Беларусь не выключылі з Балонскага працэсу, але пакаралі. Разбіраемся, што адбылося


Інфармацыю пра тое, што Беларусь і Расею выключылі з Балонскага працэсу, распаўсюдзіў намеснік міністра адукацыі РФ Дзмітрый Афанасьеў. Паводле яго, гэта адбылося яшчэ 11 красавіка. Заяву падхапілі многія СМІ, але, як распавялі эксперты ў размове з «Белсатам», такой падзеі не было.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Фота: скрыншот з праграмы «Беларус беларусу». Крыніца: БЕЛСАТ LIFE / YouTube

«11 красавіка Балонская група абвясціла рашэнне спыніць прадстаўніцтва Расеі і Рэспублікі Беларусь ва ўсіх структурах Балонскага працэсу», – заявіў Афанасьеў. Афіцыйныя асобы спасылаюцца на пастанову, апублікаваную на старонцы ehea.info. Але насамрэч гэты дакумент – усяго толькі зварот, заклік да краінаў – удзельніц Балонскага працэсу прыпыніць сяброўства з Беларуссю і Расеяй. Пад зваротам паставілі подпіс 39 удзельнікаў Балонскага працэсу, у той час як усяго прадстаўнікоў – 49. Няма подпісаў Арменіі, Азербайджану, Турцыі, Сербіі ды іншых краінаў.

«У Балонскім працэсе ўвогуле няма механізму выключэння краінаў. Нікога адтуль ніколі не выключалі. Рашэнні прымаюцца на канферэнцыі міністраў адукацыі краінаў Балонскага працэсу. Сустрэча адбываецца раз на тры гады. Мінулая была ў 2020 годзе, а наступная будзе ў 2023-м», – пракаментаваў сітуацыю для «Белсату» палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Эксперт мяркуе, што прыняты дакумент у большай ступені накіраваны на прыпыненне ўдзелу ў працэсе Беларусі, а не Расеі. Рэч у тым, што бліжэйшыя паўгода Беларусь мелася ўдзельнічаць у кіраванні: згодна з правіламі Балонскай групы, арганізацыю ачольвае краіна ЕЗ і прадстаўнікі іншых краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз. Краіны змяняюць адна адну, і з 1 ліпеня да канца года сустаршынямі мусілі быць Чэхія і Беларусь. Гэты момант занепакоіў групу, лічыць Вадзім Мажэйка. Гэта ўразіла ўдзельнікаў працэсу, таму, верагодна, разглядаюць пэўныя механізмы, каб не дазволіць Беларусі і Расеі браць удзел у кіраванні, галасаваць і займаць кіроўныя пасады.

«Гэта наўпрост не сказана ў камюніке, але вынікае з аналізу спісу сустаршыняў працэсу. Увогуле ў еўрапейскай адукацыйнай прасторы не прапісаныя шматлікія працэдуры. Напрыклад, што рабіць з краінамі, якія парушаюць прынцыпы? Не прапісана, як выключаць краіны», – адзначае Вадзім Мажэйка.

Hавiны
«Занадта складана». Генпракуратура праверыла школьныя падручнікі
2022.04.24 17:40

Балонскі працэс – працэс збліжэння і гарманізацыі сістэмаў адукацыі краінаў Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, у які ўваходзяць 49 еўрапейскіх краінаў і які адкрыты для іншых краінаў.

Што можа страціць Беларусь у выпадку прыпынення ўдзелу ў Балонскім працэсе?

Насамрэч фінансавых паступленняў па далучэнні да Балонскага працэсу Беларусь не атрымлівала. Адукацыйная прастора – не той донар, у якога ёсць сродкі. Улады Беларусі ініцыявалі ўступленне ў Балонскі працэс дзеля статусу, кажа Вадзім Мажэйка.

«Таму на практыцы і няма нічога такога, што змянілася б для Беларусі. Адзінае, што ёсць – гэта магчымасць прадаваць замежным студэнтам той факт, што нібыта іх дыплом – дыплом краіны з еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Менавіта дзеля гэтага Беларусь і ўступала ў Балонскі працэс», – лічыць суразмоўца «Белсату».

Балонскі працэс у першую чаргу асацыюецца з самакіраваннем ВНУ, акадэмічнымі абменамі. Але выезды студэнтаў на семестры ў іншыя ВНУ грунтуецца на двухбаковых дамоўленасцях універсітэтаў, на стыпендыяльных праграмах Еўразвязу. Вось толькі нашая краіна не можа карыстацца праграмамі, бо не ўваходзіць у ЕЗ, а нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы практычна няма.

У сувязі з вайной краіны Захаду прыпыняюць стасункі з афіцыйнымі ўстановамі ў Беларусі і Расеі. Эксперты не выключаюць, што падчас сустрэчы міністраў адукацыі краінаў Балонскага працэсу ВНУ Беларусі ўсё ж могуць выключыць з працэсу.

Святлана Мацкевіч, кандыдатка педагагічных навук, экспертка ў галіне адукацыі, перакананая, што студэнтаў і выкладчыкаў нельга пазбаўляць магчымасцяў для сувязі з міжнароднай супольнасцю. Насамрэч стасункі вельмі важныя і мусяць захоўвацца. Дзеля развіцця грамадзянскай супольнасці неабходны культурніцкі абмен, абмен ведамі, перакрываць супрацу на гэтым узроўні нельга.

Размова
З 1 верасня школа ў Беларусі стане небяспечнай для мазгоў?
2022.06.03 12:05

 

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў