Міхась Філіповіч – забыты мастак, які адкрываў свету невядомую Беларусь


Ён быў каралём беларускіх жывапісцаў у 20-я гады мінулага стагоддзя. Яго карцінамі захапляліся Янка Купала і Змітрок Бядуля. А потым на доўгія гады ён трапіў у нябыт гісторыі. І толькі зараз паціху вяртаецца ўвага да ягонай творчасці. 8 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў аднаму з унікальных беларускіх жывапісцаў, графікаў, тэатральных мастакоў, ілюстратараў і скульптараў – Міхасю Філіповічу.

«Белсат» прыгадвае факты, якія варта ведаць пра мастака.

Даведка
Міхась Філіповіч

Рана стаў сіратой. Яго выратаваў каваль-малатабоец

«…калі хлопчыку толькі споўнілася чатыры гады, памерлі яго бацькі… Дапамог дзядзька Фадзей Фадзеевіч Гурскі, каваль-малатабоец, што забраў Міхася ў свой дом на Маркаўскі завулак… Там хлопчык і выхоўваўся, пакуль яго не аддалі ў царкоўнапрыходскую школу. Пасля яе ён паступіў у Менскае рэальнае вучылішча: менавіта тут упершыню выявіліся яго добрыя мастацкія здольнасці» (Мікалай Шчакаціхін. На шляхах да новага беларускага мастацтва // Полымя. № 20. 1927).

Першы сярод беларускіх мастакоў пачаў актыўна збіраць і прапагандаваць беларускую народную творчасць

З 1921 года Міхась Філіповіч, з ягоных словаў, «разварочвае працу па зборы беларускай народнай творчасці, арнаменту, разьбярства па дрэве, слуцкіх паясоў, касцюма, галаўных убораў».

Міхась Філіповіч. На Купалле, 1921 г.

У гэты час мастак працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі, ездзіць па ўсёй Беларусі і шукае ўнікальныя экспанаты, стварае цэлыя альбомныя тамы надзвычай каштоўных замалёвак касцюмаў, архітэктурных збудаванняў, прыладаў працы, музычных інструментаў, народных тыпаў.

Міхась Філіповіч. Беларуска, 1928 г.

Быў першым беларусам-супрэматыстам

Паралельна з этнаграфічна-мастацкімі пошукамі Філіповіч захапляецца супрэматычнымі тэорыямі Малевіча. У верасні 1921 года ўдзельнічае ў першай савецкай мастацкай выставе ў Менску, на якой экспануе каля дваццаці супрэматычных працаў. Тагачасная крытыка паставілася да гэтых работаў дастаткова іранічна. На жаль, ніводнае з гэтых палотнаў не захавалася.

Міхась Філіповіч. Стары беларус з люлькай, 1920 г.

Першы сярод беларускіх мастакоў стаў вядомы па ўсім Савецкім Саюзе

У 1927 годзе Міхась Філіповіч удзельнічае ў маскоўскай выставе «Мастацтва народаў СССР», дзе выстаўляе серыю працаў, на якіх былі выяўленыя беларускія народныя тыпы. Крытыкі адзначаюць самабытнасць творцы, які паказвае не вядомую многім Беларусь. Асаблівай жа папулярнасцю карыстаецца работа Філіповіча «Беларуска» (1928). Паводле мастака, «яе друкуюць на вокладцы часопісу «Красная нива» ў фарбах, рэпрадукцыі з яе з’яўляюцца ў многіх часопісах, газетах, кнігах, як у Маскве, так і ў іншых гарадах».

Міхась Філіповіч. Веснавое свята, 1925 г.

Ратаваўся ад рэпрэсіяў у Азіі

Улетку 1930-га ў Беларусі пачынаецца першая хваля рэпрэсіяў, накіраваная супраць беларускіх нацыянальных культурніцкіх дзеячаў. Міхася Філіповіча абвінавачваць, паводле мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака, «у «нацдэмаўшчыне», у адрыве ад новай сацыялістычнай рэчаіснасці, у неразуменні класавай сутнасці савецкага мастацтва».

Гэтым жа летам (калі арыштоўваюць Уладзіміра Дубоўку, Язэпа Пушчу, Уладзіміра Жылку) мастак уцякае ва Узбекістан. Там, як успамінае, «піша шэраг работ з жыцця ўзбекскіх калгасаў, з якіх найбольш вядомыя «На вучобу», «Меліярацыя Узбекістану». Гэтыя працы забірае ў сваю калекцыю Траццякоўская галерэя. У 1931 годзе Філіповіч пераязджае ў Баку, для напісання, з ягоных словаў, «партрэтаў узнагароджаных ордэнам Леніна».

Міхась Філіповіч. Карагод, 1922 г.

Ствараў сацрэалістычныя палотны для адводу вачэй

Канчаткова ў Менск мастак вяртаецца толькі ў 1939 годзе і, каб не чаплялася крытыка, піша для адводу вачэй сацрэалістычныя карціны, на якіх выяўляе вобразы Леніна і Сталіна («Ленін і Сталін – арганізатары Беларускай дзяржаўнасці»). Крытыка задаволеная, а мастак паралельна з гэтымі апалагетычнымі кампазіцыямі працягвае ствараць новыя альбомы этнаграфічных замалёвак, а ў жывапісных творах, якія піша для душы, вяртаецца да тэмы Купалля.

Міхась Філіповіч. Стары пастух з трубой, 1920 г.

Натхненне рабіла з яго іншага чалавека

Вось як пра гэта ўспамінала Стэфанія Станюта: «…ён быў такі цюхцяй, часцей за ўсе сядзеў, апусціўшы галаву, і маўчаў. Нешта прашамкае або хрыпла засмяецца – і зноў маўчыць. Пануры, твар быццам заспаны, памяты. Ён здаваўся значна старэйшым, чым быў на самай справе. Ніколі не ўбачыш яго прычасаным, зубы ніяк не ўставіць, быццам даўно ўжо махнуў рукой на ўсё і на сябе самога. І раптам – быццам зусім іншы чалавек перад табой: ён пачынаў працаваць. На мяне гэта рабіла такое моцнае ўражанне – я нават не ўяўляла, што такое можа быць. Вочы жывыя, маладыя, позірк пранізлівы, учэпісты, а рухі лёгкія, хуткія – ну не пазнаць! Ён рабіўся проста прыгожым. Калі б хто мяне спытаў, як можа выглядаць натхненне, я, напэўна, адразу б убачыла ў памяці Міхаіла Філіповіча за працай…».

Міхась Філіповіч. Меліярацыя ва Узбекістане, 1930 г.

Упершыню пра Філіповіча ўзгадалі больш як праз 20 гадоў пасля смерці

Паводле Барыса Крэпака: «Упершыню пра Міхася Філіповіча больш-менш падрабязна распавёў мастацтвазнаўца Віктар Шматаў у сваёй невялічкай манаграфіі, надрукаванай у 1971 г. у выдавецтве «Навука і тэхніка». І хаця яна не пазбаўленая недахопаў, асабліва ў ацэнках тых або іншых мастацкіх з’яваў таго часу, аўтару ўсё ж удалося паведаміць пра асноўныя вехі жыцця і творчасці выдатнага сына беларускага народу».

Міхась Філіповіч. Бітва на Нямізе, 1922 г.

І па сённяшні час дакладна не вядома, калі і чаму памёр Міхась Філіповіч (у 1947 ці 1948) ды дзе пахаваны.

Аўтар выказвае падзяку мастацтвазнаўцы Вользе Архіпавай

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

Стужка навінаў