Ангела Мэркель: «Пуцін хоча знішчыць Еўрапейскі Звяз»


Ангела Мэркель у першым сваім інтэрв’ю пасля адстаўкі рэзка асудзіла вайну Расеі супраць Украіны, расказала пра матывы Уладзіміра Пуціна і патлумачыла, чаму ў 2008 годзе не падтрымала ўступленне Украіны і Грузіі ў NATO, піша dw.com.

«Пуцін хоча знішчыць Еўропу. Ён хоча знішчыць Еўрапейскі Звяз, таму што бачыць у ім першую прыступку да NATO», – сказала былая канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у інтэрвʼю журналісту «Der Spiegel» Александрам Озангам (Alexander Osang).

Яна прызнала, што былому ўраду Нямеччыны «не ўдалося стварыць архітэктуру бяспекі».

«Вялікае гора, што гэта не ўдалося зрабіць, але я не магу сябе папракнуць у тым, што я не спрабавала», – сказала Мэркель. Разам з тым яна згадзілася, што трэба было больш жорстка рэагаваць на анексію Крыму Расеяй у 2014 годзе.

Былая канцлерка Нямеччыны патлумачыла, чаму яна выступала супраць пашырэння NATO на ўсход і прыняцця ў альянс Украіны і Грузіі ў 2008 годзе.

«Гэта была не тая Украіна, якую мы ведаем цяпер. Яна была вельмі расколатая палітычна паміж Януковічам і Юшчанкам. Гэта не была дэмакратычна стабільная краіна», – сказала Мэркель.

Мэркель кажа, што была ўпэўненая: Пуцін бы гэтага не дапусціў, бо, з ягонага пункту гледжання, гэта было б «абвяшчэннем вайны».

«Я зусім не падзяляю ягоныя ўяўленні пра тое, што ўвесь Захад – ягоны вораг, што яго ўвесь час зневажаюць. Але я ведала, як ён думае і што ён бачыць гэта акурат так. Я не хацела яго правакаваць», – заўважыла яна, падкрэсліўшы, што сказанае «не апраўдвае сённяшніх дзеянняў Пуціна», а служыць тлумачэннем ейнай тагачаснай пазіцыі.

Ангела Мэркель была федэральнай канцлеркай Нямеччыны з 22 лістапада 2005 года да 8 снежня 2021 года. Поўнамаштабная вайна ва Украіне, развязаная Уладзімірам Пуціным, пачалася 24 лютага 2022 года і працягваецца 105-ы дзень.

Аналітыка
Якую фінансавую дапамогу аказваюць уцекачам з Украіны ў розных краінах Еўропы
2022.06.02 10:45

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў