За ўдзел у шпацыры з БЧБ-парасонамі дзяўчыну арыштавалі на 25 содняў


У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць затрыманую ўчора ў Прылуцкай Слабадзе сям’ю Міхайлавых. Міліцыянты вінавацяць менчукоў у тым, што яны «актыўныя ўдзельнікі флэш-мобу, зарганізаванага на праспекце Пераможцаў», паведамляе Telegram-канал «Вясна» назірае».

Міліцыянты затрымалі ўчора ўдзельнікаў флэш-мобу. Дзяўчаты з бел-чырвона-белымі парасонамі шпацыравалі ў Менску. Сярод арыштаваных – Юлія Міхайлава. Сілавікі ўчынілі ў яе ператрус і схапілі родных. Міліцыянты тлумачаць, што «падчас санкцыянаванага агляду домаўладання [сям’і Міхайлавых] выявілі атрыбутыку, якая асацыюецца з пратэставай».

Юлія распавяла, што пасля затрымання сілавікі на яе крычалі і пагражалі, ціснулі псіхалагічна. Яна шпацыравала па праспекце, але з белым парасонам, нічога не выкрыквала, нічым не махала і нічога не выказвала.

Суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Юліі Міхайлавай 25 содняў арышту. Дзяўчыну судзілі паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Такі тэрмін адміністратыўнага зняволення абумоўлены там, што дзяўчыну затрымалі шосты раз.

Чакаюцца суды над ейным братам Пятром і маці спадарыняю Таццянай. Старэйшую сястру Лілію ўчора вызвалілі, бо мае няпоўнагадовых дзяцей.

Hавiны
Менчука пакаралі 25 соднямі арышту за тое, што ён плюнуў на дзверы суседа-міліцыянта
2021.04.07 16:42

СК belsat.eu

Стужка навінаў