Наўседа: «Дыктатары, наглядзеўшыся баевікоў, ужываюцца ў ролю тэрарыстаў і захопліваюць самалёты»


Прэзідэнт Літвы заклікаў спыніць экспансію Расеі і падтрымаць Беларусь. Хто «наглядзеўся баевікоў», ён не ўдакладніў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падчас звароту ў Сейме Літвы. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Robertas Dačkus lrp.lt

У другім гадавым звароце ў Сейме Літвы 8 чэрвеня прэзідэнт Гітанас Наўседа сярод іншага згадаў абстаноўку за межамі краіны і стасункі з суседзямі, перадае Delfi. Літва, кажа ён, мусіць дамагацца стабільнасці ў рэгіёне і ўзмацняць абарончыя магутнасці.

«За межамі Літвы – нестабільная прастора, у якой парушаюцца фундаментальныя правы чалавека і правілы вольнага свету, у якой дыктатары, нагледзеўшыся баевікоў, ужываюцца ў ролю тэрарыстаў і захопліваюць пасажырскія самалёты, у якой бяспека межаў і ядзерная бяспека становяцца інструментам шантажу», – казаў прэзідэнт Літвы.

Наўседа не называў імёнаў тых дыктатараў, але Delfi тлумачыць: ён меў на ўвазе падзеі ў Беларусі, у тым ліку захоп самалёта «Ryanair».

Hавiны
Міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце заявіла, што Беларусь вядзе супраць Літвы гібрыдную вайну
2021.06.05 12:18

Іншыя рэчы, якія згадваў Наўседа, могуць таксама тычыцца беларускіх падзеяў: патрабавання ўскрыць дыпламатычную пошту Літвы, росту нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Літву пасля пагрозы Лукашэнкі не спыняць мігрантаў і наркатрафік, а таксама даўніх спрэчак пра бяспеку БелАЭС, якую збудавалі ў 53 км ад Вільні. Адносна БелАЭС Наўседа пазней у той жа прамове заклікаў урад «не апускаць рукі» ў пытанні блакавання паставак электраэнергіі.

Наўседа адзначыў, што Літва была б у большай бяспецы, калі па суседстве было б больш стабільных дэмакратычных краінаў (Літва мяжуе з Латвіяй, Польшчай, Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі). Таму «найважнейшай задачай» ён назваў спыненне супольна з саюзнікамі экспансіі Расеі, каб пазбегнуць яшчэ большай дэстабілізацыі. Ён заклікаў узмацняць у краінах Балтыі баявыя групы ў межах прысутнасці NATO і місію патрулявання паветранага транспарту, распрацаваць канкрэтныя планы абароны, уцягнуць ЗША ў рэгіянальную бяспеку дзеля актыўнага стрымлівання. Да 2030 года Наўседа прапанаваў паслядоўна павялічыць абарончыя выдаткі да 2,5 % валавага ўнутранага прадукту.

Таксама ён заклікаў імкнуцца да таго, каб суседзі маглі рабіць вольны і дэмакратычны выбар адносна ўласнага жыцця:

«Прытулак, які прадстаўляецца намі для жыхароў Беларусі, падтрымка грамадзянскай супольнасці, гучны голас Літвы, які нагадвае Еўропе аб тым, што адбываюцца ў яе межаў – гэта самае малое, што мы можам і абавязаныя зрабіць для нашых суседзяў», – заявіў Наўседа.

Hавiны
Літва застанецца без амбасадара ў Беларусі, бо не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам
2021.06.08 12:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў