Жанчыну з Калодзішчаў арыштавалі на 6 дзён, канфіскавалі кнігу Алексіевіч


«Сведка»-міліцыянт казаў, што яна вешала бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвы, але як яна выглядала, не памятае.

Ілюстрацыйнае фота. Астравец, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Назіральнікі «Вясны» расказалі пра вынікі суду над 36-гадовай жыхаркай Калодзішчаў Наталляй Івяндзікавай. Суддзя Вадзім Казей прызнаў яе вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні» і асудзіў на 6 дзён арышту.

Вечарам 4 чэрвеня жанчына ехала на працу, але яе затрымалі міліцыянты і паехалі з ёй рабіць ператрус у яе дома. Восем супрацоўнікаў праводзілі ператрус без прысутнасці панятых.

У Наталлі канфіскавалі ўсю ейную лічбавую тэхніку і тэхніку мужа, а таксама кнігу Святланы Алексіевіч (якую менавіта і з якой прычыны, не ўдакладняецца) і бел-чырвона-белыя стужкі. Назіральнікі перадаюць, што адзін з супрацоўнікаў «бегаў па хаце і крычаў: «Дзе сцяг? Дзе сцяг?».

«Сведка»-міліцыянт заяўляў, што Наталля развешвала бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвах а 6-й раніцы 4 чэрвеня, «але не фатаграфаваў ейныя дзеянні і не спыняў іх». Ён нібыта «лёгка апазнаў» падсудную, але якое адзенне было на ёй, «не памятаў». Жанчына не прызнала віну і заявіла, што ў той час спала і нікуды з дому не выходзіла.

АА belsat.eu

Стужка навінаў