Беларусы пачалі блакаваць дарогу на мяжы з Польшчай. Што там адбываецца


Акцыя пратэсту 8 чэрвеня на польска-беларускай мяжы.
Фота: Белсат

8 чэрвеня актывісты на польска-беларускай мяжы пачалі блакаваць дарогу каля пункту пропуску «Баброўнікі». Карэспандэнты «Белсату» паведамляюць, што там адбываецца.

18:00 Павел Латушка з паплечнікамі селі на дарозе і заблакавалі рух, нягледзячы на просьбы паліцыі.

15:15 Прэс-сакратар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Максім Паршута кажа «Белсату», што праблемаў з паліцыяй у пікетоўцаў няма, хіба крыху памянялі ўмовы для мітынгу.

«Некаторыя фуры падтрымліваюць і сігналяць, здымаюць на відэа, – расказаў Паршута. – Пара кіроўцаў лаялася. Максімум было больш за 10 машын у чарзе – мяркуючы па ўсім, усе перамясціліся на іншыя пункты цяпер».

14:40 Павел Латушка і Алена Жываглод перадалі ўпаўнаважанаму прадстаўніку памежнай службы Польшчы патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу на мяжы. Патрабаванні адрасаваныя Савету міністраў Беларусі: «неадкладна скасаваць усе незаконныя рашэнні, на падставе якіх былі ўведзеныя неабгрунтаваныя абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

14:00. Лагер беларускіх пратэстоўцаў паўстаў на літоўска-беларускай мяжы ў Мядзінінкаі. Удзельнікі хацелі блакаваць рух, аднак паліцыя не дазволіла.

Як і заяўлялася, блакаванне дарогі пачалося а 12:00.

Акцыя пратэсту 8 чэрвеня на польска-беларускай мяжы.
Фота: Белсат

Карэспандэнты «Белсату» ў Баброўніках паведамляюць, што беларускі бок запусціў максімальна шмат фураў на сваю тэрыторыю. Блакаванне дарог пакуль фармальнае, не даўжэйшае за 15 хвілінаў. Людзі ходзяць па пешаходных пераходах, тым самым замінаючы праезду транспарту.

Акцыя пратэсту 8 чэрвеня на польска-беларускай мяжы.
Фота: Белсат

Зараз рух у пункце пропуску слабы. Некаторыя дальнабойнікі паказваюць пратэстоўцам знак перамогі або сігналяць. Шмат хто проста праязджае міма.

Пратэстоўцы трымаюць у руках плакаты «Свабоду Сяргею Ціханоўскаму!», «Лукашэнку – у аўтазак», «Стачка ААТ «Беларуськалій» не здаецца», «Мы патрабуем эканамічных санкцыяў!!!», «Дзейнічайце цяпер – ратуйце жыцці». Таксама вісіць вялікая расцяжка пра тое, што «санкцыі ратуюць жыцці».

«Мы сабраліся, каб выказаць сваю нязгоду з тым, што дзеецца ў нашай краіне. Мы патрабуем вызваліць усіх палітычных зняволеных і вярнуць грамадзянам Беларусі права свабодна перамяшчацца, якое рэжым адабраў у Беларусі 21 снежня 2020 года. Другая мэта нашага пратэсту – сказаць Бруселю, што хопіць слоў «заклапочанасці», «глыбокай заклапочанасці» і «вельмі глыбокай заклапочанасці». Неабходна дзейнічаць. Неабходна ўводзіць магутныя санкцыі, каб спыніць рэпрэсіі ў Беларусі», – заявіў напярэдадні кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Акцыя пратэсту 8 чэрвеня на польска-беларускай мяжы.
Фота: Белсат

Намётавы мітынг на польска-беларускай мяжы пачаўся 5 чэрвеня. Аналагічная акцыя праходзіць у Літве.

Фота
На мяжы з Беларуссю ў Польшчы і Літве з’явіліся намётавыя гарадкі
2021.06.05 16:56

МГ belsat.eu

Стужка навінаў