Што будзе далей – аптымістычны і песімістычны погляд на рэвалюцыю ў Беларусі


Рэвалюцыя, якая пачалася ў Беларусі пасля выбараў у жніўні летась, стала галоўнай тэмай не толькі ў медыях краіны, але і тэмай для разважанняў палітычных аглядальнікаў. Вакол перспектываў і развіцця палітычных працэсаў у краіне разгарнулася дыскусія. Праўда, нягледзячы на розную ацэнку палітычным падзеям, палітолагі сыходзяцца ў меркаванні, што існы рэжым у Беларусі доўга існаваць не можа, а трымаецца толькі і выключна дзякуючы падтрыманню з боку Крамля.

Ад «аксамітнага тэрору» да «тэрору кіравання»

З пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі ўлады распачалі рэпрэсіі супраць сваіх апанентаў. Першапачаткова былі кропкавыя затрыманні, якія з часам сталі больш масавымі. Фактычна ступень рэпрэсіяў залежыць ад таго, наколькі глыбокі палітычны крызіс і наколькі назіраецца дэкансалідацыя ўнутрыпалітычнай сістэмы, разважае палітолаг, доктар палітычных навук Павел Усаў.

Чым больш унутрысістэмны крызіс, і гэта адлюстроўваецца на сацыяльным узроўні, на падтрымцы, тым, зразумела, большы рэсурс тэрору, бо страчваюцца іншыя механізмы стабілізацыі сістэмы і рэжыму. Калі параўнаць сітуацыю з 2006 і 2010 гадамі, то рэпрэсіі і тэрор не былі такімі глыбокімі. Тады крызіс не закрануў усёй сістэмы ў цэлым, таму ўладам не было неабходнасці ладзіць такія маштабныя зачысткі.

Людзі выйшлі на акцыю пратэсту пасля таго, як Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю. Сілавікі пачалі затрыманні. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

«Крызіс пасля выбараў закрануў амаль усе галіны сістэмы, і іншых рэсурсаў, акрамя як тэрору, ва ўладаў не засталося. І калі характарызаваць сутнасць тэрору, то перад выбарамі я пісаў пра «аксамітны тэрор», бо не было зразумелым наколькі глыбокім будзе крызіс, і гэта была рэакцыя на мабілізацыю грамадства ў перадвыбарчым працэсе. Пасля таго, як стала вядома пра глыбіню крызісу, калі стала відавочна, наколькі ён закрануў сістэму ўлады, «аксамітны тэрор» пераўтварыўся ў «чорны тэрор», які быў звязаны з адкрытай дэманстрацыяй сілы і запалохваннем усяго грамадства, а не толькі часткі апазіцыі, актывістаў. Ён распаўсюдзіўся на ўсё грамадства і набыў самыя крывавыя формы. Канечне, гэта не дайшло да маштабаў тэрору таталітарных сістэмаў, да фізічнага вынішчэння праціўнікаў, але фактычна дайшло да прававога і палітычнага вынішчэння апанентаў. І гэта датычыць нават лаяльнай часткі грамадства», – кажа Павел Усаў.

Павел Усаў.
Фота: Белсат

Цяпер жа ўлады выкарыстоўваюць усе метады гвалту: псеўдаправавога ўздзеяння, псіхалагічнага гвалту. Усе інстытуты ў краіне накіраваныя на рэалізацыю тэрору, і мы назіраем, як тэрор стаў асноўнай часткай і фактычна палітычным інстытутам, робіць выснову Павел Усаў.

«Гэта той працэс, калі дзяржава функцыянуе толькі і выключна, каб падтрымліваць тэрор. І тэрор як палітычны інстытут функцыянуе толькі і выключна дзеля таго, каб падтрымліваць фармат дзяржавы і рэжыму, які існуе цяпер. Таму, калі агульна характарызаваць тэрор, то гэта на сёння не толькі палітычны інструмент, а хутчэй палітычны інстытут кіравання і ўтрымання ўлады».

Меркаванні
Сілавыя выбары ці «аксамітны тэрор»
2020.06.05 13:02

Палітолаг адзначае, што цяпер характарызаваць тэрор прыметнікам не выпадае, паколькі ён набыў форму дзяржаўнага інстытуту, праяўляецца ва ўсіх сегментах грамадства: адукацыі, медыцыны і гэтак далей.

Тэрор накіраваны не толькі на тое, каб знішчыць супраціў і нелаяльнасць, а каб трымаць у атмасферы страху ўсё грамадства ў цэлым. Адсюль і прысуды, у тым ліку і для падлеткаў, забіранне дзяцей у бацькоў, вяртанне так званай карнай псіхіятрыіі. Тэрор стаў асноўным, фундаментальным інстытутам палітычнага кіравання ў сістэме, якая створаная Лукашэнкам.

Меркаванні
Неабальшавізм і палітыка «чорнага тэрору»
2020.10.05 09:30

Хаатычная рэакцыя ўладаў на рэвалюцыю

У сваю чаргу Пётр Кузняцоў, палітычны аглядальнік, публіцыст, лічыць, што ўлады насамрэч кепска асэнсоўваюць рэчаіснасць. Мысленне ў рэжыму засяроджваецца на тактычных момантах, абы дзень прастаяць, а там неяк будзе далей. То бок яны вырашаюць праблемы па меры іх паступлення.

«Вось была праблема вулічных пратэстаў, яны іх душылі нягледзячы ні на што. Яе вырашылі, а цяпер вырашаюць праблему па вяртанні ў міжнародную палітыку і вяртанне да крыніцаў фінансавання. Але тое, што нарабілі раней, моцна перашкаджае ў сённяшнім дні. Гэта вялізныя хібы вузкага кругагляду. Гэта сітуатыўныя дзеянні», – кажа Пётр Кузняцоў, палітычны аглядальнік, публіцыст.

Заснавальнік сайту «Сильные новости» Пётр Кузняцоў.
Фота: Радыё Свабода

Мірная рэвалюцыя прайграла?

Пасля таго, як улады разгарнулі ў краіне масавы тэрор, складана чакаць, што грамадзяне кансалідуюцца і зноў мабілізуюцца дзеля актыўных дзеянняў, лічыць Павел Усаў. Да таго ж не змянілася псіхалогія рэвалюцыі. Нават у сімвалічных лідараў рэвалюцыя яна застаецца выключна мірнай.

«Мірным шляхам у кантэксце гвалту і тэрору рэвалюцыя завершыцца толькі самаахвярнасцю, але у псіхалагічным ці маральным плане не ўплывае на структуры, якія чыняць тэрор, – на міліцыянтаў, суддзяў. Так, там ёсць сумленныя людзі, але яны і гэтак не прымаюць удзел у рэпрэсіях, але толькі таму, што яны сумленныя людзі, а не таму, што паддаюцца на нейкі ціск грамадства.

Змагацца з лукашэнкаўскай сістэмай мірнымі акцыямі немагчыма. Фактычна мы бачым, што справы супраць людзей, якія выкарыстоўвалі мірныя спосабы ўздзеяння на сілавы апарат, караюцца, нібы была спроба замаху на жыццё. Сістэма нікога не шкадуе і не выкарыстоўвае мяккія формы ўздзеяння, а ідзе па жорсткаму сцэнару. Таму ў такіх умовах мірныя пратэсты не могуць прывесці да зменаў. А другі момант заключаецца ў тым, што, безумоўна, мы назіраем цяпер ліквідацыю ядра пратэсту», – адзначае Павел Усаў.

На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Палітолаг дадае, што ўлады саджаюць за краты, рэпрэсуюць або прымушаюць пакідаць межы краіны самую актыўную частку насельніцтва. Такім чынам улады замяняюць фізічнае знішчэнне праціўнікаў, выціскаюць з фізічнай і палітычнай прасторы краіны. У гэтых умовах заклікі да рыхтавання гадзіны «Х», пра якую кажуць псеўдапалітыкі, – толькі маніпуляцыі. Гэта намаганне здабыць уласны піяр на сітуацыі. Палітолаг кажа, што трэба быць шчырымі з людзьмі, распавесці, што мірныя захады не прывядуць да зменаў сістэмы.

«Няма падрыхтаваных людзей, а ўсе спробы падрыхтоўкі завяршаюцца або праваламі, або правакацыямі, якія мы бачым на прыкладзе з кампаніі Зянковіча, Фядуты. Улады выкарыстоўваюць непрадуманую актыўнасць на сваю карысць».

Аб’ектыў
«У грамадстве ёсць патэнцыял для расколу на ўзроўні ідэяў, установак». Адзінства падчас рэпрэсіяў
2021.02.25 22:24

Павел Усаў, нягледзячы на словы пра сумнеўныя вынікі мірнага змагання, ўсё ж адзначае, што не трэба спыняць барацьбу. Кожная асоба можа нейкім чынам разгойдваць гэтую сістэму, сумленна выконваць сваю працу, непадпарадкоўвацца злачынным загадам, не засуджваць, не маніпуляваць вучнямі, салідарызавацца, не даваць уладам звальняць ці запалохваць сваіх калегаў.

Мы таксама бачым, што трэцяй праблемай гэтага працэсу з’яўляецца адсутнасць салідарнасці ў людзей. Тое, што ўдалося зрабіць уладам, – гэта знішчыць асновы салідарнасці. Магчыма, недзе асновы гэтай салідарнасці яшчэ засталіся і недзе ёсць энергія пратэсту, але яна невідавочная, бо страх перад рэпрэсіямі і тэрорам, якія нічым не абмежаваныя, паралізуе актыўнасць і дзейнасць людзей. І гэты тэрор можа выклікаць адпаведную рэакцыю ў людзей.

«І тут самая крайняя форма барацьбы – адказ тэрорам на тэрор. Цалкам верагодна, што могуць знайсціся такія асобы, якія ў адчаі пачнуць рэалізоўваць апошнюю форму супраціву. Пакуль гэтага мы не бачым, не вядома, ці з’явіцца такая форма. У сучаснай гісторыі Беларусі такога не было. Але цяпер іншыя ўмовы, і шмат людзей даведзеныя да адчаю. І калі прэсінг і тэрор будуць працягвацца, то людзі, якіх давядуць да адчаю, пачнуць адказваць тэрорам на тэрор».

Рэвалюцыя яшчэ не завершылася, яна ідзе

Пётр Кузняцоў у сваім Telegram-канале піша, што памылковым з’яўляецца стэрэатып пра тое, што рэвалюцыя – гэта абавязкова барацьба за ўладу. Гэта стэрэатыпнае ўспрыманне навязанае нам міфамі пра стрэл Аўроры, штурм Зімовага і Уладзіміра Ільіча ў адным флаконе – як пра адзіны магчымы фармат рэвалюцыі. З савецкіх часоў, з пакалення ў пакаленне, мы прывыклі разумець само паняцце «рэвалюцыя» як нейкі акт наўпроставага ўздзеяння па захопу ўлады аднымі і адхіленні ад улады іншых.

«Рэвалюцыя сама па сабе – гэта карэнная, радыкальная перамена грамадскіх прыладаў, укладу, калі заўгодна. Калі на змену старому і аджыламу прыходзіць новае. Рэвалюцыі адбываюцца ў эканоміцы, культуры, тэхналогіях і вельмі часта ў свядомасці і светаўспрыманні. Што ж тычыцца пытання ўзаемаадносін рэвалюцый і ўладаў, то гэта, як правіла, вырашаецца паводле двух сцэнароў: калі ва ўладзе знаходзяцца людзі разумныя, яны пачынаюць рэформы для таго, каб прывесці існы стан справаў у адпаведнасць з новай рэальнасцю і такім чынам самазахоўваюцца, а калі ва ўладзе людзі неразумныя, яны ўсімі сіламі супярэчаць новаму, што ў выніку прыводзіць да таго, што іх проста змятаюць», – лічыць Пётр Кузняцоў.

Мітынг дзеля падтрымання дзейнай улады ля Дому ўраду. А. Лукашэнка кланяецца перад народам. 16 жніўня 2020. Менск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Змена ўлады, паводле палітычнага аглядальніка, не мусіць быць абавязковай падчас рэвалюцыі. Гэта толькі яе пабочны эфект у тым выпадку, калі ўлада аказваецца неактуальнай для абноўленага грамадства.

«Галоўная выснова – беларуская рэвалюцыя не прайграла. Беларуская рэвалюцыя яшчэ ідзе. Грамадства моцна абнавілася, можна сказаць, кардынальна – і ў гэтым беларуская рэвалюцыя ўжо выйграла. Аднак перамога гэтая ў поўнай меры немагчымая, пакуль не будзе вырашана пытанне з рэальнай уладай, і ў гэтым сэнсе рэвалюцыя яшчэ не перамагла, яна – ідзе», – адзначае Пётр Кузняцоў.

Шчыра кажучы
Ці ўдалося здушыць пратэсты ў рэгіёнах?
2020.12.16 18:35

Перспектывы рэвалюцыі і адсутнасць перспектывы ў рэжыма

Рэжым Лукашэнкі сёння трымаецца выключна на тэроры, іншых магчымасцяў легітымізацыі няма, лічыць Павел Усаў. На думку палітолага, паслабленне тэрору можа адразу прывесці да сацыяльных і палітычных выбухаў.

«Гэта як трымаць спружыну, якую сціскаюць і потым адпускаюць, – яна выстрэльвае. Тое ж адбываецца і з грамадствам. Гэта механізмы, правілы, якія не змяняюцца. А ў Беларусі такая сітуацыя, калі ўлады мусяць падтрымліваць тэрор. Гэта не толькі палітычны, але і эканамічны, сістэмны тэрор, і ён патрабуе сілкавання, бо як толькі скончыцца рэсурс тэрору, улады пачынаюць змякчэнне свайго падыходу, то гэта ўспрымаецца як слабасць і прыводзіць да сацыяльнага і палітычнага выбуху», – кажа палітолаг.

На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Увесь час рэжыму неабходна падтрымліваць апарат рэпрэсіяў, патрэбная доўгатэрміновая стратэгія рэалізацыі тэрору, бо да палітычных патрабаванняў грамадзянаў дадаюцца сацыяльна-эканамічныя патрабаванні. Але рэжым пры недастатковасці сродкаў пачне змяншаць пенсіі, сацыяльныя выплаты, паколькі рэсурсы пойдуць на іншыя патрэбы. Усё гэта будзе ствараць яшчэ большую тэмпературу для палітычнага выбуху.

«Канечне, тут, на жаль, ёсць і пэўныя вонкавыя аспекты, якія стабілізуюць сістэму. Гэта – Расея. Мы разумеем, што без падтрымання з боку Крамля, аўтарытарны рэжым у Беларусі разваліўся б ужо ў жніўні, ці ў першыя месяцы восені летась. І гэтае паказальнае палітычнае, эканамічнае і інфармацыйнае падтрыманне прыводзіць да стабілізацыі машыны тэрору», – кажа Павел Усаў.

Але і для Расеі ўвесь час падтрымліваць існы рэжым у Беларусі не зусім выгадна. Тым больш, калі мы кажам і бачым, што Расея хоча інтэграваць Беларусь больш глыбока, а інтэгравацца з краінай, у якой адбываецца глыбокі сістэмны тэрор – гэта вельмі дорага. Бо падтрыманне гэтага тэрору перакладзецца на плечы Расеі, Масква будзе вымушаная падтрымаць сістэму тэрору, іначай могуць адбыцца нечаканыя ўнутраныя рэакцыі беларускага грамадства.

«У бліжэйшай перспектыве, магчыма, да 2022 году ў рэжыма, дзякуючы падтрыманню з боку Масквы, рэсурсы пакуль ёсць. І ёсць адкуль іх выпампоўваць. А галоўнае – вонкавы рэсурс у выглядзе Расеі. Таму ў такіх умовах надзвычай важныя санкцыі, каб прыспешыць вычарпанне ўнутранай сістэмы тэрору і зрабіць вельмі каштоўнай вонкавае падтрыманне. Трэба зрабіць так, каб Расея зразумела, што падтрымліваць тэрарыстычны рэжым у Беларусі надзвычай дорага для ўласнага бюджэту».

ПраСвет
У Лукашэнкі забіраюць кісларод. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2021.05.07 18:12

З многімі тэзісамі Паўла Усава пагаджаецца Пётр Кузняцоў. Палітычны аглядальнік кажа, што сітуацыя ў нашай краіне будзе развівацца досыць павольна, калі глядзець з перспектывы асобнага чалавека, і даволі хутка з погляду гістарычнай перспектывы.

«Людзі абураюцца, кажуць, што чакалі абрынання эканомікі, а яна трымаецца. Але ж не бывае раптоўнага абвалу эканомікі, пэўныя зрухі не адчуваюцца раптоўна. Але негатыўныя аспекты для сістэмы толькі будуць павялічвацца, паколькі ў рэжыма вельмі бракуе рэсурсаў. І калі не будзе дастаткова рэсурсаў, стануць пазбаўляцца ад кадраў, першымі патрапяць пад звальненні кваліфікаваныя кадры», – кажа Пётр Кузняцоў.

Hавiны
«Не нашчадкі фашызму мяне будуць судзіць»: Лукашэнка – пра заяву ў пракуратуру Нямеччыны
2021.05.07 14:16

Цяпер, пасля падаўлення пратэстаў, сістэма ў мабілізаваным стане, але пасля гэтага заканамерна прыйдзе стан дэмабілізацыі і карозіі. І гэта ў існых умовах проста непазбежна, падкрэслівае палітычны аглядальнік.

Цяпер сістэма пад ціскам фактараў, якія яна і стварыла, а гэта і адсутнасць легітымнасці, і міжнародная ізаляцыя, і адсутнасць даверу з боку грамадзянаў краіны, адсутнасць эканамічных стымулаў. І калі яна саслабее, як некалі было ў СССР, тады адбудзецца выбух.

Але гэта агульны прагноз, на натуральны ход рэчаў у нашай краіне ўплывае Расея, якая запавольвае развіццё. Але нават гэты ўплыў можа толькі адтэрмінаваць канец сістэмы, спыніць развіццё проста немагчыма, мяркуе аналітык.

Фільмы
Пабачыць вясну
2021.05.06 20:05

СК belsat.eu

Стужка навінаў