У Кіеве прэзентавалі забароненую ў Беларусі кнігу пра Данбас


8 красавіка ў Нацыянальным звязе журналістаў Украіны ў Кіеве прэзентавалі кнігу «Беларускі Данбас» пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны. Яе аўтары – журналісты «Белсату» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева, якую асудзілі ў Менску на два гады за стрым з акцыі пратэсту.

«Belsat TV» з Нацыянальным звязам журналістаў Украіны прэзентаваў кнігу Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Кіеў, Украіна. 8 красавіка 2021 года.
Фота: МС / Белсат

«Я абсалютна перакананы, што на той жорсткі прысуд у дачыненні Кацярыны Андрэевай у тым ліку паўплываў ейны журналісцкі бэкграўнд, шматгадовы досвед працы над тэмаю Данбасу і ўласна напісанне кнігі», – выказаў сваё меркаванне муж і суаўтар кнігі Ігар Ільяш, які браў удзел у прэзентацыі праз відэасувязь з Менску.

У кнізе гаворыцца ў прыватнасці пра ўплыў Беларусі на канфлікт на ўсходзе Украіны, ролю беларускіх спецслужбаў, наймітаў і Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай вайне.

Аўтары надалі ўвагу і беларусам, якія на Данбасе абараняюць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

«Belsat TV» з Нацыянальным звязам журналістаў Украіны прэзентаваў кнігу Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Кіеў, Украіна. 8 красавіка 2021 года.
Фота: МС / Белсат

«Гэта кніга, дзе аўтары імкнуцца аб’ектыўна асвятліць тэму ўдзелу беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны. І, адпаведна, яны паказваюць, што ва Украіне ёсць тыя беларусы, якія падтрымліваюць незалежнасць Украіны. Тут высвятляюцца факты, праходзяць інтэрв’ю і прыводзяцца сведчанні тых беларусаў, якія падтрымліваюць і ваююць на баку самаабвешчаных ЛДНР. І тут устанаўліваецца дачыненне і беларускай улады да падтрымання сепаратыстаў на ўсходзе Украіны», – распавёў старшыня Нацыянальнага звязу журналістаў Сяргей Таміленка.

Паводле Ігара Ільяша, галоўным заданнем пры напісанні кнігі было развейванне міфаў:

«Самы галоўны з іх – гэта міф пра роўнааддалены нейтралітэт рэжыму Лукашэнкі. Мы якраз развейваем гэты міф у сваёй кнізе, мы даказваем, што рэжым Лукашэнкі заставаўся верным саюзнікам пуцінскай Расеі цягам усяго канфлікту і ніякага роўнааддаленага нейтралітэту не было. У рэчаіснасці добраахвотнікі, якія змагаліся за Украіну, у Беларусі пераследаваліся, а баевікоў, якія бралі ўдзел у пуцінскай агрэсіі супраць Украіны, у Беларусі практычна не чапалі».

«Belsat TV» з Нацыянальным звязам журналістаў Украіны прэзентаваў кнігу Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Кіеў, Украіна. 8 красавіка 2021 года.
Фота: МС / Белсат

26 сакавіка суд у Менску прызнаў кнігу «Беларускі Данбас» экстрэмісцкаю.

«Я думаю, што ўлады Беларусі будуць не толькі блакаваць спробы таго, каб кніга трапляла на тэрыторыю Беларусі, мяркую, яны будуць працягваць змагацца з аўтарамі, як гэта жудасна ні гучыць, калі вялікая дзяржаўная машына змагаецца з журналістамі. Пасля таго як арыштавалі Кацярыну, мы пачалі акцыю – продаж электроннай версіі кнігі за адну грыўню. І я бачу геаграфію, яе замаўляюць у розных краінах. Яе замаўляюць у Беларусі, у Еўропе і ў тым ліку ў Расеі», – паведаміў генеральны дырэктар выдавецтва «Фоліо» Аляксандр Красавіцкі.

«Belsat TV» з Нацыянальным звязам журналістаў Украіны прэзентаваў кнігу Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша «Беларускі Данбас». Кіеў, Украіна. 8 красавіка 2021 года.
Фота: МС / Белсат

Паводле Красавіцкага, улетку ў выдавецтве плануюць выдаць кнігу на ўкраінскай мове, а таксама разглядаюць варыянт, каб яе выдалі і па-англійску.

Марына Ступак/АА, belsat.eu

Стужка навінаў