Справа аб масавых беспарадках у Берасці, у якой праходзяць больш за 80 чалавек. Што трэба ведаць?


Судовы канвеер у Доме правасуддзя ў Берасці не спыняецца ні на дзень: паводле крымінальнага артыкулу судзяць за графіці, за ўлёткі, за налепкі, за пудзіла, за каментар – у «пінскай справе», у «карагоднай». А 7 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасця пачаўся ўжо другі працэс аб так званых масавых беспарадках, судзяць адразу 13 чалавек.

За што судзяць?

9–10 жніўня ў Берасці быў адзін з самых масавых пратэстаў у краіне, тысячы людзей выйшлі на цэнтральныя вуліцы гораду, каб абараніць скрадзеныя на выбарах галасы. Сілавікі масава затрымлівалі і збівалі людзей, некаторыя спрабавалі абараніць сябе ды сваіх родных і знаёмых. Цяпер за гэта іх судзяць. Яшчэ ў жніўні была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»), цяпер у Берасці паводле яе праходзяць больш за 80 чалавек. Большасць абвінавачваных застаецца ў СІЗА, некаторыя – з самога жніўня. Пераважная частка фігурантаў справы – моладзь.

Сілавікі да сёння палююць на тых, хто 9–11 жніўня быў на вуліцах Берасця, шмат хто з пратэстоўцаў вымушана з’ехаў за мяжу. Паводле абвінавачання, 10 жніўня 2020 года падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасця – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава – людзі «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. У выніку беспарадкаў адзін міліцыянт атрымаў лёгкае цялеснае пашкоджанне: дзве раны ў вобласці першага пальца правай рукі». У аднаго працаўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагоны. Яшчэ 25 чалавек, паводле следства, атрымалі «пабоі».

Родныя абвінавачваных спрабуюць трапіць на судовае паседжанне.
Фота: Белсат
Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

Якія тэрміны атрымалі першыя асуджаныя ў гэтай справе?

Справу разглядаў суд Маскоўскага раёну Берасця, працэс вяла Вера Філонік, ён цягнуўся з лютага да сакавіка. На суды не пускалі сваякоў, праваабаронцаў, журналістаў, а прадстаўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» канвой збіў проста ў памяшканні суда. Пасля агучвання выраку бацька аднаго з асуджаных заявіў у размове з «Белсатам», што гэта быў не суд, а расправа над дзецьмі. У выніку абвінавачаныя атрымалі такія прысуды:

Цімур Рызапур – 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Ілля Мігно – 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Ягор і Віталь Пракапчукі – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;

Аляксандр Драздоў – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Сяргей Салоха – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Сяргей Крыўчэня – 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Сяргей Гацкевіч (няпоўнагадовы) – 3 гады выхаваўчай калоніі;

Дзяніс Хазей (няпоўнагадовы) – 3 гады выхаваўчай калоніі.

Фота: Белсат

Што гэтым разам?

Цяпер працэс ідзе ў судзе Ленінскага раёну Берасця, справу разглядае Андрэй Грушко.

На лаве падсудных – трынаццаць асобаў: Дзяніс Марусевіч, Уладзімір Рубашэўскі, Данііл Бандарук, Марк Салонікаў, Сімон Канцэвіч, Вячаслаў Касцючык, Максім Зіневіч, Міхаіл Калішчук, Андрэй Грышчук, Віктар Панцялееў, двое няпоўнагадовых – Аляксандр Вінярскі і Эдуард Кудынюк ды адзіная дзяўчына, Віталія Бандарэнка. Большасць з гэтага спісу прызнаныя палітычнымі вязнямі.

18-гадовую Віталію Бандарэнку меліся судзіць у першай дзясятцы, разам з ейным сябрам, 17-гадовым Дзянісам Хазеем, але дзеўчына паспела з’ехаць за мяжу, а потым вярнулася… каб развітацца са сваім каханым, і аказалася ў СІЗА. Пра гісторыю кахання яшчэ аднаго абвінавачанага ў гэтай справе, Віктара Панцялеева, «Белсат» ужо пісаў.

Гісторыі
«Падчас спаткання ў СІЗА Віктар сказаў: выходзь за мяне». Зняволенне вярнула і ўзмацніла каханне
2021.02.14 08:00

На першае судовае паседжанне прыйшлі больш за 80 чалавек, але толькі адзінкі змаглі трапіць у судовую залу. Канвой не пусціў нават бацькоў, хоць некаторыя з іх не бачылі сваіх дзяцей больш за паўгода.

Маці абвінавачанага: Яны проста азлабляюць людзей

26-гадовы спартовец Дзяніс Марусевіч чарговы свой дзень народзінаў сустрэў 26 сакавіка ў СІЗА № 7, дзе яго трымаюць больш за паўгода. 11 верасня Дзяніс пайшоў на допыт у Следчы камітэт і дадому не вярнуўся. Ён майстар спорту па каратэ, рукапашным баі ды вайсковым рукапашным баі, былы сябра нацыянальнай зборнай па каратэ. Да 13 ліпеня 2020 года служыў паводле кантракту ў 38-й Берасцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Але пасля таго як убачыў, што адбываецца ў краіне, звольніўся. Сёння маці Дзяніса зноў не далі пабачыць сына.

Людміла, маці абвінавачанага Дзяніса Марусевіча.
Фота: Белсат

– Працэс, здаецца, адкрыты, але не змог прайсці нават адзін нехта з бацькоў, толькі пяць чалавек прапусцілі. А нашых дзяцей мы не бачылі ўжо сем месяцаў. Ёсць людзі, якія прыехалі з іншых гарадоў, не змаглі трапіць на працэс, даюць спецыяльна маленькую залу. Мы нават не змаглі пабачыць сына, толькі крыху ў шчылінку. Яны азлабляюць людзей, больш нават сказаць няма чаго, толькі злосць. І так людзям цяжка, бацькам цяжка, яны не бачаць сваіх дзяцей, якіх судзяць ні за што. Мала таго, што даюць тэрміны, дык яшчэ не даюць трапіць на працэс, – кажа ў размове з «Белсатам» маці Дзяніса, Людміла Марусевіч.

Бацька абвінавачанага: Што нельга хадзіць на мірны мітынг, сын даведаўся толькі ў СІЗА

Віктару Бандаруку пашанцавала больш: ён здолеў пабачыць свайго старэйшага сына. У іхнай сям’і – васьмёра дзяцей, апошні раз яны сустракаліся ў жніўні. У гэтым працэсе ў Віктара судзяць адразу дваіх: акрамя сына, яшчэ і пляменніка Марка. Хлопцаў затрымалі 22 жніўня ў Менску, проста на працоўным месцы. Дарогаю ў Берасце іх збівалі, з таго часу яны ў СІЗА.

– Данііл – старэйшы сын у нашай шматдзетнай сям’і, ён заўсёды ўсім дапамагаў, вельмі добры чалавек. Дзе б ён ні быў, у яго заўсёды былі толькі станоўчыя характарыстыкі. Марк – наш стрыечны брат, таксама з шматдзетнай сям’і з Магілёва, вельмі здольны, музычны. Як і Данііл, граў на піяніна, – апавядае спадар Віктар.

Тое, што адбываецца з ягонымі сваякамі ды іншымі людзьмі, якія цяпер у СІЗА, Віктар Бандарэнка лічыць несправядлівасцю:

– Людзі першы раз трапілі ў такую сітуацыю, і адразу такія тэрміны, ніякіх шанцаў. Усе ведаюць, што за распаўсюд наркотыкаў даюць вялікія тэрміны, але каб за мірны мітынг? Ніхто пра гэта не ведаў. Нашыя дзеці пра гэта даведаліся, калі трапілі ў СІЗА.

Праваабаронца: На суды не пускаюць, каб дэталі справаў не траплялі ў СМІ з не выгаднага ўладам боку

Праваабаронца Раман Кісляк прызнае, што на палітычныя працэсы цяпер трапіць вельмі складана:

– Суды мусяць арганізаваць адкрыты судовы працэс, на які мусіць трапіць публіка. Але ўвесь час мы сутыкаемся з тымі фактамі, што на суды не пускаюць людзей. Мы патрабуем рэальна адкрытых судовых працэсаў, але пакуль сваякоў, праваабаронцаў, журналістаў не пускаюць у суды, каб яны не маніторылі, як праходзяць судовыя справы, і каб акалічнасці гэтых справаў не траплялі ў СМІ з не выгаднага ўладам боку.

Праваабаронца Раман Кісляк.
Фота: Белсат

Праваабаронца тлумачыць, чаму менавіта ў Берасці так шмат судоў.

– Відавочна, што ўлады максімальна выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб пасадзіць усіх, хто выступае супраць іх. Гэта праца дзеля запалохвання насельніцтва, каб не пратэставалі, не супраціўляліся ўладам і гэтай сваволі, што чыняць праваахоўныя органы. Заўважу, што ў Берасці былі адны з самых моцных пратэстаў, таму ўлады бачаць у гэтым пагрозу. Яны максімальна вызначаюць тых людзей, якія прысутнічалі на масавых акцыях, і прыцягваюць іх у розных справах, ад «карагоднай справы» да справы аб так званых масавых беспарадках, – кажа Раман Кісляк.

АС, Белсат

Стужка навінаў