Беларусам стала складана плаціць па крэдытах. Нацбанк даў згоду адтэрміноўваць выплаты


Колькасць крэдытаў, узятых беларусамі, змяншаецца, але расце памер пратэрмінаваных выплатаў. Нацбанк і ўрад дазволілі даваць даўжнікам адтэрміноўку. Эксперты канстатуюць, што пераадольваць праблему неплацежаздольнасці насельніцтва банкам прыйдзецца за свой кошт.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь.
Фота: ІА / Белсат

Пра тое, што беларускія банкі змогуць даваць фізічным асобам адтэрміноўку пагашэння крэдытаў, паведамілі ў прэс-службе ўраду са спасылкай на рашэнне аператыўна-сітуацыйнага штабу пры Савеце Міністраў. Банкам рэкамендавана па заявах крэдытаатрымальнікаў – фізічных асобаў прапаноўваць адтэрмінаванне ў пагашэнні спажывецкіх крэдытаў – на паўгода, крэдытаў на фінансаванне нерухомасці – на адзін год з працягам тэрміну пагашэння крэдытаў на гэты ж тэрмін.

Аналагічную рэкамендацыю Нацбанк даваў у пачатку пандэміі каронавіруса ў сакавіку 2020 года. Рабілася гэта «ў мэтах зніжэння крэдытнай нагрузкі грамадзянаў у сувязі з пагаршэннем іх фінансавага становішча і немагчымасцю належнага выканання імі забавязанняў».

Што яшчэ зменяць у пытанні крэдытаў?

Закрануць тэму выплаты крэдытаў і змены ў Банкаўскім кодэксе Беларусі, пра якія распавёў часопісу «Банкаўскі веснік» намеснік старшыні праўлення Нацбанку Дзмітрый Лапко.

Табло з курсамі валютаў «БСБ Банку» ў Менску, Беларусь. 24 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Згодна з імі, калі карыстальнік не вярнуў крэдыту своечасова, банк не зможа патрабаваць выплаціць павышаныя адсоткі за карыстанне крэдытам. Таксама абмяжуюць памер няўстойкі за невыкананне або неналежнае выкананне ўмоваў крэдыту. Яе максімальны памер будзе разлічвацца з сумы нявыкананага забавязання, памножанай на паўтараразовы памер адсоткаў за карыстанне крэдытам і на колькасць каляндарных дзён пратэрмінавання.

Памер штрафных санкцыяў, не звязаных з нясвоечасовым пагашэннем крэдыту і адсоткаў па ім, цяпер не зможа перавышаць 10 % ад сумы кароткатэрміновага крэдыту і 5 % – доўгатэрміновага.

Hавiны
Беларускія банкі аднаўляюць спажывецкае крэдытаванне
2022.06.02 09:27

Цяпер банк мае права патрабаваць датэрміновае пагашэнне крэдыту пры невыкананні атрымальнікам любога пункту дамовы. Нацбанк жа прапаноўвае ўсталяваць канкрэтны пералік выпадкаў, калі можна гэта рабіць. Дастатковымі падставамі для патрабавання датэрміновага пагашэння крэдыту будуць нясвоечасовае пагашэнне крэдыту і адсоткаў, непадаванне забеспячэння, страта прадмету закладу або пагаршэнне ўмоваў закладу, нямэтавае выкарыстанне крэдыту. Паколькі фізічная асоба ў момант паведамлення можа не выканаць патрабаванне банку аб датэрміновым пагашэнні ўсёй сумы крэдыту, у дамове павінен быць усталяваны разумны тэрмін для датэрміновага пагашэння крэдыту. Выплатнік крэдыту абавязаны датэрмінова пагасіць крэдыт праз 3 месяцы з дня, калі банк паведаміць аб гэтым.

Наколькі высокія даўгі?

Такія рашэнні Нацбанк і ўрад прымаюць на фоне росту запазычанасці беларусаў па крэдытах. Пачынаючы з лютага гэтага года пратэрмінаванасць выплатаў пачала расці, тады як агульная сума грошай, узятая беларусамі ў банкаў, – з сакавіка змяншаецца.

Паводле звестак Нацбанку, на 1 траўня запазычанасць фізічных асобаў па банкаўскіх крэдытах склала Br 16,328 млрд. Гэта менш, чым было на 1 студзеня, на 0,9 %, або Br 142 млн. Запазычанасць фізічных асобаў у спажывецкіх крэдытах з пачатку года скарацілася яшчэ больш прыкметна – на 5,8 % (Br 306,5 млн), да Br 4,935 млрд. На суму агульнай запазычанасці паўплывалі крэдыты на жыллё – іх сума павялічылася з пачатку года на Br 173 млн, да Br 11,214 млрд.

Пры гэтым запазычанасць насельніцтва па крэдытах вырасла з пачатку года на 6,5 %, ці Br 2,5 млн, і склала Br 33,7 млн. Хоць у папярэднія перыяды гэты паказні дынамічна зніжаўся.

«Нацбанк хаця б разумее, што ў нас крызіс у эканоміцы»

Беларускі эканаміст Леў Львоўскі бачыць у прапановах Нацбанку і Савету Міністраў спробу паказаць, што «ўрад дапамагае насельніцтву».

«Робяць выгляд лібералізацыі, але за бясплатна, за кошт банкаў», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Паводле яго, банкі і так могуць падаўжаць крэдыты, абмяркоўваць з кліентам рэструктурызацыі выплатаў, паколькі яны зацікаўленыя ў тым, каб кліент ім сродкі вярнуў.

«Калі яны бачаць, што кліент цяпер не можа [пагасіць запазычанасць па крэдыце. – Рэд. Belsat.eu], але зможа праз пару месяцаў, то яны ў некаторых выпадках і так гэта самі робяць. Яны – непасрэдна зацікаўлены бок», – заявіў Леў Львоўскі.

На думку эканаміста, калі б Нацбанк даваў нейкія грошы на кампенсацыю пратэрмінаваных крэдытаў, то гэта было б дзейснай мерай. Але «Нацбанк ніякіх грошай не дае банкам, а толькі рэкамендуе».

«З аднаго боку, добра, што Нацбанк хаця б разумее, што ў нас крызіс у эканоміцы. Такія рэкамендацыі выдаюцца, калі ён пачынае бачыць, што ідзе вялікая хваля пратэрмінавання па крэдытах. З іншага боку, Нацбанк не мае, відавочна, сродкаў, каб дапамагчы банкам, і кажа ім спраўляцца сваймі сіламі», – лічыць Леў Львоўскі.

Больш чым проста рэкамендацыі

Разам з тым, дадаў эксперт, рэкамендацыі Нацбанку «цяпер маюць большую сілу, чым проста славесныя інтэрвенцыі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

«Нацбанк апошнія гады заняты запалохваннем камерцыйных банкаў. Мы рэгулярна бачым, як дырэктары з досведам, старшыні праўлення раптам прызнаюцца «неадпаведнымі кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням дзелавой рэпутацыі». Калі да палітычнага крызісу такую фармулёўку мы сустракалі вельмі рэдка – адзін-два разы на год, то з яго пачаткам Нацбанк усё часцей карыстаецца такой мерай пакарання банкаў і напаміну ім, што яны павінны ва ўсім слухацца Нацбанку. Зараз дзесяць і больш дырэктараў і старшыняў праўлення за год атрымліваюць такую фармулёўку. І, адпаведна, пазбаўляюцца сваіх пасадаў», – адзначыў эканаміст.

На яго думку, банкі будуць да такіх рэкамендацыяў прыслухоўвацца, але ў іх адначасова ідзе адток дэпазітаў, на іх ідуць санкцыі, якія ўскладняюць дзейнасць, і пры гэтым расце незваротнасць крэдытаў. Гэта значыць, яны «таксама не зробленыя з гумы».

Аналітыка
«Справа банкіраў» у Беларусі працягваецца ўжо 25 гадоў». Галоўнае пра арышты топ-фінансістаў
2022.04.30 08:30

Макар Мыш /ІР belsat.eu

Стужка навінаў