Праваабаронцы: Драздоўскага і Граблеўскага затрымалі фактычна за супрацу з ААН


Два месяцы таму дырэктара Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага абвінавацілі ў махлярстве (артыкул 209 Крымінальнага кодэксу). Праваабаронцу Драздоўскага, які мае першую групу інваліднасці і перасоўваецца на інвалідным вазку, пасадзілі пад хатні арышт без права камунікацыі, а Граблеўскага змясцілі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Нядаўна следчыя працягнулі ім меры стрымання яшчэ на 2 месяцы, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сяргей Драздоўскі.
Фота: ІА / Белсат

Палітычных вязняў Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага вінавацяць паводле арт. 209 КК («Махлярства»). Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю паведаміў, што распачаў правяранне ў дачыненні службовых асобаў Офісу правоў людзей з інваліднасцю ў пытаннях «магчымага неправамернага завалодання грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі дзеля аказання дапамогі грамадзянам з інваліднасцю».

Hавiны
У Офісе правоў людзей з інваліднасцю ўчынілі ператрус. Юрыста затрымалі, дырэктар – пад хатнім арыштам
2021.02.04 08:23

Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі («Lawtrend») Вольга Смалянка кажа, што, ціск з боку ўладаў на прадстаўнікоў Офісу правоў людзей з інваліднасцю быў і раней:

«Насамрэч прагназаваць, чаму пераслед пачаўся менавіта ў дачыненні гэтай арганізацыі, даволі складана. Апошнім часам мы бачым вельмі шмат фактаў ціску і крымінальнага пераследу ў дачыненні беларускіх праваабаронцаў: гэта і сябры ПЦ «Вясна», і грамадскага аб’яднання «Звяно», і БАЖ. Але тое, што гэта быў запланаваны пераслед лідараў менавіта офісу, зразумець нескладана. Нават самое правяранне пачалося ў іх вельмі дзіўна. На маёй памяці, гэта адзіны выпадак, калі мы даведаліся аб правяранні ў сваіх калегаў не ад самых калегаў або іхных адвакатаў ці хаця б са СМІ, а з сайту Камітэту дзяржаўнага кантролю».

Марш людзей з абмежаванаю мабільнасцю. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

21 студзеня сілавікі зладзілі ператрус у памяшканні офісу, а таксама ўдома ў дырэктара і бухгалтаркі арганізацыі. Дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага даставілі на допыт у ДФР. 2 лютага іх выклікалі паўторна, а на наступны дзень затрымалі.

Прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, міжнародных праваабарончых арганізацыяў і спецыяльных працэдураў ААН звязваюць затрыманне работнікаў офісу выключна з іхнаю прафесійнаю дзейнасцю ў абароне правоў чалавека, у прыватнасці – аказанні бязвыплатнай прававой дапамогі людзям з інваліднасцю.

«Унікальнасць іхнай сітуацыі складаецца яшчэ ў тым, што фактычна яны былі затрыманыя за супрацу з ААН. Наколькі нам вядома, у межах гэтай справы некалькі працаўнікоў ААН таксама былі затрыманыя і дапытаныя. Як напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Сяргей Драздоўскі, падставаю для іхнага пераследу сталася «рэкамендацыя некалькім пацярпелым з інваліднасцю і без звярнуцца па дапамогу да адвакатаў».

Пры гэтым такая дзейнасць ажыццяўлялася офісам у межах супольнай ініцыятывы з ААН у Беларусі для дапамогі людзям з інваліднасцю і іншым уразлівым групам насельніцтва. Важна адзначыць, што ні Алег, ні Сяргей ніякіх сродкаў ад ААН на адвакацкія паслугі не атрымлівалі. Паўстае заканамернае пытанне, адкуль тады тут махлярства або прысваенне грашовых сродкаў. Адказ на які, па-мойму, відавочны».

Hавiны
Драздоўскі: «Мне доўга тлумачылі, што я злачынец і што пытанне з турмой амаль вырашанае»
2021.02.03 11:06

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў