Дачку гарадзенскага падпалкоўніка, якую затрымалі з какаінам у Непале, пасадзілі на 15 гадоў


Пра гарадзенцаў Аліну Алдошыну і Паўла Васільева не было чуваць з пачатку 2020 года, калі мела распачацца судовая справа. Маладзёнаў затрымалі 21 снежня 2019 года ў Міжнародным аэрапорце Катхманду з 6 кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовых куртках. Belsat.eu высветліў, што дзяўчыну і хлопца прысудзілі да 15 гадоў у непальскай турме і штрафу $ 4300.

Аліна Алдошына і Павел Васільеў.
Фота: Аліна Алдошына, Павел Васільеў / Inatagram

Джыван Ніраўля з непальскага Бюро кантролю за наркотыкамі паведаміў belsat.eu, што Аліна Алдошына і Павел Васільеў адбываюць пакаранне ў турме ў Катхманду, і дэпартаваць беларусаў на радзіму не збіраюцца.

«Суд вынес рашэнне: 15 гадоў турэмнага зняволення, і кожны мусіць сплаціць штраф памерам $ 4300».

Аліна Алдошына і Павел Васільеў (злева) падчас затрымання.
Фота: непальскае Бюро кантролю за наркотыкамі

Пра затрыманне беларускіх грамадзянаў стала вядома 25 снежня 2019 года. Какаін выявілі падчас дагляду багажу беларусаў рэнтгенам у аэрапорце. Маладзёны прыляцелі з Турцыі і ў той жа дзень мелі сесці ў самалёт на Гон-Конг.

Курткі, у якіх беларусы правозілі какаін.
Фота: Бюро кантролю за наркотыкамі Непалу

Аліна распавядала пасля затрымання, што яны не ведалі пра какаін і наважыліся на перавоз куртак, бо хацелі хутка зарабіць – Павел збіраў грошы на камп’ютар, каб вучыцца праграмаванню. На допыце ў паліцыі беларусы прызналіся, што тавар ім перадалі двое грамадзянаў Балівіі падчас сустрэчы ў гатэлі. Замоўцы сказалі, што курткі прамочаныя нейкім медычным прэпаратам. Гарадзенцам абяцалі за працу 2000 долараў.

Вядома, што Аліна – дачка былога першага намесніка начальніка АУС і кіраўніка крымінальнай міліцыі адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні Аляксея Алдошына. Інфармацыі пра тое, дзе цяпер працуе былы міліцэйскі чыноўнік, у адкрытым доступе няма. Таксама не вядома, ці звязаныя ягоны сыход або звальненне з сітуацыяй вакол дачкі. Аляксей Алдошын мае шмат узнагародаў, у тым ліку медаль «За бездакорную службу» III ступені, якую атрымаў на асабісты ўказ Аляксандра Лукашэнкі.

Аліна Алдошына з бацькам Аляксеем Алдошыным. Фота: Аліна Алдошына / vk.com
Аляксей Алдошын, міліцыя, падпалкоўнік, міліцыянт, дачка, наркотыкі, Непал, Аліна Алдошына
Дачку гарадзенскага падпалкоўніка, якую затрымалі з какаінам у Непале, пасадзілі на 15 гадоў. Аляксей Алдошын. Фота: Аляксей Алдошын / vk.com
Аляксей Алдошын, міліцыя, падпалкоўнік, міліцыянт, дачка, наркотыкі, Непал
Дачку гарадзенскага падпалкоўніка, якую затрымалі з какаінам у Непале, пасадзілі на 15 гадоў. Аляксей Алдошын з працаўнікамі УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Фота: УУС Гарадзенскага аблвыканкаму / vk.com
Аляксей Алдошын, міліцыя, падпалкоўнік, міліцыянт, дачка, наркотыкі, Непал

Апошні раз Аліна Алдошына была онлайн летась на пачатку траўня.

Шэсць кілаграмаў какаіну – вялікі аб’ём наркотыкаў, і такое злачынства ў Непале караецца зняволеннем ад 15 да 25 гадоў, а таксама штрафам ад $ 4400 да $ 22 000. Выходзіць, беларусам далі найменшы мажлівы тэрмін.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў