«Купалінка» – песня пратэсту? Гурт «Dee Tree» пра новы альбом, этна-соўл і «выканкамаўскую свядомасць»


Беларускі соўл-гурт «Dee Tree» на мінулым тыдні выдаў міні-альбом «Усю восень», у якім змяшаліся народная музыка, стылі XX стагоддзя і сучаснае гучанне. Песні яны прысвяцілі «беларусам, якія перамаглі страх і абыякавасць».

Вакалістка Лера Дэле і бубнач Юры Звераў расказалі «Белсату» пра новыя песні і пра сваё ўспрыманне сітуацыі ў Беларусі. Альбом «Усю восень» можна паслухаць на ўсіх папулярных лічбавых пляцоўках.

Што гэта за жанр

Свой другі альбом гурт збіраўся выдаць яшчэ летась. Юры расказвае, што амаль адразу пасля выхаду першага альбому «All Is 111» летам 2019 году гурт пачаў думаць аб наступнай плытцы, але «спроба другога альбому нумар адзін» не выйшла: шукалі «больш жывое» гучанне, ладзілі выступы. Толькі год таму, калі Юры сустрэўся каля кавярні з басістам Філіпам Петчанкам, ён прапанаваў запісаць песню «Дубрава» – і паступова ідэя разраслася да чатырох беларускамоўных трэкаў. Ды запіс зацягнуўся на год: збіраліся зрабіць за лета, не паспелі, пачаўся палітычны крызіс, гурт часткова раз’ехаўся. Лера і Юры цяпер у Берліне.

Гурт «Dee Tree», 2019 год, у цэнтры Юры Звераў, справа ад яго Лера Дэле.
Фота: Максім Шумілін

Калі першы альбом можна было апісаць проста як англамоўны нэа-соўл, з другім цяжэй. Лера згадвае, што дыстрыб’ютары патрабуюць назваць жанр музыкі, якую распаўсюджваюць, а гэткія альбомы, якія не ўпісваюцца ў канкрэтны жанр, можа быць праблематычна «адрасна» даставіць слухачу. Музыка, кажа яна, сапраўды павінна быць катэгарызаваная, бо «без катэгорыяў людзі проста згубяцца».

«Альбом у нас не быў аб’яднаны стылем, – тлумачыць Юры. – Песні хутчэй аб’ядналіся вакол фактару беларускай мовы. Здзейснілі жаданне пакінуць такі маленькі след на беларускай мове. З гледзішча музыкі гэта чатыры абсалютна розныя трэкі: два трэкі акустычныя, «Дубрава» – этна-драм-энд-бэйс, «Аліна» – каля хаўсу, хаўс-дыска. Калі шчыра, я не думаў пра гэта, калі запісвалі».

Адкуль прысвячэнне беларусам

Альбом «Усю восень» гурт прысвяціў беларусам, «якія адважыліся, тым, якія перамаглi абыякавасць і страх, тым, якія пазналі адзін аднаго ўлетку і ўвосень».

«Кожны народ праходзіць свой шлях у барацьбе за права людзьмi звацца, – гаворылася ў апісанні міні-альбому. – І, на жаль, ні для каго ён не быў хуткім і простым. Мы адзін у аднаго ёсць, і нас шмат, на ўбачанае немагчыма зноў заплюшчыць вочы, а на зразумелае – забыцца».

Ды песні гурту не падобныя да таго, што звычайна завецца «пратэставай музыкай»: гучаць лагодна, а ў тэкстах няма адсылак да сучасных падзеяў. Як такая музыка спалучылася з такім пасылам?

Лера расказвае: яшчэ гады тры таму яе не асабліва хвалявала беларуская культура. Яна не разумела «прыколу» таго, калі людзі з гонарам пяюць свой гімн ці вывешваюць сцягі на балконах, не казала з гонарам «я беларус», а казала проста «я з Беларусі». Ды цяпер тое, што яна адчувае, найлепей адлюструе плакат з пратэстаў «Я узнал, что у меня есть огромная семья», кажа яна.

«Я часта сутыкалася з тым, што называлі «беларускім менталітэтам»: нешта такое выканкамаўскае, заціснутае, «як бы чаго не выйшла», – тлумачыць яна. – Ды калі ў 2020 годзе ўсё адбылося, калі людзі выйшлі на вуліцы, калі адбыліся пратэсты, я зразумела, што шмат чаго з гэтага «менталітэту» – гэта спадчына савецкай сістэмы, якая фільтравала такіх людзей. Я зразумела, што сапраўдныя беларусы не такія: нармальныя, адэкватныя і класныя людзі, і іх вельмі шмат».

Вершы Коласа і Купалы ў школьнай праграме яе не асабліва ўражвалі, цяпер Лера кажа, што разумее: «Яны адчувалі менавіта тое самае, што і людзі цяпер». І ў масавай свядомасці цяпер з’явілася мацнейшая сувязь з тымі творцамі і тымі словамі, мяркуе яна. Таму альбом прысвяцілі не столькі пратэстам, колькі «беларускай ідэнтычнасці, якая прачнулася ад сну».

Чаму «Купалінку» спявалі ў атачэнні АМАПу

На адным з жаночых маршаў Лера апынулася ў акружэнні АМАПу – спачатку ўсе крычалі, а пасля пратэстоўцы пачалі спяваць «Купалінку». Яна разважае: «Купалінка» гэта адна з тых песень, якія ўсе ведаюць, яна вельмі прыгожая і «жаночая», «народная» (цяпер вядомая апрацоўка народнай песні, зробленая сто гадоў таму паэтам Міхасём Чаротам і кампазітарам Уладзімірам Тэраўскім).

«Ты не спяеш «Тры чарапахі» ў акружэнні АМАПу, – разважае Лера. – А ў гэтай песні ўвасобілася тое ж пачуццё, якое бывае, калі цябе абкружае АМАП: ты адчуваеш сябе бездапаможным, але адначасова вы ўсе разам. Мне здаецца, з-за гэтага пачуцця песня і была напісаная».

У тым, што «дочка ў садочку ружу поліць, ручкі коліць, слёзкі пралівае», Лера чуе жалобу ад сутыкнення чалавека з «пазіцыяй слабейшага» – але тое, у якіх абставінах яе выконвалі, зрабіла песню «не пакутнай, а яднальнай».

Музыкі маюць адчуванне, што агулам нацыянальныя і народныя матывы ў цяперашняй Беларусі становяцца пратэставымі.

«Гэта адбылася не цяпер і не год таму, гэта, мне здаецца, лейтматыў палітыкі калі не апошніх 27 гадоў, то большай часткі гэтага часу, – кажа Юры. – Таму так, цяпер гэта асабліва востра, калі дайшло да таго, што ў цягніку забараняюць чытаць на беларускай мове кнігі».

Лера дадае: песні, якія сачыняюць людзі дзяржаўных структураў, здаюцца ёй жахліва няякаснымі. Людзі «з гарвыканкамаўскай свядомасцю» ствараюць «нейкага дзіўнага мутанта, які выклікае неадназначныя эмоцыі», не могуць стварыць прыгажосць, таму ненавідзяць тых, хто можа. А прыгожую творчасць могуць рабіць толькі людзі з вольнай свядомасцю. Народныя песні – гэта «прыгажосць, якая прайшла праз стагоддзі і стала яшчэ прыгажэйшай», таму яна ненавісная людзям «гарвыканкамаўскай свядомасці», рэзюмуе яна.

Будзе як у КНДР?

З нянавісцю да тых, хто можа ствараць прыгожае, Лера звязвае і закрыццё недзяржаўных крэатыўных установаў, як то культурны хаб «ОК-16» бар «Хуліган» ці стартап-хаб «Imaguru».

«Плён свабоднай свядомасці творчых людзей – гэта нешта вельмі непрыемнае для людзей з дзяржаўнай ідэалогіяй, таму яны гэта проста знішчаюць», – заяўляе Лера.

Гурт «Dee Tree» грае ў менскай арт-прасторы VondelRoof, у цэнтры Лера Дэле.
Фота: Максім Шумілін

Ці сыдзе беларуская культура ў фактычную або ўнутраную эміграцыю ў такіх умовах, ці будзе развівацца на знак пратэсту?

Юры кажа, што развіццё з гледзішча пратэсту можа быць, але ён не бачыць магчымасці развіцця «ў простым сэнсе, з гледзішча эвалюцыі». Апошнія 10 гадоў улады хоць і не стваралі ўмоваў для культуры, але прынамсі не асабліва перашкаджалі, але ўжо ня так.

«Цяпер, ва ўмовах такіх рэпрэсіяў я магу згадаць толькі тое, як развівалася культура ў 1930-я гады ў СССР, – кажа ён. – Не магу прыгадаць нейкіх прарыўных момантаў. Калі над людзьмі навісла небяспека, не да культуры».

Лера пагаджаецца з Юрыем: калі садзяць нават за каментар у Telegram, «фактычна выбіраеш, хочаш ты свабодна выражацца ці хочаш быць на волі, балансуеш між гэтым». Калі так будзе працягвацца — «ну, у Паўночнай Карэі таксама ёсць нейкая творчасць», кажа яна, і беларуская культура таксама можа стаць такой.

Але яна не верыць, што рэпрэсіўныя ўмовы могуць працягвацца доўга: ужо не той час, «ідэалогія так ужо не працуе», а людзі маюць розныя крыніцы інфармацыі.

Юры жа згадвае прыклад Украіны, дзе пасля рэвалюцыі 2014 году быў «культурны выбух», калі «перамагло нешта добрае»:

«Я думаю, што калі гэта адбудзецца ў Беларусі, а яно адбудзецца абавязкова, будзе наймагутнейшы рывок, нягледзячы на цяжкасці з кармічнага пункту гледжання, на перабудоўныя моманты. Калі не душыць культуру, будзе зноў вельмі хуткі ўздым, і магчыма, на значна больш высокім узроўні, чым было ў жніўні».

Hавiны
Плэйліст беларускага пратэсту. Слухай і пражывай 2020 год наноў
2020.12.26 18:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў