Вядомы спіс прэтэндэнтаў на прэмію Анемпадыстава


Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку абвесціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

На прэмію намінаваліся 28 кніг. У кароткі спіс журы абрала 6 вокладак:

Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў. «Медысонт», 2020. (Менская абласная экспертная камісія ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга змяшчае «прыкметы праяўлення экстрэмізму»).

Кацярына Даманікава, Андрэй Ганчарук – аўтары вокладкі кнігі «Лотас на асфальце», Алесь Плотка. «Люта Справа», 2020.

Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі «Нарысы сучаснага краязнаўства», Збых Слупоўскі. «Галіяфы», 2020.

Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі «Папяросы», Юры Іздрык (пераклад на беларускую – Алесь Плотка). «Галіяфы», 2020.

Алена Дашкевіч – аўтарка вокладкі кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». «Ku Teatrowi» (сувыдавец – «Ekopress»), 2020.

Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі «ROT», Юля Цімафеева. «Янушкевіч», 2020.

Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем: сябры журы ацэньвалі кожную вокладку паводле дзесяцібальнай шкалы, адзнакі сумаваліся.

У складзе сёлетняга журы – літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, дызайнерка Кацярына Пікірэня, мастачка Антаніна Слабодчыкава.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру супольна з Саюзам беларускіх дызайнераў і Лятучым універсітэтам, а таксама польскім партнёрам «H & L» і фондам «Адкрытая культура». Генеральны партнёр прэміі – тэлеканал «Белсат».

Прэмію заснавалі ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома К. Джэрома.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў