Штайнмаер: «Вайна РФ супраць Украіны – гэта пералом эпохі»


Сёння прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер абвінаваціў Уладзіміра Пуціна ў забойствах, хлусні і падступным скажэнні гісторыі. «Deutsche Welle» паведамляе, што на адкрыцці кангрэсу Аб’яднання нямецкіх прафзвязаў Штайнмаер выказаў падтрыманне Украіне.

Frank Walter Steinmeier, zdj. Lene Munch/bundespraesident.de
Франк Вальтэр Штайнмаер, прэзідэнт Нямеччыны. Крыніца: Lene Munch / bundespraesident.de

«Вайна Расеі супраць Украіны – гэта разрыў з тым, што мы лічылі агульназразумелым. Гэта пералом эпохі», – заявіў Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Сёння ў Нямеччыне адзначаюць 77-ю гадавіну вызвалення краіны ад нацыянал-сацыялізму. Пад час прамовы на адкрыцці кангрэсу Аб’яднання нямецкіх прафзвязаў Штайнмаер заявіў, што цяпер 8 траўня – дзень вайны.

Дзеі Уладзіміра Пуціна былі названыя спробай канчаткова разбурыць падмурак еўрапейскага светапогляду, нападам на ідэі ліберальнай дэмакратыі і на каштоўнасці свабоды, правоў чалавека і самой чалавечай годнасці.

Штайнмаер рэзка раскрытыкаваў Пуціна:

«Калі ён кажа пра фашызм, пра «дэнацыфікацыю», ён хлусіць. Гэта падступнае і цынічнае скажэнне гісторыі. Пуцінскае параўнанне барацьбы з нацыянал-сацыялізмам са сваёй жорсткай, незаконнай, агрэсіўнай вайной супраць Украіны таксама ёсць падступным і цынічным здзекам з гісторыі. На падставе «дэнацыфікацыі» прэзідэнт Расеі забівае нават тых людзей, якія калісьці прайшлі праз пекла Галакосту», – падкрэсліў кіраўнік нямецкай дзяржавы.

Разам з тым Штайнмаер адзначыў, што гэтая вайна вымушае Нямеччыну і Еўропу рабіць балючы выбар. Прэзідэнт ФРГ прызнаў, што ён асабіста памыляўся і не верыў у магчымасць таго, што Пуцін гатовы прывесці ўласную краіну да палітычнага, эканамічнага і маральнага спусташэння дзеля задавальнення імперскіх амбіцыяў.

Hавiны
Шольц зноў звярнуўся да Уладзіміра Пуціна. Канцлер Нямеччыны папрасіў спыніць вайну
2022.04.20 10:27

Штайнмаер яшчэ раз выказаў падтрыманне Украіне і сказаў, што Нямеччына робіць гэта ад усяго сэрца, як і яе еўрапейскія суседзі.

Нагадаем, што 12 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не захацеў сустракацца з прэзідэнтам Нямеччыны. Зяленскі патлумачыў свае паводзіны прарасейскай пазіцыяй Штайнмаера.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў