Вугоршчына працягвае блакаваць нафтавыя санкцыі Еўразвязу супраць Расеі


Вугоршчына працягвала блакаваць прапанову Еўрапейскага Звязу пра забарону імпарту расейскай нафты, затрымліваючы тым самым увесь пакет санкцыяў ЕЗ, скіраваных супраць прэзідэнта Уладзіміра Пуціна праз вайну ва Украіне. Пра гэта піша «Bloomberg» са спасылкаю на асобаў, знаёмых з хадой перамоваў.

Уладзімір Пуцін і Віктар Орбан.
Фота: REUTERS

Сустрэча 27 амбасадараў ЕЗ завяршылася 8 траўня без пагаднення. Чакаецца, што перамовы адновяцца найбліжэйшымі днямі.

Прапанова ЕЗ прадугледжвае забарону імпарту сырой нафты цягам наступных шасці месяцаў і рафінаванага паліва да пачатку студзеня. Пры гэтым Вугоршчыне і Славаччыне прапанавалі адкласці санкцыі да канца 2024 года, а Чэхіі – да чэрвеня таго ж года, бо яны моцна залежаць ад расейскай нафты. Але Будапэшт такія ўмовы не задаволілі – і ён працягваў блакаваць увесь пакет санкцыяў.

Гэтыя захады павялічаць стаўкі для ЕЗ, які ў 2019 годзе імпартаваў амаль дзве траціны сырой нафты з Расеі. А таксама ўчыняць большы ціск на Маскву, бо ЕЗ цяпер найбуйнейшы спажывец нафты і паліва з Расеі.

Што яшчэ ў санкцыях?

Паводле плану ЕЗ, еўрапейскім кампаніям і прыватным асобам таксама плануецца забараніць даваць судны і страхавыя паслугі, неабходныя для транспартавання нафты ў трэція краіны.

Апроч таго, прапануецца адключэнне ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT яшчэ трох расейскіх банкаў, у тым ліку найбуйнейшага – «Сбербанку».

Расейскім юрыдычным і фізічным асобам абмяжуюць набыццё нерухомасці ў ЕЗ.

Асобныя санкцыі плануецца ўвесці на «блізка звязаную» з Пуціным алімпійскую гімнастку Аліну Кабаеву, патрыярха Кірыла, расейскіх вайскоўцаў і кампаніі, што пастаўляюць абсталяванне, матэрыялы і паслугі для расейскіх узброеных сілаў.

Меркаванні
Без расейскага газу і нафты. Як будуць жыць палякі?
2022.05.07 13:52

ПС belsat.eu

Стужка навінаў