7 рэчаў, якія трэба ведаць пра пенсію, нават калі не хочацца думаць пра старасць


Калі не будзеце сачыць за страхавым стажам, можаце застацца з пенсіяй $ 60. Але нават калі зробіце ўсё слушна, сярэдняя пенсія цяпер не перавышае $ 200. Што рабіць? Гэтым артыкулам «Белсат» пачынае новы цыкл «Як жыць будзем?» – пра важныя праблемы сучаснасці і будучыні.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: АВ / Белсат

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі на канец 2020 года было 2 485 800 пенсіянераў, сярэдняя пенсія паводле ўзросту за студзень – сакавік 2021 года склала Br 512,3 (38,8 % ад сярэдняга налічанага заробку), пры гэтым 24,7 % пенсіянераў яшчэ працавалі. Пенсійны ўзрост цяпер складае 57,5 года для жанчын і 62,5 года для мужчынаў, у 2022-м яго павысяць да 58 і 63 гадоў адпаведна.

Што рабіць, каб пенсія была лепшай, і як не застацца з капеечнаю сацыяльнаю пенсіяй? «Белсат» спытаў Наталлю Шчэрбіну, вядучую адмыслоўцу ў сацыяльных даследаваннях недзяржаўнага Даследчага цэнтру ІПМ.

Пенсіянеры сядзяць на лаўцы і размаўляюць. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Бальшыню не хвалюе пенсія, пакуль не наблізіцца перспектыва на тую пенсію жыць

«Не так шмат людзей у нас задумваецца пра пенсійную сістэму ў дачыненні самых сябе, – кажа Наталля Шчэрбіна. – Ёсць нейкая абстрактная пенсійная сістэма, і мы думаем, што ж з ёй будзе. Але людзі не часта пачынаюць выбудоўваць свае прафесійныя стратэгіі, згодна з разлікам на будучую пенсію».

У апытанні 2019 года (вынікі – у PDF-файле) даследнікі ІПМ дазналіся, што зусім няшмат беларусаў паглыбленыя ў пенсійную тэму хаця б на ўзроўні разумення. Калі людзей спыталі, ці думаюць яны, што будуць рабіць на пенсіі, і ці задумваюцца пра даходы, толькі каля 14 % маладзейшых за 50 гадоў адказалі станоўча. Накапленні пачынаюць часцей рабіць, калі ўжо набліжаецца пенсійны ўзрост, а значыць, часу і магчымасцяў нешта зрабіць ужо мала.

Аб’ектыў
Blacktower: Беларусь – найгоршая для пенсіянераў краіна Еўропы
2021.05.17 22:46

Самы распаўсюджаны варыянт адказу беларусаў на пытанне пра пенсіі – «навошта пра гэта думаць, мы не дажывём». У беларусаў няма традыцыі разважаць пра старасць і персанальныя стратэгіі. «Тэма не тое што табуяваная, але не папулярызаваная», – кажа Шчэрбіна. А ведаць трэба як мінімум наступныя сем рэчаў.

Пенсіянеры размаўляюць каля пад’езду. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

1. Праблемы пенсійнага фонду непазбежныя, бо насельніцтва старэе

Фонду сацыяльнай абароны ўжо цяпер не стае ўласных грошай на выплаты пенсіяў: дзяржава падтрымлівае фонд з бюджэту. Толькі за І квартал 2021 года ў фонд дакінулі Br 700 мільёнаў.

А з кожным годам дэфіцыт у фондзе расце. Пакуль за кошт бюджэту пакрываюць не настолькі значныя сумы, кажа Шчэрбіна: менш за 1 % валавога ўнутранага прадукту краіны. Але Міжнародны валютны фонд прагназуе, што пры адсутнасці зменаў праз 10–15 гадоў дэфіцыт фонду дарасце да 5 % ВУП.

«Гэта прагнозная лічба, якая не кажа ні пра што, акрамя таго, што ў нас працэсы старэння будуць набіраць абарот, скарачэнне долі працоўнага насельніцтва не прыпыніцца, нараджальнасць працягне падаць. Чакаць паляпшэння за кошт натуральнага прыросту не выпадае», – тлумачыць Шчэрбіна і дадае, што гэта нармальная праблема для шмат якіх краінаў, але да гэтага трэба прыстасоўваць пенсійную сістэму.

У канцы мінулага года ўлады анансавалі перафарматаванне пенсійнай сістэмы, але канкрэтных дзеянняў і датаў не запрапанавалі.

Hавiны
Больш за 90 % беларусаў не вераць у нябедную старасць на пенсіі
2020.02.28 17:22

2. Ёсць прыватныя пенсійныя фонды, ды ў людзей няма грошай і даверу

«Калі ты думаеш пра пенсію, калі ты гэтым заклапочаны, ты павінен штосьці рабіць. А магчымасці штосьці рабіць у нас абмежаваныя», – разважае адмыслоўца.

Сістэма добраахвотнага пенсійнага страхавання (у дадатак да дзяржаўнай пенсіі) у Беларусі развітая слаба. Паводле даследніцы, пенсійным фондам няма дзе развярнуцца: у іх няшмат магчымасцяў зарабляць, бо няшмат інвестыцыйных магчымасцяў для ўкладання сродкаў. Няма і даверу да стабільнасці доўгатэрміновых унёскаў: хоць дзяржава гарантуе захаванне ўнёскаў, людзі вераць хіба ў надзейнасць кароткатэрміновых укладаў, бо памятаюць пра страту ўкладаў пасля распаду СССР.

Пенсіянерка ідзе дадому. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Адкладаць на «другую пенсію» прапануюць дзяржаўная кампанія «Стравіта» (ад «Белдзяржстраху») і прыватная «ПрыёрЛайф» (ад «Прыёрбанку»). Яны даюць магчымасць адкладаць як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце. «Стравіта» прыводзіць такі тарыф для прыкладу: каб атрымліваць па Br 250 штомесяц цягам 10 гадоў, 50-гадоваму мужчыну трэба штомесяц плаціць па Br 135,49, 50-гадовай жанчыне – па Br 240,27, 30-гадовым – па Br 34,03 і Br 44,3 адпаведна.

Ды асноўная праблема пенсійнага страхавання, як і ўкладання грошай у доўгатэрміновыя дэпазіты, у тым, што ў беларусаў проста няма лішніх грошай, якія можна было б адкладваць на старасць, адзначае Шчэрбіна. Так і казалі ў 2019 годзе: калі пыталі, чаму не адкладаюць на старасць, людзі ўсіх узростаў часцей выбіралі адказ «няма вольных грошай».

Жанчына сталага веку чытае газету. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

3. Дзяржаўная пенсія мала залежыць ад таго, колькі чалавек зарабляў

У Беларусі дзеіць гэтак званая салідарная пенсійная сістэма. Гэта не «колькі адкладзеш, столькі атрымаеш»: людзі, якія працуюць цяпер, робяць унёскі, з якіх плоцяць пенсіі цяперашнім пенсіянерам. У беларускай сістэме дыферэнцыяцыя памераў пенсіяў малая, індывідуальны каэфіцыент заробку мала ўплывае на памер пенсіі (артыкул 56 Закону аб пенсійным забеспячэнні дае вынікам тое, што заробкі больш за 130 % ад сярэдняга заробку амаль не ўлічваюцца ў пенсіі). Гэта фармуе адпаведнае стаўленне ў людзей: нічога ні ад чаго не залежыць.

Калі перад маладзёнамі стаіць выбар між афіцыйным заробкам з адлічэннямі ў Фонд сацыяльнай абароны і большымі грашыма, але «ў канверце», часцей выбіраюць большыя грошы цяпер, кажа даследніца. Погляды мяняюцца з узростам: старэйшыя людзі ў асноўным аддаюць перавагу афіцыйнаму працаўладкаванню з адпаведнымі адлічэннямі з заробкаў.

4. Цяпер ідзе рэформа, якая развязвае праблему «ў моманце»

Цяпер у Беларусі ідзе ў пэўным сэнсе рэформа пенсійнай сістэмы: паэтапна павялічваюць узрост выхаду на пенсію і неабходны для атрымання пенсіі мінімальны страхавы стаж (гэта не агульны працоўны стаж, а час, калі выплачваліся ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны). Шчэрбіна бачыць дзве праблемы рэформы.

Ілюстрацыйнае фота. Марш мудрасці. Менск, Беларусь. 30 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Па-першае, пакуль гэтыя павелічэнні трываюць, колькасць пенсіянераў (а значыць, і нагрузка на пенсійны фонд) не расце. Але павялічваць пенсійны ўзрост не збіраюцца да бясконцасці, а значыць, пасля заканчэння павелічэння ўзросту ў 2022 годзе колькасць прэтэндэнтаў на пенсію зноў пачне расці, бо расце колькасць людзей у сталым узросце.

Другая праблема – рызыка трапіць у пенсійную пастку для людзей, якія не разлічвалі на такія змены ў пенсійнай сістэме.

5. Трэба сачыць за страхавым стажам, каб не трапіць у пенсійную пастку

Да 2013 года трэба было ўсяго 5 гадоў страхавога стажу для атрымання пенсіі паводле ўзросту, потым мінімальны стаж павысілі да 10 гадоў, потым да 15… У 2021-м мінімальны стаж склаў 17,5 года, яго будуць паэтапна падвышаць да 20 гадоў у 2025-м. Міністэрства працы прапаноўвала проста яшчэ папрацаваць тым, каму не стае страхавога стажу.

А стажу можа бракаваць не толькі тым, хто асэнсавана ўхіляўся ад выплатаў у Фонд сацыяльнай абароны, але і тым, хто працаваў афіцыйна і атрымліваў заробак легальна. Напрыклад, калі чалавек працаваў паводле дамовы падраду, а адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны не былі належным чынам прасочаныя і зафіксаваныя. Жанчынам цяжэй: у страхавы стаж не ўключаюць адпачынак для догляду дзяцей і тым больш час, калі жанчына «працуе хатняю гаспадыняй». Таксама не ўключаюць догляду людзей сталага веку або дзяцей з інваліднасцю.

Паводле даследніцы, людзі ў апытанні абураліся тым, што «нельга ж мяняць правілы ў час гульні». Шмат хто на такое не разлічваў, а «дабраць» страхавы стаж можа быць няпроста: на працу шмат дзе (асабліва ў малых гарадах) неахвотна бяруць людзей сталага веку.

Меркаванні
Ці варта ў Беларусі назапашваць на старасць, уклаўшы грошы ў кватэры?
2021.04.08 11:48

6. Што будзе, калі не стае страхавога стажу?

Тады ў Беларусі выплачваюць сацыяльную пенсію памерам 73 % бюджэту пражыткавага мінімуму пенсіянера. На момант публікацыі гэта Br 151,15 за месяц. Або прапануюць ісці працаваць.

Калі сярэднямесячны даход чалавека меншы за бюджэт пражыткавага мінімуму, можна напісаць заяву на атрыманне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, але такія выплаты могуць рабіць толькі ад 1 да 6 месяцаў за год. На перыяд больш за 6 і да 12 месяцаў такія выплаты могуць прызначыць адзінокім інвалідам І і ІІ групы, адзінокім людзям, старэйшым за 70 гадоў, няпоўным сем’ям з дзіцём-інвалідам.

Пенсіянерка ідзе дадому з пакетамі. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

7. Што рабіць маладым?

Даваць парады ў такой сітуацыі – няўдзячная справа, мяркуе Шчэрбіна. Напрыклад, можна было б параіць укладаць грошы ў замежныя пенсійныя фонды, але тады няма гарантыі правільнага выбару фонду і страхавання ад памылкі.

«Калі маёй дачцэ будзе 18 гадоў, што я магу ёй сказаць? Укладайся ў адукацыю, у працу, адкрывай сваю справу і разлічвай толькі на сябе», – разважае даследчыца.

Яна ўпэўненая, што калі пенсійная сістэма захаваецца ў нязменным выглядзе, яе рэсурсаў не хопіць на абслугоўванне пенсіянераў, доля якіх у насельніцтве будзе станавіцца ўсё большаю. Пенсійныя выплаты тады будуць зменшаныя. Калі ж сістэму мяняць, новыя рэформы могуць быць рызыкоўнымі, працэс зменаў будзе няхуткі, а пераходны перыяд – няпросты.

АА belsat.eu

Стужка навінаў