«Цэлае пекла мы перажылі». Паразмаўлялі з жыхаркамі Бучы, якія перажылі расейскую акупацыю


Ужо на другі дзень расейскага ўварвання ва Украіну ў горадзе Буча Кіеўскай вобласці пачаліся баі. Больш за месяц райцэнтр заставаўся пад акупацыяй і быў вызвалены Збройнымі сіламі Украіны толькі 1 красавіка 2022 года. Пасля вызвалення ў мястэчку былі выяўленыя факты масавага забойства мірных жыхароў. Пра жудасны час у гісторыі Бучы «Белсату» распавялі жыхары гораду, якім удалося ўцалець.

Знішчаны мост пасля сыходу расейскіх войскаў ва ўкраінскім горадзе Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле мясцовай жыхаркі Уладзіславы, увесь перыяд акупацыі ейная сям’я недаядала і старалася не выходзіць з дому, бо на дварэ няспынна стралялі.

«Быў час, што мы некалькі дзён увогуле галадалі і пілі толькі ваду. Мы не ведалі, дзень ці ноч, страляла пастаянна. Але дзеці навучыліся ўжо, яны ведалі, дзе бомба, дзе страляе аўтамат, дзе страляе танк. То бок ужо разумелі, што на дварэ адбываецца».

Нягледзячы на голад, не так шмат жыхароў Бучы адважваліся пакінуць акупаваны горад. У ваколіцах райцэнтру было прынамсі пяць блокпастоў расейскіх войскаў, якія трэба было мінуць, што часта каштавала жыцця жыхарам Бучы.

«Страшней за ўсё было прайсці блокпост, дзе былі кадыраўцы. Яны маглі страляць на паражэнне, не пытаючы дакументаў, нічога. Кадыраўцы забівалі ўсіх, незалежна, гэта дзеці, жанчыны, мужчыны, якога ўзросту – білі на паражэнне. І таму ў тым месцы было вельмі шмат трупаў, якія цяпер пахавалі на тэрыторыі царквы. Былі блокпасты, якія забівалі толькі мужчынаў ад 18 да 60 гадоў – правяралі дакументы. Былі блокпасты, якія проста стралялі: адных прапускаюць, а ў іншых страляюць. То бок не тлумачылі, чаму так. Адныя людзі прайшлі, іншыя ідуць і думаюць, што раз тыя прайшлі, то і мы пройдзем. А па іх пайшла чарга».

Hавiны
Медыі паведамілі пра перахоп радыёперамоваў вайскоўцаў РФ. Яны абмяркоўвалі разню ў Бучы
2022.04.07 15:45

Але нават калі мясцовыя жыхары не выходзілі з дому, гэта ўсё адно не гарантавала ім бяспекі, бо салдаты заходзілі ў дамы ў пошуках прадуктаў і рэчаў.

«Яны спачатку крамы ўсе абрабавалі, а потым хадзілі па дамах і адбіралі ў людзей ежу. Даходзіла да крупаў і кансерваў. Калі нешта на чалавеку спадабалася – здымалі. Калі людзі пачыналі супраціўляцца, іх расстрэльвалі. Проста расстрэльвалі. На вуліцы Вакзальнай больш за ўсё яны забівалі. Яны маглі паздзекавацца – раздзець дагала ўсіх, усю сям’ю, пакласці ды звязаць рукі, і ўжо развязваць прыходзілі суседзі. Яны не тлумачылі сваіх дзеянняў».

Пра забойства мірных жыхароў Уладзіслава не проста чула ад знаёмых, але і бачыла гэта на ўласныя вочы.

«Я асабіста бачыла, як расстралялі мужчыну вось там з сабакам. І я бачыла, калі хлопчык да нас паранены забег і сказаў, што забілі на ягоных вачах бацьку, і ў яго былі тры кулявыя раненні. Хлопчыку 14 гадоў. У бамбасховішча прыбег, мы надалі яму першую дапамогу. Я гэтага хлопчыка супакойвала, я дапамагала яму. Мы перавязвалі адзеннем. Мы далі яму кетанол – абязбольвальнае, бо ў яго быў моцны крывацёк праз тры прастрэлы, мы апрацавалі спіртам раны ды рвалі тканіну, адзенне, бо не было нічога. На самую вялікую рану мы паклалі жаночую пракладку і пераматалі».

Цела мясцовага жыхара пасля сыходу расейскіх войскаў з украінскага гораду Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Іншая жыхарка Бучы Людміла таксама пацвярджае гэтую гісторыю. Паводле яе, забітым быў шматдзетны бацька, які проста хацеў пракарміць сям’ю.

«Сусед наш – у яго трое дзяцей – толькі пабудаваўся, і ён з малодшым сынам на роварах быў, ім сказаў нехта, што гуманітарную дапамогу прывезлі. Ён узяў хлопчыка малодшага і паехаў. Іх спынілі, яны рукі паднялі, але бацьку забілі адразу, а хлопчыку стрэлілі ў галаву. Але ў яго была шапка, і гэтая шапка ўратавала гэтае дзіцё. Акрамя гэтага яму паранілі руку. Ноччу хлопцы гэтае цела забралі і занеслі ў ягоны дом, жонка яго там пахавала».

Hавiны
«Яны стралялі ў нашых дзяцей». Валанцёр расказаў пра тое, што пабачыў у Бучы
2022.04.04 23:45

Людміла гаворыць, што спачатку гараджане стараліся хаваць забітых, але потым перасталі гэта рабіць.

«Праз дарогу ад нас, каля шматпавярховікаў, на вуліцах падбіралі людзей і спачатку рабілі магілы, але потым пачалі баяцца. Людзі ляжалі проста тут на вуліцы, валяліся пад платамі. Баяліся, бо былі выпадкі, калі трупы замініраваныя. Вось сёння цэлы дзень працавалі і насілі трупы, трупы ляжалі ўздоўж дарогі. І такіх вельмі шмат за пераездам, вось там шмат такіх людзей, якіх расстралялі ў патыліцу. І чамусьці звязвалі рукі, я не ведаю чаму».

Да размовы далучылася Валянціна, якая таксама бачыла забойствы.

«У двух словах немагчыма гэта перадаць. Цэлае пекла мы перажылі, нават не думалі, што выжывем. Расстралялі майго суседа, ён проста ішоў, але яго забілі – у галаву. Коля Самойленка. І забілі яшчэ суседскую дзяўчыну Аню, яна таксама проста ішла – і застрэлілі. Ні за што, проста ні за што».

Аналітыка
«З усім змесцівам зраўняць з зямлёй». Што кажуць пра частку, дзе служылі меркаваныя каты Бучы
2022.04.05 19:34

ВК belsat.eu

Стужка навінаў