«Беларускі Гаюн» вылучыў асаблівасці расейскіх абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі


Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» вылучыла цэлы спіс заканамернасцяў і асаблівасцяў расейскіх абстрэлаў Украіны, што праводзіліся з тэрыторыі Беларусі.

Разбураны жылы дом пасля расейскага ракетнага абстрэлу.
Фота: Белсат

Першы ракетны пуск з Беларусі па Украіне быў зафіксаваны 24 лютага роўна а 6:20. Агулам з пачатку вайны з беларускай тэрыторыі было запушчана не менш як 633 ракеты. Ракетныя запускі працягваюцца дагэтуль.

Адзначаецца, што ў першыя дні вайны ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі было мала, нібы расейскія войскі «прамацвалі» рэакцыю іншых краінаў на бамбаванне Украіны з тэрыторыі Беларусі. А на пачатку сакавіка запускі ракетаў сталі часцейшымі, таксама пачаліся і актыўныя палёты штурмавікоў і знішчальнікаў, з якіх таксама ляцелі ракеты. Самалёты запускалі ракеты не толькі з тэрыторыі Беларусі, але і пасля мінання мяжы ўжо на ўкраінскай тэрыторыі, асабліва часта – над Чарнобыльскай зонай.

Узлёты знішчальнікаў праходзілі паэтапна: спачатку з ваеннага аэрадрому ў Лідзе, затым – у Баранавічах, тады – у Лунінцы.

«Такі парадак узлётаў дазваляў авіяцыі Паветрана-касмічных сілаў РФ адначасова падлятаць да паўднёвых раёнаў Гомельскай вобласці: Мазыра, Ельску, Хойнікаў або Нароўлі, і адтуль ужо рабіць пускі ракетаў. Часам вылеты назіраліся толькі з аднаго ці двух аэрадромаў, але паслядоўнасць узлётаў засталася нязменнай», – адзначаецца ў справаздачы.

Асноўнай лакацыяй запускаў ракетаў паветранага базавання быў Мазырскі раён. Агулам запускі ракетаў адбываліся таксама з тэрыторыяў Калінкавіцкага, Хойніцкага, Ельскага, Нараўлянскага, Лунінецкага і Светлагорскага раёнаў.

Часцей за ўсё запускі ракетаў былі менавіта з зямлі. Гэтак, Узброеныя РФ шырока выкарыстоўвалі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр». Часам абстрэлы з «Іскандэраў» і самалётаў чаргаваліся.

Велізарную ролю ў абстрэлах Украіны згулялі чатыры самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, якія былі на аэрадроме ў Баранавічах і працавалі ў небе напераменку. Такі борт рабіў выведку, пасля чаго адразу ж адбывалася актыўная фаза рыхтавання і вылетаў самалётаў ці шрубалётаў, а таксама запускаў ракетаў.

Запускі ракетаў з зямлі ці паветра адбываліся ў асноўным у цёмны час ці ва ўмовах моцнай воблачнасці, каб цяжэй было адсачыць траекторыю палёту ракетаў, а таксама аператыўна вызначыць тып узбраення, што ў сваю чаргу дазволіла б зразумець прыблізную далёкасць палёту. Апроч гэтага, у прымежных раёнах Беларусі працавалі радыёлакацыйныя станцыі, што стваралі істотныя перашкоды ў працы мабільнага інтэрнэту і перашкаджалі аператыўна паведаміць пра факт запуску ракеты з зямлі ці паветра. Таксама ў беларускім небе ўвесь час былі самалёты радыёэлектроннай барацьбы.

У канцы сакавіка Расея пачала пераводзіць сваю авіяцыю назад на тэрыторыю РФ. З 25 сакавіка «Беларускі Гаюн» заўважыў, што знішчальнікі, якія праводзілі пускі ракетаў, пачалі прылятаць у Беларусь проста з РФ і рабіць пускі над Мазыром.

«Мэтанакіраваныя запускі ракетаў расейскімі знішчальнікамі над Беларуссю можна растлумачыць банальнай «бяспечнай зонай» для гэтых самалётаў, бо Украіна неаднаразова заяўляла, што не будзе адказваць агнём на напады з беларускай тэрыторыі, бо разумее, што Расея выкарыстоўвае гэтую тэрыторыю для ўцягвання Беларусі ў вайну. Дарэчы, у тым ліку праз гэта і праваліўся «бліцкрыг», т. б. Расеі пакуль не ўдалося прымусіць Беларусь увесці войскі ва Украіну», – гаворыцца ў аналізе.

Першы пік запускаў быў зафіксаваны 9 сакавіка, калі было зроблена мінімум 35 ракетных пускаў. Да пачатку красавіка запускі нарасталі штодня, а найбольшае бамбаванне з Беларусі Украіна зазнала 1 красавіка. У той дзень ракеты запусцілі не менш як 56 боегаловак, што прыкрывалі адступленне УС РФ з тэрыторыі Украіны.

Пасля адводу расейскіх войскаў ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны з Беларусі ненадоўга спыніліся. Імаверна, гэта было звязана з перакідваннем асноўных сілаў і тэхнікі з Беларусі ў РФ. Але абстрэлы працягваюцца дагэтуль.

Аналітыка
Што, калі заўтра вайна? Паразмаўлялі з экспертам
2022.05.08 13:53

ПС belsat.eu

Стужка навінаў