Анжаліка Агурбаш футравай справы не каментуе, але дэпартацыі з Расеі не баіцца і ўцякаць адтуль не збіраецца


Анжаліка Агурбаш на пікеце каля беларускай амбасады.
Фота: Lyudmila Mirzayanova / Facebook

У Эканамічным судзе Менску вынеслі рашэнне ў справе супраць спявачкі Анжалікі Агурбаш. Карэспандэнты «Белсату» распыталі яе пра гэта і даведаліся, ці адчувае яна сябе ў бяспецы.

Эканамічны суд Менску 7 чэрвеня разгледзеў пазоў прадпрыемства «Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюзу» да індывідуальнай прадпрымальніцы і вядомай спявачкі Анжалікі Агурбаш аб выпатрабаванні маёмасці. Хоць было прызначанае толькі папярэдняе судовае пасяджэнне, суд у той самы самы дзень цалкам задаволіў пазоў. Не перашкодзіла гэтаму і адсутнасць у судзе Анжалікі Агурбаш, паведамляе Sputnik.by.

Як паведаміла на судзе начальніца юрыдычнага аддзелу «Белкаапсаюзу», у лістападзе 2018 года з Анжалікай Агурбаш была заключаная дамова аб рэалізацыі 40 футравых вырабаў. Спявачка атрымала тавар і мусіла рэгулярна пералічваць грошы ад рэалізацыі футра, але гэтага не рабіла. У выніку «Белкаапсаюз» запатрабаваў ад яе прыблізна $ 83 тыс. Суд таксама пастанавіў спагнаць з адказчыцы каля 6,8 тыс. рублёў дзяржаўнага мыта.

Hавiны
«Што вы творыце, звяр’ё?» Зоркі звяртаюцца да сілавікоў і падтрымліваюць беларусаў
2020.08.10 17:39

Рашэнне можа быць абскарджанае ў судовым парадку цягам 15 дзён.

«Для мяне зварот у суд з боку «Белкаапсаюзу» і «Белкаапзнешгандлю» – поўная нечаканасць! Я зараз разбіраюся ў сітуацыі. Да высвятлення ўсіх абставінаў не даю ніякіх каментароў», – паведаміла «Белсату» Анжаліка Агурбаш.

Спявачка актыўна падтрымала беларускі пратэст, сама брала чынны ўдзел у акцыях каля беларускай амбасады ў Маскве. У сувязі з гэтым мы спыталі ў яе, ці не хвалюецца яна за сваю бяспеку, бо Беларусь патрабуе ад Расеі выдачы пратэстоўцаў. Там былі затрыманыя Аляксандр Фядута і Юрась Зянковіч, з гэтай прычыны пакінуў РФ і палітолаг Дзмітрый Балкунец.

«Не, я не планую і не збіраюся нікуды з’язджаць! У рамках правага поля Расейскай Федэрацыі я сябе адчуваю ўпэўнена і бяспечна. А вось ад цяперашняга рэжыму Лукашэнкі можна чакаць усё што заўгодна», – падкрэсліла Анжаліка Агурбаш.

Hавiны
Палітолаг, на якога беларуская Генпракуратура завяла крымінальную справу, з’ехаў з Расеі
2021.04.01 16:59

МГ belsat.eu

Стужка навінаў