Што, калі заўтра вайна? Паразмаўлялі з экспертам


Краіны Захаду лічаць, што 9 траўня Уладзімір Пуцін можа афіцыйна абʼявіць вайну Украіне. Пра прычыны такога рашэння і яго магчымыя наступствы пагаварылі з кіраўніком украінскага Цэнтру ваенна-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам.

Ілюстрацыйны здымак. Разбураны фасад жылога дому ў раёне Паўночная Салтаўка ў Харкаве, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Лічыцца, што асноўная прычына, з якой Расея можа абвясціць вайну Украіне, – гэта неабходнасць мабілізацыі, бо ў РФ канчаюцца рэзервы. Каб ацаніць цяперашнія сілы Расеі, ваенны эксперт Аляксандр Мусіенка прапаноўвае звярнуць увагу на адкрытыя звесткі брытанскай выведкі. Згодна з імі, Расея прыцягнула да вайне супраць Украіны 65 % баяздольнай сухапутнай групоўкі сваіх сілаў.

«Напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання гэтая групоўка войскаў складала каля 120–130 батальённа-тактычных групаў. А на сёння ў вайне супраць Украіны задзеяныя 92 батальённа-тактычныя групы. З гэтага можна зрабіць высновы, што Расея за два месяцы страціла каля 20–25 % свайго баяздольнага войска сухапутных сілаў. Гэта вельмі сурʼёзныя страты».

Разам з тым на ўкамплектаванасць расейскага войска чалавечымі рэсурсамі ўплываюць не толькі баявыя страты, але і банальнае нежаданне многіх кантрактнікаў РФ удзельнічаць у так званай спецаперацыі.

«Спецаперацыя – гэта вельмі хісткая юрыдычная канструкцыя, паколькі не носіць абавязковага характару для вайскоўцаў расейскага войска. То бок гэта практычна на ўзроўні з незаконным загадам. Бо ваяваць можна ў тым выпадку, калі ідзе атака непасрэдна на Расею або калі Расея бярэ ўдзел у аперацыях для падтрымання міру паводле мандату ААН ды іншых міжнародных арганізацыяў. Таму вайскоўцы шукаюць юрыдычныя хітрыкі, чаму ім не трэба ехаць ваяваць».

Ілюстрацыйны здымак. Фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна насупраць будынку Харкаўскай адміністрацыі, размешчаная актывістамі на барыкадзе. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Акрамя мабілізацыі, абвяшчэнне вайны дапаможа Расеі перавесці эканоміку на ваенныя рэйкі, што зробіць прыярытэтным вайскова-прамысловы комплекс. Разам з тым Аляксандр Мусіенка лічыць, што тут РФ сутыкнецца з негатыўнымі наступствамі санкцыяў, паколькі краіна фактычна праваліла абвешчаную праграму імпартазамяшчэння, а без чужых тэхналогіяў вайсковая прамысловасць не зможа выпускаць сучаснага ўзбраення і тэхнікі.

«Гэта будзе граць негатыўную для расейскай мілітарнай машыны ролю, што можа прывесці да таго, што яны будуць штампаваць зброю трэцяга пакалення ў вялікіх колькасцях, але гэта ўжо не будуць нейкія мадэрнізаваныя або сучасныя машыны і тыпы зброі. І ўлічваючы тое, што Украіне краіны NATO даюць больш сучасныя віды ўзбраення, Украіна ў гэтым сэнсе будзе мець перавагу».

Ваенны эксперт адзначае, што ў такой сітуацыі Расея зможа выкарыстоўваць сваю старую тактыку – здушэнне суперніка колькасцю. Гэта ў канчатковым выніку прывядзе да вялікіх стратаў сярод асабовага складу.

На думку Аляксандра Мусіенкі, фармальнай прычынай для абвяшчэння вайны можа стаць тэзіс аб тым, што «краіны NATO напампоўваюць Украіну зброяй». У такой сітуацыі вайна неафіцыйна ўжо будзе падавацца як канфлікт з Паўночнаатлантычным альянсам. Эксперт лічыць, што гэта стане істотным павышэннем градуса супрацьстаяння і чарговай прычынай для таго, каб дэмакратычны свет яшчэ больш згуртаваўся вакол Украіны.

«Я думаю, што Захад будзе рэагаваць рашуча. Неабходна разумець, што гаворка можа ісці аб яшчэ больш цвёрдым пакеце санкцыяў, аб наданні яшчэ большага падтрымання Украіне, і гэта ўжо дакладна прывядзе да кансэнсусу нават усіх скептыкаў, што ў Крамлі – сапраўдныя ваенныя злачынцы, якія мусяць панесці пакаранне».

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Пры гэтым эксперт не чакае далучэння Беларусі да вайны, бо беларускае грамадства і вайскоўцы не настаўленыя на гэта. Разам з тым у абвяшчэнні Расеяй вайны Украіне Аляксандр Мусіенка бачыць магчымасць для беларускага грамадства згуртавацца і вырвацца з-пад уплыву Крамля.

Hавiны
«Пуцін – баязлівец». Спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымала прызнанне Расеі спонсарам тэрарызму
2022.05.07 09:14

ВК belsat.eu

Стужка навінаў