Кіраўнікі краін G7 паабяцалі зменшыць залежнасць ад расейскіх энергарэсурсаў


Лідары краін «Вялікай сямёркі» абавязаліся ўзмацніць ціск на Расею, у прыватнасці – адмовіўшыся ад расейскіх нафты і газу. Пра гэта гаворыцца ў іх заяве, апублікаванай на сайце Белага дому па выніках віртуальнай сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім 8 траўня.

Краіны Вялікай сямёркі.
Фота: depositphotos.com

Паводле заявы, праз 77 гадоў пасля Другой сусветнай вайны рэжым прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ўварваўся ва Украіну, чым парушыў «заснаваны на правілах міжнародны парадак, у прыватнасці статут ААН, задуманы пасля Другой сусветнай вайны, каб пазбавіць наступныя пакаленні ад бедстваў вайны».

У G7 падкрэслілі поўную салідарнасць і падтрымку мужнай абароны Украінай свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці і яе барацьбы за мірную, квітнеючую і дэмакратычную будучыню.

Лідары краін G7 паабяцалі працягваць ваенную і абаронную дапамогу Узброеным сілам Украіны, пашыраць супрацу, у тым ліку ў пытаннях інфармацыйнай бяспекі, і падтрымліваць Украіну ў павышэнні яе эканамічнай і энергетычнай бяспекі.

Эканоміка: падтрыманне Украіны і санкцыі супраць Расеі

Краіны «Вялікай сямёркі» ў найбліжэйшыя тыдні абяцаюць узмацніць кароткатэрміновую фінансавую падтрымку Украіны, што дапаможа ліквідаваць фінансавыя разрывы і надаваць базавыя паслугі насельніцтву. Таксама яны плануюць распрацаваць варыянты доўгатэрміновай падтрымкі дзеля аднаўлення краіны і рэканструкцыі разбураных аб’ектаў інфраструктуры.

Як адзначаецца, з пачатку вайны G7 разам з міжнароднай супольнасцю ўжо вылучылі Украіне і паабяцалі дадатковую падтрымку на больш як 24 млрд долараў.

Hавiны
Вашынгтон увёў новыя санкцыі супраць банкаў і прапаганды Расеі
2022.05.08 20:40

Таксама краіны «Вялікай сямёркі» будуць працягваць уводзіць за вайну сурʼёзныя і неадкладныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі і Пуціна. У прыватнасці, плануецца «ўпарадкавана» зменшыць залежнасць ад расейскіх энергарэсурсаў, у тым ліку шляхам паступовага спынення або забароны імпарту расейскай нафты.

«Мы будзем прымаць захады, каб забараніць ці іншым чынам не дапусціць надання ключавых паслуг, ад якіх залежыць Расея», – гаворыцца ў заяве.

Апроч таго, плануецца ўзмацняць санкцыі супраць расейскіх банкаў, якія зʼяўляюцца сістэмна крытычнымі для фінансавай сістэмы РФ і якія звязаныя з сусветнай эканомікай. Будуць уводзіцца дадатковыя санкцыі супраць расейскіх фінансавых эліт і іх сваякоў, якія падтрымліваюць Пуціна ў ягоных ваенных дзеяннях.

Таксама працягнецца барацьба са спробамі расейскага рэжыму распаўсюджваць сваю прапаганду і дэзынфармацыю.

Уплыў вайны на свет

Лідары G7 адзначылі, што вайна РФ супраць Украіны прыводзіць да глабальных эканамічных праблемаў. У прыватнасці, негатыўна ўплывае на глабальныя пастаўкі энергарэсурсаў, угнаенняў і харчавання ды на функцыянаванне глабальнай лагістыкі ў цэлым.

Кіраўнікі краіны «Вялікай сямёркі» заклікалі Расею «спыніць блакаду і любую іншую дзейнасць, якая яшчэ больш перашкаджае ўкраінскай вытворчасці і экспарту харчовых прадуктаў, у адпаведнасці з яе міжнароднымі абавязкамі».

«Невыкананне гэтага будзе расцэненае як напад на харчовую бяспеку свету», – гаворыцца ў заяве.

Лідары G7 абяцаюць актывізаваць намаганні, каб дапамагчы Украіне захаваць вытворчасць харчавання і экспартаваць аграрную прадукцыю, у тым ліку альтэрнатыўнымі маршрутамі.

Hавiны
Вугоршчына працягвае блакаваць нафтавыя санкцыі Еўразвязу супраць Расеі
2022.05.08 19:02

ПС belsat.eu

Стужка навінаў