«Еду да ўнучак, якіх ніколі не бачыў». Рэпартаж з цэнтру для ўцекачоў у польскім Жэшаве


Стары гандлёвы цэнтр у польскім Жэшаве на нявызначаны час ператварыўся ў цэнтр прыёму ўцекачоў з Украіны. Прыватная фірма «Centrum Medyczne Medyk» аддала цэлы паверх на патрэбы людзей. Раней тут быў прышчэпачны пункт ад ковіду, цяпер – начлег. Шэлтар пачаў працу 4 сакавіка. Гэта даволі папулярнае месца часовага побыту сярод уцекачоў, бо яно месціцца недалёка ад мяжы. Да таго ж сам Жэшаў мае добрыя транспартныя зносіны праз чыгуначны вакзал. Тут людзям дазваляюць спыняцца на два, максімум тры дні. Але ёсць выключэнні, калі чалавек можа застацца тут даўжэй – напрыклад, чакаючы візы ці дакументаў. Карэспандэнтка «Белсату» наведала горад, дзе падчас свойго візіту ў Польшчу таксама пабываў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, і паглядзела, у якіх умовах жывуць уцекачы.

Дзіцячы пакой у цэнтры для ўцекачоў. Шэлтар забяспечвае людзей медычнай дапамогай, ежай, адзеннем, прадметамі асабістай гігіены, а валанцёры дапамагаюць зрабіць неабходныя дакументы і атрымаць квіткі на міжнародны транспарт.
Фота: Белсат
Дзяўчынка спіць у шэлтары для ўкраінцаў у Жэшаве.
Фота: Белсат
Украінскія ўцекачы адпачываюць у пакоі для начлегу. Яны могуць спыніцца ў цэнтры на пару дзён, адпачыць, атрымаць медычную і гуманітарную дапамогу. Калі чалавек з’язджае, то атрымлівае скрыню з дапамогаю. Валанцёры кажуць, што іхная мэта – зрабіць так, каб людзі пачуваліся тут як дома.
Фота: Белсат
Пакой з ложкамі ў цэнтры для ўкраінскіх уцекачоў у Жэшаве. У сераду, 6 красавіка, у горад завітала дэлегацыя прадстаўнікоў ЕЗ. Як паведамляе інфармацыйны партал «Rzeszów News», афіцыйныя асобы не толькі паглядзелі, як дапамагаюць украінцам, але і анансавалі, што краіны, якія актыўна спрыяюць уцекачам, атрымаюць фінансавую дапамогу.
Фота: Белсат
Жанчыны спыніліся ў шэлтары, пакуль чакаюць візаў у Англію. Вольга (злева) выехала з Бучы, Аксана, Алена і Ірына – сваячкі, яны з Вінніцкай вобласці. Пакуль у іхным горадзе спакайней, але зусім няма працы. Жанчыны не ўспрымаюць свой ад’езд як уцёкі, бо ва Украіне ў іх засталіся дзеці і мужы. Яны плануюць трохі зарабіць грошай, каб вярнуцца і падымаць эканоміку дома.
Фота: Белсат
Сталоўка ў цэнтры для ўцекачоў.
Фота: Белсат
Жанчына адпачывае ў шэлтары для ўкраінскіх уцекачоў.
Фота: Белсат
Пральня ў шэлтары. Тут уцекачы могуць памыць адзенне і прыняць душ.
Фота: Белсат
Пара сталага веку адпачывае ў шэлтары для ўкраінскіх уцекачоў.
Фота: Белсат
Украінскія ўцекачы адпачываюць у шэлтары. Марына з Кіева (справа) малюе герб на майцы адной з дзяўчатак, што сабраліся ў пакоі. Марына чацвёрты дзень чакае візы ў Англію. Калі пачалася вайна, яна з’ехала да бацькоў у Крывы Рог. Сям’я ўгаварыла яе ехаць далей, у больш бяспечнае месца. Мама, бацька і брат засталіся дома. «Маляваць – гэта маё хобі, якое мяне супакойвае. Я так пазбаўляюся ад стрэсу. Распісваю адзенне, раблю макіяж. У мяне засталося шмат карцінаў дома. Першае, што я забрала з Кіева, – энцыклапедыю аб віне і фарбы – мае скарбы. Працую я афіцыянтам, але хачу стаць самэлье. Мне вельмі падабаюцца віны, вінная культура».
Фота: Белсат
Украінец Васіль Кубаль спыніўся ў цэнтры для ўцекачоў літаральна на адзін дзень, каб пераночыць і рухацца далей, да сына ў Англію. «Мая жонка памерла пасля нараджэння сына. Я яго гадаваў адзін, – дзеліцца Васіль. – Сын паехаў на вучобу паводле абмену ў Англію 15 гадоў таму і застаўся там. Я пабудаваў для яго дом, але ён так і не пажыў у ім. Цяпер і я пакідаю свой дом. Раней у мяне не было магчымасці паехаць да яго ў госці, а яму да мяне. Так выйшла, што я ні разу не бачыў сваіх унучак – адной сем, другой – чатыры гады. Вось еду сустрэцца з імі ўпершыню».
Фота: Белсат
Валанцёр раскладае адзенне для ўцекачоў. Бясплатная крама месціцца ў шэлтары, дзе людзі могуць атрымаць патрэбныя рэчы для сябе і дзяцей.
Фота: Белсат
Украінскія ўцекачы адпачываюць у пакоі для начлегу.
Фота: Белсат

За час расейска-ўкраінскай вайны, паводле звестак ААН, Украіну пакінулі больш за 4,3 млн чалавек. Уцекачы едуць пераважна ў Польшчу, і польска-ўкраінскую мяжу перайшлі ўжо больш як 2,5 млн чалавек. У гэтай дзяржаве ўкраінцы могуць адпачыць і абраць для часовага прытулку іншыя краіны. Праграмы дапамогі ўцекачам з Украіны працуюць у большасці краінаў Еўразвязу.

Фотарэпартаж
«Калі пачынаю гаварыць, плачу». Як у польскім Жэшаве дапамагаюць украінскім уцекачам
2022.04.03 15:21

Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў