Класкоўскі: «Лукашэнка не адразу асэнсаваў, што адбываецца ва Украіне»


Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў змены ў паводзінах Аляксандра Лукашэнкі ў звязку з вайной ва Украіне. У жывым эфіры «Белсату» Класкоўскі зазначыў, што Лукашэнка не да канца разумеў, чым пагражае развязанне вайны ў рэгіёне, а цяпер дасылае Захаду сігналы аб патрэбе перамоваў.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аналітык адзначыў, што рыторыка Лукашэнкі істотна змянілася, калі параўнаць даваенны час і першыя дні вайны. Цяпер ён дэманструе міралюбнасць замест пагрозаў на адрас Захада.

«Ён спрабуе дыстанцыявацца ад Крамля і дасылае на Захад сігналы, што гатовы мірыцца. Пытанне толькі ў тым, ці гатовы мірыцца сам Захад», – адзначыў Класкоўскі.

Эксперт выказаў думку, што новыя абставіны прымушаюць Лукашэнку да новага манеўру. У інтэрв’ю агенцыі «АР» палітык заявіў, што проста не чакаў, што вайна зацягнецца так надоўга. Таксама Класкоўскі адзначыў, што на заявы Лукашэнкі адразу адрэагавалі ў Крамлі. Дзмітрый Пяскоў заявіў, што нягледзячы на заявы ў Менску «аперацыя» ва Украіне ідзе згодна з планам. Эксперт мяркуе, што гэтым разам Расея не дазволіць Лукашэнку распачаць геапалітычную гульню, як гэта было ў 2014–2015 гадох.

Лукашэнка, Пуцін, Мэркель, Алянд, Парашэнка. Люты 2015 года. Фота – president.gov.by

«Верагодна, Лукашэнка трымае ў галаве яшчэ той стары ўдалы манеўр, калі згуляе мудрага міратворца. У Менск прыязджала спадарыня Мэркель і былы прэзідэнт Францыі», – дадаў Класкоўскі.

Аналітык лічыць, што задушэнне пратэсту сталася пераломным момантам у залежнасці рэжыму ў Беларусі ад Крамля. Нагадаем, што нядаўна Лукашэнка публічна заявіў, што прасіў у Пуціна дапамогі, калі сам не дасць рады. Тады, на думку Класкоўскага, дыктатар канчаткова спаліў масты з Захадам.

«Лукашэнка разлічваў на шчодрую ўзнагароду за хаўрусніцкую вернасць. Ён разлічваў на парад у Кіеве праз некалькі дзён пасля пачатку вайны. Але тыя дні расцягнуліся ўжо на некалькі месяцаў», – дадаў аналітык.

Таксама Класкоўскі дадаў, што заходнія санкцыі моцна прыціснулі рэжым у Беларусі і прымушаюць спрабаваць наладзіць масты з Захадам. Аднак аналітык мяркуе, што ЕЗ і ЗША больш не паддадуцца на манеўры Лукашэнкі, які не мае легітымнасці.

ЗХ belsat.eu

 

Стужка навінаў