Беларусы, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне, змогуць атрымаць гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы


Польскі Сейм прыняў новую пастанову, якая тычыцца дапамогі ўцекачам з Украіны. Таксама найбліжэйшым часам у польскім заканадаўстве з’явяцца важныя змены, дзякуючы якім легалізацыя беларусаў у Польшчы будзе спрошчаная. На дадзены момант гэта толькі праект закона – ён яшчэ не ўвайшоў у сілу і можа быць істотна зменены.

Польскі Сейм.
Фота: sejm.gov.pl

Цяпер беларусы змогуць атрымаць нацыянальную візу (у тым ліку гуманітарную) на тэрыторыі Польшчы. Па словах юрыстак Цэнтра Беларускай Салідарнасці, ёсць некалькі нюансаў:

  • Грамадзянін Беларусі павінен прысутнічаць на тэрыторыі Польшчы падчас падачы дакументаў на візу;
  • Заяву аб падачы на гуманітарную візу можна будзе падаць у пэўны тэрмін, пазначаны ў асобнай пастанове. Напрыклад, з 8 красавіка па 8 снежня 2022 года. Гэта ж пастанова будзе вызначаць грамадзян краін, якія змогуць скарыстацца гэтым інструментам абароны.

Хутчэй за ўсё, рашэнне будзе распаўсюджвацца на ўсіх грамадзян Беларусі, пацярпелых ад рэпрэсій, а не толькі на тых, хто заехаў з Украіны ў Польшчу пасля 24 лютага.

Заяву на атрыманне візы можна будзе падаць у візавым цэнтры пры консульскім дэпартаменце МЗС. Ад выплаты візавага збору беларусы вызваляюцца.

Асобы, якія знаходзяцца на падставе віз, выдадзеных па гуманітарных прычынах, змогуць працягнуць сваё знаходжанне ў Польшчы на падставе гуманітарнага віду на жыхарства, якім у хуткім часе будзе дапоўнены закон аб іншаземцах (артыкул 186 абзац 1 пункт 9). На гэты від на жыхарства змогуць прэтэндаваць толькі тыя грамадзяне Беларусі, якія мелі гуманітарную візу. Дадзены від на жыхарства будзе даваць доступ да рынку працы, і не трэба будзе пацвярджаць свой даход або сродкі на ўтрыманне сям’і.

Уладальнікі гуманітарнай візы або ВНЖ змогуць атрымаць польскі дакумент, які дазваляе вольна перамяшчацца па Шэнгенскай зоне. Дадзены праязны дакумент заменіць сабой беларускі пашпарт падчас паездак.

ГГ/ТК belsat.eu

Стужка навінаў