Слуцкае выданне «Інфа-Кур'ер» спыняе існаванне праз пераслед з боку ўладаў


У сакавіку ў рэдакцыі адбыўся ператрус, а рэдактараў пакаралі адміністратыўным арыштам. На гэтым тыдні ўсе публікацыі газеты, а таксама старонкі «Інфа-Кур’ера» ў сацсетках былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Рэдакцыя больш не зможа, на вялікі жаль, парадаваць вас цікавымі і карыснымі матэрыяламі, парадавацца вашым поспехам, паспрабаваць разам знайсці рашэнні тых праблем, з якімі вы сутыкаецеся. Мы вымушаныя спыніць выпуск друкаванай газеты, а таксама не можам працягваць працу на электронных пляцоўках.

Пра гэта балюча казаць. Пра гэта можна казаць толькі са слязьмі на вачах, суцяшаючы адзін аднаго тым, што мы стараліся працаваць, як казалі і самі чыноўнікі (асабліва пасля сыходу са сваіх пасадаў), прафесійна. Мы не займаліся прапагандай і ўсхваленнем каго б там ні было, не падладжваліся пад уплывы рознай палітычнай траскатні. Мы, вядома ж, дзесьці памыляліся, але заўсёды вучыліся і стараліся быць непрадузятымі», – гаворыцца ў заяве выдання.

«Дзякуем! За пражытыя 23 (з лішкам) гады нам не сорамна! Прабачце за такі крыўдны і непрадказальны фінал! Мы яго не абіралі», – рэзюмуе рэдакцыя.

Атака сілавікоў на газету «Інфа-Курʼер» распачалася ў сакавіку. 15 сакавіка ў рэдакцыі прайшоў ператрус. Галоўны рэдактар выдання Сяргей Станкевіч і ягоны намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя: ім далі па 15 содняў адміністратыўнага арышту. 24 сакавіка праўладны Telegram-канал апублікаваў відэа з журналістамі, дзе рэдактараў абвінавацілі ў «аднабаковай падачы інфармацыі», а таксама ў перадузятым асвятленні падзеяў 2020 года. Сілавікі падкрэслівалі, што журналісты ездзілі за мяжу на навучанне «журналістыцы па-еўрапейску ў стылі «Белсату» і CNN».

У канцы сакавіка суд спачатку прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі 6 артыкулаў газеты пра падзеі 2020 года, а потым, 5 красавіка, – наогул усю газету «Інфа-Курʼер». Акрамя таго, «экстрэмісцкім» прызналі сайт і старонкі выдання ў сацсетках.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў