«Францыя – сорам!» Чаму 62-гадовы паляк галадае каля еўрапейскіх амбасадаў у Варшаве


Януш Сьвідэрскі дзевяць дзён галадае каля амбасадаў Францыі, Нямеччыны і Вугоршчыны ў Варшаве. 62-гадовы паляк кажа, што ягоны пратэст – гэта зварот да сумлення Еўропы.

9-ы дзень, як Януш Сьвідэрскі абвясціў галадоўку і пасяліўся паміж амбасадамі Францыі і Нямеччыны, каб выказаць салідарнасць з Украінай і звярнуць увагу ўладаў краінаў. Варшава, Польшча. 7 траўня 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Абвясціў галадоўку, бо бачу, што Еўразвяз, а ў прыватнасці Нямеччына і Францыя, выказваюць двухзначную і амаральную пазіцыю наконт расейскай агрэсіі ва Украіне. З аднаго, боку дапамагаюць ёй, а з другога – падтрымліваюць гаспадарку Пуціна. Штодзень у пуцінскі гаманец цякуць мільёны еўраў – грошы за газ і за нафту. Таму і спыніць яго нельга», – тлумачыць карэспандэнту «Белсату» Януш Сьвідэрскі.

«Ахоўваюць мяне 24 гадзіны на содні»

На намёце, які пратэстоўца паставіў адразу за плотам французскай амбасады ў Польшчы, напісана: «Францыя – сорам!», «Нямеччына – сорам!», «Вугоршчына – ганьба!», «Еўропа, перастань дапамагаць Пуціну!» (апошні надпіс – лацінкай на ўкраінскай мове).

Мужчына прызнаецца, што ягоныя заклікі асаблівага эфекту пакуль не маюць.

«Амбасадары не падыходзілі. Падышоў толькі нейкі працаўнік французскай амбасады разам з ахоўнікам, зрабіў фотаздымкі, вельмі здзівіўся, чаму на намёце змясціў і Францыю, бо Макрон жа, маўляў, так «ганяецца за гэтым Пуціным». «А пры магчымасці – робіць свой бізнес», – адказваю. На мой погляд, Макрон паводзіць сябе троху наіўна і цынічна. Пуцін не схільны да таго, каб нехта прамаўляў да ягонага сумлення, бо мае бандыцкае сумленне», – кажа галадоўнік.

Фота: Света Фар / Белсат

Амбасады Вугоршчыны і Францыі падзяляе толькі невялікі сквер. Нямецкая ж – зусім побач, праз дарогу. На дарозе, метраў за 20 ад намёту, стаіць аўтамабіль з паліцыянтамі ў форме за стырном.

«Не-не, паліцыянты ніяк не ўмешваюцца, – усміхаецца спадар Януш. – Наадварот – ахоўваюць мяне. 24 гадзіны на содні тут стаяць».

«Не маю грошай, але маю час»

У намёце мужчына зладзіў сабе імправізаваны ложак – там і спіць. А днём, калі надвор’е цёплае, выстаўляе на дварэ столік з двума крэсламі. На століку – кніжкі, графік галадавання, бутэлька з вадой. Паводле графіку, за восем дзён мужчына скінуў ужо каля 4 кг вагі. Апроч вады, спажывае электраліты.

Януш Сьвідэрскі распавядае, што ўжо мае досвед такіх галадовак. Першую ладзіў яшчэ 30 гадоў таму разам з беспрацоўнымі, якія заснавалі ў той час Камітэт абароны беспрацоўных. Пазней праводзіў чыста лячэбныя галадоўкі. Звяртае ўвагу, што ніякім чынам не заангажаваны ў палітыку, а цяперашняя акцыя мае выключна грамадзянскі характар.

Фота: Света Фар / Белсат

«Не ведаю, ці яна будзе паспяховая. Гэтага хіба ніхто не можа ведаць. Цалкам можа стацца, што і не. І я да гэтага падрыхтаваны. Але лічу, што патрэбныя розныя дзеянні. Адныя людзі дапамагаюць уцекачам з Украіны. Іншыя – выходзяць на пратэсты. Я ж акурат выбраў такую форму, бо не маю грошай, каб дапамагаць матэрыяльна, і не маю магчымасці, каб прыняць да сябе ўцекачоў. Але галоўнае – маю час. Таму раблю такі страйк», – тлумачыць мужчына.

Колькі яшчэ будзе пратэставаць – дакладна не кажа.

«Калі зусім змарнею – могуць адвезці ў шпіталь. Але пакуль цяжка сказаць, колькі тут буду стаяць. Не ведаю, як далей пойдзе. Але адчуваю яшчэ, што я ў добрым стане і магу гэта рабіць, таму – пратэстую», – гаворыць спадар Януш.

«Мой тата – камандзір!»

Галоўная ягонае патрабаванне да кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны – узмацненне санкцыяў супраць Пуціна з выразна акрэсленым тэрмінам пачатку іх увядзення. І гэты тэрмін не мусіць быць расцягнуты на паўгода, як у падрыхтаваным ЕЗ шостым пакеце санкцыяў. Інфармацыю аб увядзенні нафтавага эмбарга Януш Сьвідэрскі ўспрымае скептычна.

«Па-першае, шосты пакет яшчэ не прынялі. Па-другое, нават калі ён будзе прыняты, то будзе ўваходзіць у жыццё праз нейкія аж паўгода, а тым часам вайна будзе шалець напоўніцу і штодзень будуць гінуць людзі. Гэта ненармальна», – кажа ён.

Фота: Света Фар / Белсат

Спадар Януш расказвае, што да яго, каб падтрымаць, кожны дзень прыходзіць дачка, якая жыве ў Варшаве. Падыходзяць і простыя мінакі, у тым ліку ўкраінцы. Нядаўна размаўляў з украінкаю з дзецьмі, і малы хлопчык сказаў з гонарам: «Мой тата – камандзір!».

«Вось таму і пратэстую. Бо немагчыма сабе ўявіць, што ў наш мірны час, калі так цэнім чалавечую годнасць, свабоду і дэмакратыю, раптам – на нашых вачах! – хтосьці па-варʼяцку нападае на іншых людзей, бамбуе гарады, расстрэльвае, катуе», – гаворыць галадоўнік.

«Выбраць паміж прыбыткам і годнасцю»

Вулачка паміж дзвюма еўрапейскімі амбасадамі нешматлюдная. Калі няма з кім паразмаўляць, Януш Сьвідэрскі чытае кніжкі ці абдумвае прататыпы прыладаў для сваёй маленькай фірмы. На століку ляжыць «Кніга каралеўскага мастацтва» Бо Інь Ра, якую называюць падручнікам белай магіі, і духоўны трактат індыйскага езуіта Антоніў ды Мэлу «Адкрыць жыццё нанава». Апошні калісьці сказаў, што, каб прачнуцца, трэба найперш усвядоміць, што спаць – нашмат прыемней…

Януш Сьвідэрскі ўпэўнены, што Еўропа нарэшце прачнецца да канца.

Гісторыі
«Моцна не баяўся – Афганістан прайшоў». Лекар з Марыупалю тыдзень ехаў у Варшаву аўтам, якое трапіла пад абстрэл «Градам»
2022.05.04 13:12

Свой зварот да амбасадараў еўрапейскіх краінаў назваў «Да сумлення Еўропы». У ім заклікае цалкам спыніць гандаль з Расеяй і перастаць паціскаць руку Пуціну.

«Так, гэта будзе шмат каштаваць, будзе цяжка, будуць нараканні, пагоршацца ўмовы жыцця, але мы не збяднеем так моцна, як у тым выпадку, калі дазволім Пуціну раз-пораз падпальваць гэты свет. У жыцці кожнага чалавека і народу настае такі час, калі трэба выбіраць паміж прыбыткам і годнасцю. Такі час настаў», – піша ў звароце Януш Сьвідэрскі.

Пратэстоўца звяртаецца да ўсіх людзей сумлення, каб чынілі ціск на ўрады сваіх краінаў, а тыя, хто можа, далучаліся да ягонай галадоўкі «за сумленне і салідарнасць» каля амбасадаў Францыі, Нямеччыны і Вугоршчыны.

7 траўня Януш Сьвідэрскі галадаў дзявяты дзень.

9-ы дзень, як Януш Сьвідэрскі абвясціў галадоўку і пасяліўся паміж амбасадамі Францыі і Нямеччыны, каб выказаць салідарнасць з Украінай і звярнуць увагу ўладаў краінаў. Варшава, Польшча. 7 траўня 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў