санкцыяў з Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Поле са збожжам. Крупскі раён, побач з вёскай Нявераўшчына, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Адметна, што ўлады Беларусі нават непасрэдна кіраўніцтву Украіны прапанавалі вывозіць збожжа праз беларускую чыгунку. Але ў Кіеве не пайшлі насустрач прапанове.

«Што да Беларусі: гэтая інфармацыя адкрытая. Нам прапаноўвалі ехаць праз Беларусь чыгункай (экспартаваць збожжа). Мы нават разумеем, які аб’ём. Але мы разумеем, для чаго нам гэта прапаноўвалі. Мы пакуль не гатовыя ісці згодна з гэтым фарматам і дапамагаць нашым «дружалюбным» суседзям», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік Крамля таксама сцвярджае, што Расея сёлета атрымае рэкордны ўраджай зерня, што дазволіць значна павялічыць экспарт пшаніцы. У сваю чаргу Украіна заяўляе, што расейскія войскі вывезлі сотні тонаў збожжа з акупаваных украінскіх тэрыторыяў, а агулам вайскоўцы могуць вывезці з захопленых тэрыторыяў каля 3 млн тонаў збожжа.

У любым выпадку тыя планы, якія агучвае Пуцін, застаюцца пакуль непрымальнымі для краінаў Захаду. Менавіта з гэтай нагоды Вялікая Брытаніі і Турцыя дамовіліся распрацаваць план для разблакавання каналаў пастаўкі збожжа з Украіны.

Hавiны
Турэччына заяўляе пра папярэднія дамоўленасці наконт экспарту ўкраінскай пшаніцы
2022.06.06 10:56

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў