17 верасня: У чым абсурднасць лукашэнкаўскага «свята народнага адзінства»?


Лукашэнка падпісаў указ аб святкаванні Дня народнага адзінства. «Свята» будзе адзначацца 17 верасня – у дзень нападу СССР на Польшчу ў 1939 годзе, якая ў той час вяла няроўную барацьбу з нацысцкай Нямеччынай. У польскім войску супраць нацыстаў тады ваявалі дзясяткі тысячаў беларусаў.

Згодна з афіцыйнай версіяй, «гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народу, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе ва ўмовах Рыжскага мірнага дагавора».

Ацэнім новую дату з пункту гледжання рэальнай беларускай гісторыі.

На заклік Гітлера

Савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, якая тады была пад кантролем Польшчы, не проста па дамове з Гітлерам, а на ягоную просьбу. Дамовіліся пра падзел Польшчы нацысты і камуністы ў жніўні 1939 года – падпісаннем сакрэтнага пратаколу Пакту Молатава – Рыбэнтропа.

Нямеччына напала на Польшчу 1 верасня 1939 года. Гэтак пачалася Другая сусветная вайна. СССР з гэтага ж дня дапамагаў Гітлеру, арганізаваўшы радыёмаяк для нямецкіх самалётаў, прымаючы нямецкія караблі ў свае парты – каб іх не перахапілі караблі Вялікай Брытаніі, хаўрусніцы Польшчы. Пастаянна абмяркоўваліся і будучыя дзеянні войскаў.

3 верасня Берлін пачаў запытвацца ў Масквы, калі тая будзе біць у спіну Польшчы.

5 верасня бальшавікі адказалі нацыстам: «Мы лічым, што гэты момант пакуль не наступіў… паспешнасцю можна сапсаваць справу і зрабіць больш лёгкім аб’яднанне праціўнікаў».

8 верасня 1939 года немцы памылкова паведамілі пра захоп Варшавы, пасля чаго атрымалі тэлеграму з Масквы ад кіраўніка замежнапалітычнага ведамства СССР Молатава: «Я атрымаў вашае паведамленне пра ўступленне нямецкіх войскаў у Варшаву. Прашу перадаць мае віншаванні і вітанні нямецкаму ўраду».

9 верасня той жа Молатаў адказаў на чарговыя заклікі Берліну ўдарыць па Польшчы, што «савецкія ваенныя дзеянні пачнуцца цягам бліжэйшых дзён». Савецкія войскі сабраліся на мяжы.

14 верасня Масква паведаміла сваім берлінскім сябрам: «Чырвоная Армія дасягнула гатовасці хутчэй, чым гэта чакалася».

15 верасня Берлін запытаўся яшчэ раз пра дзень і гадзіну, калі Чырвоная Армія пяройдзе мяжу.

17 верасня а 2-й гадзіне новага амбасадара Нямеччыны Шуленбурга прыняў сам Сталін і паведаміў, што Чырвоная Армія нападзе на Польшчу а 6-й раніцы гэтага ж дня.

Замацоўваючы тэрытарыяльныя змены пасля 17 верасня, Сталін і Гітлер заключаць пазней дамову з афіцыйным назовам «Пра сяброўства і межы».

Маскоўскі гандаль беларускай зямлёй пасля 17 верасня

Беларускі народ не стаў вольным пасля 17 верасня 1939 года. БССР была толькі вонкавай формай савецкай акупацыі Беларусі, пра што сведчыць таксама практыка змены межаў, як да 1939 года, гэтак і пасля.

Тэрыторыя БССР у 1939–1944 гадах. Крыніца: wikimedia.org

Прыкладна праз год пасля ўрачыстага «узʼяднання беларускага народу ў адзінай беларускай рэспубліцы» ў Маскве трохі перадумалі. І вырашылі кавалак гэтага народу зноў аддзяліць. У лістападзе 1940 года без ніякага абмеркавання з насельніцтвам БССР страціла тры раёны – Гадуцішкаўскі, Свянцянскі і Парэцкі. Іх перадалі ў новаўтвораную Літоўскую ССР.

Хутка Масква вырашыла адарваць Заходнюю Беларусь і вярнуць яе палякам.

У 1941 годзе СССР пачаў ліхаманкава шукаць партнёраў на Захадзе. Для гэтага трэба было хаця б трохі памірыцца з палякамі, таму 30 ліпеня 1941 года была падпісаная польска-савецкая дамова, згодна з якой… СССР вызнаваў нядзейнымі савецка-нямецкія дамовы 1939 года пра падзел тэрыторыі Польшчы. Дамова пратрымалася да вясны 1943 года, калі стала вядома пра савецкія забойствы польскіх афіцэраў у Катыні.

Тэрыторыя БССР пасля 1944 года. Крыніца: wikimedia.org

Новыя кавалкі пачалі адразаць ад БССР ужо ў 1944 годзе, калі Сталін стварыў уласны кішэнны польскі камуністычны ўрад. У склад будучай камуністычнай польскай дзяржавы ён вырашыў аддаць яшчэ частку беларускай тэрыторыі – Беластоцкую вобласць і частку Берасцейскай

Меншыя кавалкі беларускай тэрыторыі ў 1946–1955 гадах Масква адразала яшчэ чатыры разы. І калі ў 1940 годзе тэрыторыя БССР складала 223 тыс. кв.км, то ў 1959 – 207 тыс. кв.км.

Савецкі тэрор у Заходняй Беларусі

Дагэтуль не палічаныя ахвяры першай хвалі савецкага тэрору. Якраз у другой палове верасня 1939 года быў забіты 71-гадовы Раман Скірмунт – былы прэмʼер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, які выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Польшчы.

Забівалі таксама святароў, каталіцкіх і праваслаўных, былых чыноўнікаў, паліцыянтаў ці проста тых, хто трапіўся пад руку. Аднак гэта быў толькі пачатак.

Савецкая масавая дэпартацыя ў Сібір. Крыніца: radabnr.org

У лютым 1940 года пачаўся масавы вываз насельніцтва ў Сібір. Паводле дакументаў НКВД, за некалькі дзён, з 10 да 13 лютага, Беларусь страціла 50 732 чалавекі. Падчас дарогі і ўжо на месцы ад жорсткіх маразоў і голаду да траўня памерлі больш за 11 500, пераважна дзяцей і старых.

«Памятаю, стаяў моцны мароз. Разам з дарослымі вывозіліся малыя дзеці, яны і спарахнелыя старыя хутка паміралі. Не давалі нават хлеба. З таварных вагонаў на станцыі «Ліда» маці высоўвалі рукі і лямантавалі – дайце за грошы малака для хворага дзіцяці, дайце лекі. Каля вагонаў нельга было збірацца: вагоны атачала строгая ахова. З вагонаў вынеслі некалькі трупаў памерлых дзяцей. Гэта быў цягнік, які вывозіў людзей Ваўкавыску. Тое ж было і з іншымі цягнікамі.

Узімку 1939–1940 гг. у Лідзе не хапала хлеба, солі, цукру, паліва, тлушчаў і нават бульбы. Немагчыма было купіць ніякай вопраткі ці абутку. Нешта яшчэ можна было купіць патаемна – з-пад палы. Аднак для афіцэраў (камандзіраў і начальнікаў Чырвонай Арміі) меўся ахоўны і добра забяспечаны таварамі з нацыяналізаваных прадпрыемстваў такі сабе гандлёвы дом. Сюды нельга было заходзіць пабочным. Новыя паны рабілі прыёмы, балі і вечарыны, а іх дамы, якія прыехалі з усходу, былі ўбраныя ў тутэйшыя начныя кашулі і ў свае родныя валёнкі, бо пантофляў для ўсіх не хапала – так і танцавалі на сваіх вечарынах», – згадвае сведка падзеяў Міхал Шымялевіч, былы сябра Таварыства беларускай школы.

Савецкая газета 1939-га года пра сяброўства Гітлера і Сталіна.
Фота: beam_truth.livejournal.com

Да 22 чэрвеня 1941 года Заходняя Беларусь перажыла яшчэ тры такія чэкісцкія аперацыі. Паводле дакументаў НКВД, у красавіку 1940 года было рэпрэсавана 26 777 чалавек, у чэрвені 1940 – 22 897, у траўні-чэрвені 1941 года – 24 412. Дадаткова тысячы трапілі ў турмы і ГУЛаг, прымусова былі адпраўленыя на розныя прадпрыемствы і шахты ў іншых рэгіёнах СССР.

17 верасня – кропка адліку антысавецкіх настрояў сярод заходніх беларусаў

Калі ў верасні 1939 года многія заходнія беларусы з надзеяй сустракалі савецкія войскі, то пазней настроі рэзка змяніліся. Мясцовае насельніцтва хутка стала чакаць прыходу любых іншых войскаў, каб тыя прагналі бальшавікоў.

І беларусы не толькі чакалі, але і дзейнічалі самі.

«Без зброі і па адным нам не дазвалялася нікуды адлучацца… У першай роце нашага батальёну аднойчы знік дазор з двух байцоў. Праз некалькі дзён аднаго з іх знайшлі прышпіленым да зямлі штыхом ягонай жа вінтоўкі, другога ўвогуле не знайшлі», – пісаў яшчэ да 22 чэрвеня 1941 года адзін савецкі курсант з-пад Горадні.

У нямецкіх дакументах 1941 года пішуць пра «бездакорныя паводзіны» беларускага насельніцтва, пра давер да нямецкіх войскаў і «ўздым, з якім мясцовыя жыхары сустрэлі сваё вызваленне ад савецкага рэжыму» (Трафейныя нямецкія дакументы, мікрафільмаваныя ў г. Алекзандрыя, штат Вірджынія, ЗША. Архіўная публікацыя Т314, ролік 1471, кадры 91-92).

Целы забітых камуністамі ў савецкіх турмах. Крыніца: wikipedia.org

Пазней нацысты даказалі беларусам, што нацызм не лепшы за бальшавізм.

Вось такі дзень – 17 верасня. Дзень, які стаў вынікам сяброўства і калабарацыі Сталіна і Гітлера. Дзень, які змяніў адну акупацыю Заходняй Беларусі на другую, куды больш жорсткую. Дзень, які прывёў да новай хвалі масавых рэпрэсіяў супраць беларусаў. Дзень, пасля якога Масква толькі працягвала раздаваць направа і налева кавалкі беларускай зямлі.

Дзень, пасля якога беларусы толькі мацней сталі ненавідзець савецкую ўладу.

РЛ Belsat.eu

Стужка навінаў