Віцэ-спікер Дзярждумы РФ: «Не спынімся, пакуль не дойдзем да мяжы з Польшчай»


Высокапастаўлены расейскі чыноўнік зрабіў чарговую скандальную заяву адносна ваенных планаў РФ. Віцэ-спікер Дзярждумы Расеі Пётр Талстой заявіў, што іх войскі не збіраюцца спыняцца, пакуль не дойдуць да межаў з Польшчай. Аб гэтым ён сказаў у інтэрв’ю La Repubblica.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«Думаю, мы закончым, калі дойдзем да мяжы з Польшчай. «Аперацыя» будзе лічыцца завершанай, «калі Украіна будзе цалкам дэнацыфікаваная і дэмілітарызаваная, гэта значыць калі яна перастане ўяўляць ваенную пагрозу для Расейскай Федэрацыі і не будзе магчымасці ператварыць яе ў антырасейскую…», – адзначае Талстой.

На пытанне, якая рэальная мэта вайны, ён адказаў: «Расея разгарнула войска мірнага часу. Мы не заклікалі да ўсеагульнай мабілізацыі, як ва Украіне. Дык вось, давайце рухацца далей паступова. Нягледзячы на ​​дапамогу Еўропы і істэрыю Борыса Джонсана або Мар’ё Драгі, мы скончым аперацыю, калі палічым патрэбным. Думаю, мы спынімся на мяжы з Польшчай».

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.
Фота: president.gov.ua

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк у эфіры тэлеканалу «Украіна 24» пракаментаваў словы віцэ-спікера Дзярждумы РФ Пятра Талстога:

«На мой погляд, гэта бліскучая заява. Яна стаіць у адным шэрагу з заявай спадара Лаўрова, якая датычыць дзяржавы Ізраіль. Гэта ўсё паказвае насамрэч, пра што думае палітычная эліта Расейскай Федэрацыі. Пра гэта не проста думае Пуцін. Пра гэта яны думаюць, яны жывуць гэтым, яны ў гэтым варацца. Гэта іх крывяносныя судзіны, па якіх ходзяць гэтыя заразныя бактэрыі жадання знішчыць усіх», – адзначыў Падаляк.

На думку Міхаіла Падаляка, словы Талстога адзначаюць намаганне РФ цалкам знішчыць украінскую дзяржаўнасць.

Нагадаем, што 22а красавіка намеснік камандуючага войскамі цэнтральнай вайсковай акругі Расеі генерал-маёр Рустам Мінекаеў паведаміў, што акупацыйныя войскі Расейскай Федэрацыі падчас другой фазы вайны хочуць цалкам захапіць Данбас і ўсталяваць кантроль над Паўднёвай Украінай.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў