Беларусы не змогуць атрымаць візаў у Чэхію? Не зусім і не ўсе (тлумачым на пальцах)


Раніцай 7 чэрвеня стала вядома, што ўлады Чэхіі вырашылі прадоўжыць забарону на выдачу візаў грамадзянам Беларусі. Адбылося гэтага, нягледзячы на экстранны візіт у гэтую краіну дзеля развязання візавага пытання Святланы Ціханоўскай. Як распавялі «Белсату» апытаныя эксперты, некаторыя катэгорыі беларусаў усё ж могуць разлічваць на атрыманне візаў.

Як паведамляюць чэшскія медыі, тэрмін дзеяння загаду аб адмове ў візах і відах на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі будзе падоўжаны да канца сакавіка 2023 года. Гэтая прапанова адпавядае папраўкам у законы, вядомыя як «Lex Ukraine» і накіраваныя на «абарону замежнапалітычных інтарэсаў Чэхіі».

«Гэты крок закліканы абараніць замежнапалітычныя інтарэсы Чэхіі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне, які быў выкліканы ўварваннем Расейскай Федэрацыі і які падтрымлівае Рэспубліка Беларусь», – гаворыцца ў паведамленні.

Мэта пастановы – ціск на ўлады Расеі і Беларусі, каб яны спынілі агрэсію, а таксама ўзмацненне бяспекі Чэшскай Рэспублікі.

Рашэнне не выдаваць візаў прынялі пасля поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну. Забарона дзеяла да 31 траўня, але яе збіраліся працягнуць.

Артыкулы
Чэхія не будзе выдаваць беларусам і расейцам візаў і відаў на жыхарства да канца 2023 года
2022.06.07 12:08

Выдачу візаў і ВНЖ вырашылі спыніць за выключэннем «гуманітарных выпадкаў» і выпадкаў, калі перабыванне заяўніка «адпавядае інтарэсам Чэхіі». Падаўжэнне відаў на жыхарства тых, хто іх ужо мае, не скасоўваюць, але заяваў аб новых відах на жыхарства прымаць не будуць. Забарону не распаўсюджваюць таксама на кароткатэрміновыя візы для чальцоў сям’і грамадзянаў Еўразвязу і на дазволы на доўгатэрміновае пражыванне для сваякоў замежнікаў з відам на жыхарства ў Чэхіі.

Калі стала вядома пра планы прыняць такі закон, Святлана Ціханоўская зладзіла тэрміновы візіт у Чэхію, сустрэлася з прэзідэнтам і шэрагам прадстаўнікоў чэшскіх уладаў. Тыя запэўнілі яе, што законапраект не будзе прыняты і будзе зменены. Ці азначаюць свежыя навіны, што візіт у Прагу ўсё ж не прынёс плёну?

Артыкулы
Вынік візіту Святланы Ціханоўскай у Чэхію: закону аб забароне візаў для беларусаў не будзе
2022.05.11 14:26

Якія вынікі візіту?

Каментуючы «Белсату» рашэнне чэшскіх уладаў, першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што «чэхі лічаць, што пад відам беларускіх грамадзянаў у краіну прыязджаюць агенты ці то Расеі ці то Лукашэнкі».

«Магчыма, у іх ёсць на тое падставы», – адзначыў палітык.

Ён падкрэсліў, што першапачаткова чэшскі закон прадугледжваў поўную забарону выдачы візаў. Але падчас травеньскіх перамоваў у Чэхіі ўдалося яго скарэктаваць. У прыватнасці, прыбралі згадку Беларусі з асноўнага закону, зрабілі некаторыя выключэнні, дазволіўшы выдачу працоўных відаў на жыхарства і візаў для ўз’яднання сем’яў.

«Таксама запусцілі адмысловую візавую праграму для рэпрэсаваных, журналістаў і актывістаў – гэтыя групы атрымаюць візы. Але ёсць праблема са студэнтамі: яны дагэтуль не могуць атрымаць візаў», – паведаміў Франак Вячорка.

Ён адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы працягнуць працу ў гэтым кірунку. Перадусім плануецца палепшыць сітуацыю беларускіх студэнтаў.

«Працуем з Міністэрствам адукацыі, каб не выключалі студэнтаў. Добра, што закон можна ўдакладняць урадавымі пастановамі. Цяпер проста будзем больш актыўна весці перамовы і дабівацца палёгак для Беларусі», – адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай.

Закон яшчэ не прыняты

У сваю чаргу афіцыйная прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці пры Пражскім магістраце Крысціна Шыянок у каментары «Белсату» адзначыла, што Святлана Ціханоўская, кажучы пра вынікі свайго візіту, агучвала перадусім змест перамоваў, тады як «канчатковае рашэнне ў любым разе на чэшскім баку». Сам жа законапраект на сёння ўхвалены толькі на ўзроўні Палаты дэпутатаў. Яго яшчэ мае прыняць Сенат і падпісаць прэзідэнт Чэхіі.

Паводле Крысціны Шыянок, беларуская дыяспара займалася візавымі пытаннямі з моманту пачатку вайны, але да візіту Святланы Ціханоўскай пазітыўных зрухаў у гэтым плане не назіралася.

Што датычыць кароткатэрміновых візаў для беларусаў, то, кажа прадстаўніца беларускай дыяспары, гэтае пытанне можа абмяркоўвацца на далейшых перамовах. У прыватнасці, можа быць вызначанае кола асобаў, якія змогуць разлічваць на такі тып візаў. Перадусім вядзецца пра сваякоў беларусаў, якія цяпер у Чэхіі, у тым ліку пад міжнароднай абаронай, і не могуць вярнуцца ў Беларусь.

Таксама беларусы, якія знаходзяцца ў Чэхіі, могуць падацца на візу талерантнасці, калі яны не здольныя вярнуцца ў Беларусь ці ў краіну, з якой яны выехалі. Цяпер яе атрымліваюць беларускія ўцекачы з Украіны. Апроч таго, у выпадку выключэння беларусы могуць атрымаць візы пры ўмове «інтарэсу Чэшскай Рэспублікі замежнапалітычнага характару».

Пакуль жа Франак Вячорка заклікаў беларусаў звяртацца па візы ў амбасады і консульствы іншых краінаў. Напрыклад, грамадзянам Беларусі працягваюць выдаваць шэнгенскія візы дыпламатычныя ўстановы Іспаніі, Нямеччыны, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Францыі.

Прымуць да 500 палітычных уцекачоў

Раніцай 9 чэрвеня сталі вядомыя падрабязнасці праграмы «Грамадзянская супольнасць», паводле якой Чэхія гатовая прыняць да 500 чалавек на год з Беларусі і Расеі. Урад ухваліў праграму спрошчанай і паскоранай выдачы відаў на жыхарства і асобных відаў доўгатэрміновых візаў для грамадзянаў Беларусі і Расеі, якім пагражае палітычны пераслед у краіне пражывання. Звяртацца трэба ў Міністэрства замежных справаў на адрас lptp@mzv.cz, там дадуць форму заяўкі.

Фізічная асоба, якая мае грамадзянства Беларусі ці Расеі, можа далучыцца да праграмы, калі «дакажа, што з’яўляецца змагаром за свабоду, абаронцам правоў чалавека, прадстаўніком грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ ці навуковых колаў, ці што з’яўляецца асобай, якая падвяргаецца пераследам з боку дзяржавы і якая вымушаная пакінуць сваю краіну паходжання з меркаванняў бяспекі, актыўнай абароны дэмакратычных прынцыпаў і, у прыватнасці, свабоды слова, немагчымасці свабодна і беспакарана займацца прафесійнай дзейнасцю або з іншых вартых асаблівай увагі прычынаў, звязаных з абмежаваннем або пагрозай правам чалавека і свабоды».

У праграму могуць уключыць мужа ці жонку заяўніка, непаўналетніх дзяцей або дзяцей-утрыманцаў, а таксама «партнёраў у хатняй гаспадарцы» (у тым ліку партнёраў ЛГБТ). У праграме могуць удзельнічаць няўрадавыя некамерцыйныя арганізацыі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў