«EPAM» сыходзіць з Расеі з прычыны вайны ва Украіне


«EPAM» спыняе ўсе аперацыі ў Расеі. Пра гэта галоўны выканаўчы дырэктар кампаніі Аркадзь Добкін паведаміў у лісце да працаўнікоў, піша dev.by. Прычына сыходу з расейскага рынку – вайна ва Украіне.

У пятніцу 8 красавіка «EPAM» зладзіць агульны сход для працаўнікоў у Расеі, прэзентуе інфармацыю адносна сыходу кампаніі з краіны і адкажа на пытанні.

«Паважаныя калегі, вайна ва Украіне, распачатая расейскім урадам, прынесла трагічную і страшэнную рэчаіснасць народу Украіны, усяму свету і «EPAM». Гэтая агрэсія спусташальная, і мы самым рашучым чынам яе асуджаем, – напісаў Добкін у лісце да працаўнікоў. – 4 сакавіка мы абвесцілі пра сваё рашэнне спыніць абслугоўванне кліентаў у Расеі. Пасля пільнай ацэнкі нашай дзейнасці за апошнія чатыры тыдні і кансультацыяў з нашымі кліентамі і партнёрамі па ўсім свеце, мы пастанавілі спыніць усе аперацыі «EPAM» у гэтай краіне».

Скрыншот ліста Аркадзя Добкіна да працаўнікоў «EPAM». Крыніца: dev.by

Закрыццё «EPAM» у Расеі адбудзецца паэтапна цягам наступных трох месяцаў.

Hавiны
Кампанія «Wargaming» аб’явіла аб рашэнні пакінуць Расею і Беларусь
2022.04.04 15:51

Ад пачатку вайны «EPAM» выдзеліў гуманітарную дапамогу сваім украінскім працаўнікам і іхным сем’ям на суму $ 100 млн. У бліжэйшыя дні будзе запушчаны «EPAM Ukraine Assistance Fund», чыя місія – дапамагаць усім украінцам у нядолі.

«Хоць патрэба ў дапамозе большая, чым мы як адна кампанія можам задаволіць, нашая мэта – працаваць разам з нашымі людзьмі, кліентамі і партнёрамі як глабальная супольнасць, каб дапамагчы Украіне і ўкраінцам ува ўсім свеце… – піша Аркадзь Добкін у лісце. – І сёння, больш чым калі-небудзь, мы падтрымліваем Украіну і ўсе ўрады, бізнесы і людзей, якія асуджаюць дзеянні супраць народу Украіны […]. Калі ласка, заставайцеся ў бяспецы, падтрымлівайце адно аднаго і самых блізкіх вам людзей і далучайцеся да нас у барацьбе за сапраўдны і трывалы мір».

Офісы «EPAM» у Расеі ёсць у Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Саратаве, Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Іжэўску, Самары, Цверы, Краснадары і Тальяці.

У 2021 годзе ў «EPAM» у Расеі працавалі 6190 чалавек.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў