Яшчэ 8 чалавек прызналі палітвязнямі. Агулам такіх у Беларусі ўжо 476


Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 8 чэрвеня распаўсюдзілі заяву аб прызнанні палітычнымі зняволенымі абвінавачаных у «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт.342 КК РБ).

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Палітвязнямі прызналі Віктара Дзянісенку, Мікалая Федарэнку, Віталя Бруха, Івана Зубко, Расціслава Шавеля, Сяргея Бялевіча, Яўгена Калпачыка. Таксама ў лік палітвязняў уключылі абвінавачанага ў «Масавых беспарадках» (ч.2 арт.293 КК РБ) Андрэя Кандрасюка.

Адносна ўсіх іх праваабаронцы заяўляюць: паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі былі стыхійнымі і самаарганізаванымі, выкліканымі недаверам да вынікаў выбараў, пры тым сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы, але былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным фізічным гвалтам, спецсродкамі і зброяй.

У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў, і спыніць іх крымінальны пераслед.

На сёння ў Беларусі прызналі палітвязнямі ўжо 476 чалавек, але праваабаронцы ўвесь час абнаўляюць спіс – правяраюць крымінальныя справы на прадмет палітычнай матываванасці і адпаведнасці падсудных азначэнню «палітвязень».

АА belsat.eu

Стужка навінаў